Каны. Красавік 1947 года. Мне дваццаць чатыры гады. Знаёмствы, мноства знаёмстваў. Горад кішэў ад былых салдат, якія, паразважаўшы, зрабілі тое ж, што і я. Былі там і дзяўчаты — францужанкі, англічанкі і нават амерыканкі. Што ж датычыцца людзей сталага ўзросту, дык іх было мала. Яны дабіралі тое, чаго ў свой час не хапіла ў жыцці. Але калі старыя, тыя, хто мог сабе гэта дазволіць, прыехалі, каб адагрэць на сонцы састарэлыя косці і змораныя душы, моладзь, не зважаючы на тое, магла яна сабе дазволіць такую раскошу ці не, прыязджала ў пошуках радасці, якую ў яе ў свой час адабралі падманам. «Раскоша» была не такая ўжо недасягальная. Прыгожы прыморскі праспект — Бульвар Круазет — амаль цалкам аднавіў свой даваенны шык, але, на жаль, пакуль што не даваенныя цэны.
Зразумела, назбіралася ў Канах і мноства «п'явак»: ігракоў, махляроў, сутэнёраў, пачынаючых мафіёзі і звычайных аферыстаў — яны таксама ў гады пературбацый былі пазбаўлены магчымасці даць волю сваім схільнасцям, трымацца выбранага аднойчы шляху жыцця. І вось яны кінуліся, як гэта заўсёды робяць людзі такога гатунку, туды, дзе жывецца проста, вольна, у лёгкай эйфарыі, ад якой да неабачлівасці — усяго адзін крок.
Спачатку была Ірэн. Яна была сама асалода. Потым былі тры іншыя — я ўжо не памятаю іх імёнаў, — усе яны былі для мяне асалода. На іх месцы з'явілася Валеры — англічанка, хоць у яе было такое імя. Валеры спецыялізавалася на тым, што проста ляжала на пляжы. З яе фігурай гэтага было дастаткова.
І вось з'явілася Эн.
За пятнаццаць год не было такога тыдня, каб я не ўспомніў пра Эн.
Цяпер я жанаты мужчына. Маю двух сыноў, добрых хлопцаў. Жонка — мілая, чароўная жанчына, якую я люблю амаль усёй душой. Частка душы назаўсёды засталася з Эн. Усе пятнаццаць год я ўспамінаў пра яе, і сэрца маё млела, а першыя гады было яшчэ горш — я нават плакаў. Ростам я за метр дзевяноста, дзякуючы перабітаму носу выгляд у мяне нават крыху пагражальны, мне даўно пайшоў трэці дзесятак, а я палову начэй абліваўся слязьмі.
Спадзяюся, вы прабачыце некаторыя сантыменты — ніяк не магу суладаць з пачуццямі, што ахапілі мяне. Справа ў тым, што толькі паўтор параджае стэрэатыпы, а паўтараюцца толькі глыбокія ісціны. Як і Ўіт'ер[33], я хацеў бы сказаць, што ў высновах майго жалю былі тыя самыя сумныя словы: «Гэта магло б адбыцца».
Быў час, ведаеце, калі я пачынаў думаць пра жаніцьбу з Эн, аднак не фарсіраваў гэтай справы. Я знаходзіў сабе дзесятак апраўданняў — свой малады ўзрост, неабходнасць закончыць каледж, фінансавае становішча, атмасферу тых гадоў, — але ўсе гэтыя апраўданні так і не прынеслі суцяшэння. Увесь час я адчуваў, што не толькі не змог авалодаць асаладой сваёй душы, але праз свой эгаізм аказаўся вінаватым, што ўзніклі прычыны для яе гібелі. Для забойства...
Эн занесла ў горад чарговая хваля студэнтаў-медыкаў — як амерыканцаў, так і французаў — з Сарбоны. Кампанія, з якой яна вандравала, была размаістая, схільная да ўсялякіх розыгрышаў і нават крыху істэрычная; наколькі я разумею, студэнты-медыкі часта бываюць менавіта такімі, а ў 1947 годзе ўсе іх звычайныя схільнасці былі яшчэ больш выразныя.
Эн ні ў якай меры не нагадвала сваіх спадарожнікаў. Яна сядзела ў баку ад натоўпу — стройная дзяўчына, на выгляд — амерыканка. У яе была вельмі танклявая фігура, далікатныя формы эфектна прыкрываў незвычайны купальнік — срэбныя ніткі па ярка-зялёным полі. Тады яшчэ амаль не чулі, каб вось з такіх парчовых тканін шылі купальнікі. На яе твары лунала ледзь прыкметная ўсмешка — размова вакол не заслугоўвала большага. Хлопцы абмяркоўвалі, на каго пасадзіць труп. Я вырашыў рызыкнуць.
— Яны што, з імі ездзяць?
— З кім?
— З трупамі.
— Гэта неабходны аксесуар іх жыцця.
— Але... — і тут я зразумеў, што яна мела на ўвазе не прафесіянальнае жыццё, а іх маладосць.
— Вы не іх кола? — спытаў я.
Яна адмоўна пахітала галавой, прамыя валасы, вельмі проста падстрыжаныя, веерам разляцеліся ў сонечных промнях.
— Я каля іх, — адказала яна, — а маё кола — гэта, свет добрага старога вольнага мастацтва.
— Але тады чаму вы каля іх?
— Мне яны падабаюцца. Акрамя таго, можа, у мяне таксама ёсць якая-небудзь паталогія?
— Не паверу. Што з'яўляецца аб'ектам вашых пошукаў? — Тут я павінен растлумачыць, што гэта просталінейнае і ў той жа час пытальнае звяртанне да суразмоўцы было маёй манерай у 1947 годзе. У мяне склалася ўражанне, што яно інтрыгавала дзяўчат. У той час мне бракавала сталасці, каб зразумець, што пытанні, якія датычацца асабіста суразмоўцы, інтрыгуюць і дзяўчат, і хлопцаў, і мужчын, і жанчын, і старых. А я думаў, што знайшоў новы рэцэпт.