Аднак у выпадку з Эн гатовыя рэцэпты не падыходзілі. Праўда — вось што было ў выснове яе ўвагі да мяне. Дзякуючы майму пытанню яна ўпершыню засяродзіла на маёй асобе надзіва праніклівы позірк сваіх вачэй. Яны былі вялікія, ясныя, з маленькімі зрэнкамі. Вочы былі адзінай яе красой, але яе прывабнасць, заснаваную на кантрасце светлага і цёмнага, яшчэ больш падкрэсліваў загар, а таксама тое, што невыразныя рысы змаглі змясціцца на худзенькім тварыку з крыху завостраным падбародкам.
— Я шукаю мужа.
Такі адказ асадзіў мяне назад — як псіхічна, так, відаць, і фізічна.
— Гэта нязвыкла? — спытала яна з ледзь прыкметнай усмешкай.
— Ну, не. Я мяркую, што не. Але...
— Нязвыкла гаварыць праўду?
— Ну, так. Я мяркую, што так.
— Вось у гэтым якраз і розніца паміж намі, — сказала яна. — Вы мяркуеце пра некаторыя рэчы, а я іх ведаю.
У словах Эн гучаў рэалізм і не адчувалася паблажлівасці. Яна ўстала вельмі грацыёзна, прычым без штучных намаганняў ці какецтва.
— Прабачце, — сказала яна і пайшла да кампаніі будучых медыкаў.
Праз некалькі дзён я зноў нечакана сустрэўся з Эн. У вадзе. Гэта здарылася звычайнай раніцай а палове сёмай на Блакітным беразе, калі там чыстае неба, цёплае паветра, не вельмі цёплая вада і амаль пусты пляж. Цудоўны час, каб паплаваць.
Шалёна махаючы рукамі, паказваючы тым самым калі не ўменне, дык фасоністасць у плаванні аўстралійскім кролем, я нарабіў вакол сябе столькі пены і шуму, што не заўважаў нічога навокал, нават Эн, якая аказалася зусім блізка, пакуль яна не крыкнула:
— Прывітанне!
Эн была за паўтара метра ад мяне, уся мокрая. Ну, канечне, яна наскрозь прамокла, падумаў я сам сабе і зразумеў, што такое ўражанне ўзнікла таму, што на ёй не было купальнай шапачкі. Гэты раз яна была не такая прывабная — падобная больш на мокрую мыш. Але вочы здаваліся яшчэ большымі на маленькім і вузкім тварыку.
— Прывітанне, — адгукнуўся я і перастаў малаціць рукамі і нагамі па вадзе.
— Вы, відаць, плаваеце? — Гэта быў не камплімент, а пытанне, шчыра зададзенае.
Гэта шчырасць прымусіла і мяне быць сумленным.
— Не зусім, — прызнаўся я. — Спускаю пару — да буя і назад — амаль толькі на гэта мяне і хапае. — Я паволі перабіраў рукамі ваду, цяжка дыхаючы, дзівячыся сваім паводзінам.
— Вось як.
Можа, мой адказ яе расчараваў? Што, калі ў яе вачах я быў героем тыпу Апалона? Я скарыстаў свой рэцэпт і хуценька памяняў напрамак гутаркі.
— Ну, а вы? Нешта не відаць, каб вы вельмі стаміліся, а адплылі мы даволі далёка.
— Ну, я наогул не плаваю. Калі сказаць, што зусім, дык не. Умею неяк трымацца на вадзе, крыху плаваю на баку. Магу даплыць куды захачу, але на гэта часам патрэбна цэлая вечнасць.
— Ну, што ж, давайце працягнем нашу гутарку і пагаворым пра вечнасць, — напорыстасці ў мяне тады хапала.
Калі яна выйшла з вады, зноў кінуўся ў вочы бліскучы зялёна-срэбны купальнік. (Пазней я зразумеў, што ён у яе быў адзіны.) Намоклая тканіна блішчэла яшчэ больш.
— А ваш купальнік нішто сабе, — заўважыў я.
У адказ не пачулася рознай лухты накшталт таго, што «гэта ўсё старое і вынашанае».
— Ён і павінен быць нішто сабе. Яго саткалі мне на замову. Дзеля яго я практычна паўгода эканоміла на адзенні.
— Ён прыгожы, але...
— Але што?
— Неяк, здаецца, гэта не ваш стыль.
Яна засмяялася.
Калі я таго ж дня запрасіў Эн павячэраць, яна спытала:
— Вы прапаноўваеце павячэраць разам ці запрашаеце павячэраць з вамі?
Я папярхнуўся і адказаў нязвыкла па-даросламу:
— Разам, як культурныя людзі.
— А, — сказала яна з той жа ледзь прыкметнай сумнай усмешкай. — Не забывайце, што я вандрую са студэнтамі-медыкамі. Калі б у іх і былі грошы, яны ўсё роўна не вельмі схільныя на выдаткі. А ў іх грошай няма, так што пытання не ўзнікае. Тым не менш прабачце.
Эн, апранутая ў сукенку «на выхад», выглядала вельмі прыгожа. Яна была падобная на сапраўдную даму. Я перастараўся, выбіраючы рэстаран. Тыя тры месяцы я не мог дазволіць сабе часта хадзіць у рэстаран, але калі шыкануць адзін раз, дык гэта не павінна спустошыць бюджэт, разлічаны на дзевяноста дзён, думаў я... пакуль не ўбачыў рахунку.
Потым, стараючыся надаць твару абыякавы выгляд і ўсё ж не вельмі весела, палез за партаманетам.
Эн не манерылася наконт рахунку. Яна, вядома ж, ніколі не манерылася. Уважліва паглядзеўшы на лічбу ў рахунку, які ляжаў да яе дагары, спытала:
— Ты багаты?
— Не.