Аднак Лінда знайшла здабычу Джэкі раней, чым я ўзгадаў аб сваім намеры. Калі аднойчы раніцай я заходзіў у свой кабінет, яна стаяла ў прыёмнай, заглядаючы здзіўлена ў пакет.
— Доктар, што, напрамілы Бог, гэта за рэчы?
Я растлумачыў, паведаміўшы тое-сёе пра пацыента, але, зразумела, не называючы яго імя. Яна засмяялася.
— Ну, ці не бязглуздзіца гэта? Красці такое!
— Для вас, можа, і так, — сказаў я крыху раздражнёна. — Але магу вас запэўніць, што ў яго гэта сур'ёзна і тут не да жартаў. Недзе ў ім, як у асобе, утварылася глыбокая і жахлівая расколіна.
Джэкі ніколі больш не ўзгадваў пра станікі, і, як я мог меркаваць, крадзяжы спыніліся. Ён з гонарам гаварыў аб выніках вынайдзенага ім самакантролю, але мне здавалася, што яго проста зацікавілі іншыя, больш злавесныя сферы. Хоць Джэкі па-ранейшаму адмаўляўся запоўніць інфармацыяй белую пляму ў яго жыцці працягласцю ў сем год, ён нечакана пачаў даволі шматслоўна расказваць пра жанчын, якіх ён ведае ці калісьці ведаў. Усе яны, паводле яго слоў, лезлі са скуры, каб звярнуць на сябе яго ўвагу.
Нарэшце, калі яго гісторыі пачалі рабіцца яшчэ больш шматслоўнымі, а раманы — паўтарацца, я выказаў думку, што ён, відаць, захапіўся фантазіямі.
Джэкі ад душы рассмяяўся.
— Я ж вам казаў, што вы мне зайздросціце. Толькі таму, што я атрымаў усё, што можна ўзяць ад жыцця. Вось, мяркуецца, што вы павінны мяне лячыць, а вы нават не заўважаеце, наколькі сумны вы чалавек.
— Вы можаце не паверыць, — сказаў я спакойна, — але калісьці я таксама быў малады.
— Магу паспрачацца, што не зусім так. Гатоў біцца аб заклад, што вы заўсёды сядзелі, уткнуўшы нос у якую-небудзь кнігу. Я не такі. Вось яшчэ да таго, як скончыў каледж... — І зноў пачалося апісанне са смакам эратычнай і, відаць, прыдуманай прыгоды. З другога боку, можна было пагадзіцца з думкай, што Джэкі казаў праўду, бо быў ён і прыгожы, і дастаткова напорысты. Мяне заўсёды тачыла сумненне, калі я спрабаваў вызначыць, хто такі быў сапраўдны Джэкі.
Сярод патоку амурных успамінаў нярэдка здараліся моманты, калі ўдавалася даведацца, чым займаецца Джэкі цяпер. Мне стала вядома, што ён купіў бінокль і бавіў шмат часу ў вялікім парку побач з маім кабінетам. Ён сачыў за людзьмі — ці, як ён сказаў, «вывучаў іх».
— Нічога дрэннага тут няма, — сказаў Джэкі, калі я спытаўся ў яго пра гэта. — Я раблюся больш адкрытым. Мушу жыць на свеце з такімі ж чалавечымі стварэннямі, як сам, і таму павінен пазнаёміцца з імі. — Ён раптам крыва ўсміхнуўся. — Пазаўчора я назіраў за вашай Ліндай, калі яна сядзела на траве з папяровым пакетам і палуднавала. Думаю, што яна спецыяльна выставіла ногі, каб яны загарэлі. Вас, відаць, падбадзёрвае прысутнасць у кабінеце на працягу цэлага дня стварэння з такой вось фігуркай?
Разумеючы, што гэта быў не вельмі ўдалы прыём тэрапіі, я тым не менш быў вымушаны сурова заўважыць.
— Лінда — вельмі прыстойная дзяўчына і шчаслівая ў замужжы. Таму вам лепш не думаць пра яе.
У адказ Джэкі толькі самаздаволена ўсміхнуўся. Знаходзячыся ва ўзбуджаным стане, ён імкнуўся прымусіць мяне перайсці да абароны, каб у нашых адносінах мы памяняліся ролямі. Але ён вельмі абурыўся, калі я прапанаваў аддаць мне бінокль, і наадрэз адмовіўся зрабіць гэта. І ўсё ж, хоць я больш не настойваў, калі прыём скончыўся, выявілася, што ён пакінуў бінокль на маім стале. Я схаваў яго побач з крадзенай бялізнай у шафе для дакумантаў.
На працягу наступных некалькіх тыдняў калекцыя паступова павялічвалася. Дэталёвыя чарцяжы і планы будынкаў, карты і распісаныя на паперы планы розных авантур, якія ён меркаваў здзейсніць. Большасць іх уяўлялі сабой юнацкія фантазіі, аднак мяне турбаваў матыў агрэсіўнасці, які ўвесь час паўтараўся. Але якімі б вычварнымі гэтыя планы ні былі, усе яны ўяўлялі сабой сурагаты сексу — як і ўсе яго дзеянні ў той час, — і таму я зразумеў, што маю справу з праблемай, якая рабілася ўсё больш складанай — вызначэннем таго, што Джэкі зрабіў на самай справе і што ён здзейсніў толькі на словах.
Спярша ён нагадаў у час размовы, што ў некалькіх месцах разбіў вокны. Потым пералічыў пустыя дамы, што будаваліся ў новым раёне, якія ён паспеў наведаць. Пасля гэтага пачаў расказваць, як урываўся ў памяшканні, дзе ўжо жылі людзі, у асноўным у кватэры ў цэнтры горада, населеныя адзінокімі жанчынамі. Гэтыя процізаконныя дзеянні адбываліся на досвітку. Джэкі, паводле яго слоў, заходзіў паціху ў спальню і назіраў некаторы час за спячай жанчынай, а потым крадком, так і не пабудзіўшы яе, выходзіў з кватэры.
— Няўжо вы не баіцёся, што вас могуць злавіць? — спытаў я яго.