Выбрать главу

— Ты занадта хвалюешся, — сказаў Чэпі.

— Мне проста не падабаюцца такія справы. Мы б і ў гэтую справу не ўлезлі б, калі б гэты хвалько Бродэрык , не дзейнічаў так на нервы. Ну, ці не праўда?

— Што праўда — то праўда.

— Ведаеш, — Дэл сур'ёзна паківаў галавой, — сёння ўсё пайшло неяк не так. Я маю на ўвазе тое, што там, у Пам-Біч, яны сказалі, што паедзем разам, і падкінулі нас да самага Фрыпорта. Там, фактычна, у мяне і склалася першае ўражанне.

— Адзіны спосаб даведацца больш пра чалавека — гэта сумесна пажыць з ім, — адгукнуўся Чэпі.

Яны набліжаліся да берага. На хвалях, па якіх імчала лодка, з'яўлялася ўсё больш грабянёў, якія разбіваліся аб паласу бруднага на выгляд пяску перад гатэлем. Сярод набягаючых хваляў стаяла некалькі чалавек. Адзін з іх, прыклаўшы да вачэй далонь, паглядзеў у бок шлюпкі. Дэл павярнуў нос лодкі ў адваротны бок — у напрамку мора — і заглушыў матор. Потым ён устаў, каб паглядзець, колькі засталося да берага.

— Можа, метраў трыццаць, — сказаў ён. — Запомні месца — там, дзе нізкі адхон.

— Ты таксама не забудзь, — сказаў Чэпі. Ён пералез цераз борт, нырнуў у ваду, потым выплыў, адкідаючы з вачэй валасы. — Паводзь сябе так, каб не падумалі, што ты некага чакаеш. Быццам проста катаешся. Калі вернешся, зрабі выгляд, што заглух рухавік.

Ён нырнуў глыбока пад лодку, энергічна паплыў наперад, і калі, апынуўшыся на грэбні хвалі, азірнуўся, то ўбачыў, што шлюпка адплывае ў паўночным кірунку. Чэпі лёг на набегшую хвалю, і тая пранесла яго амаль палову адлегласці, што заставалася да пляжа. Калі ён стаў на ногі, аказалася, што вада дастае толькі да жывата. Але адразу ж страціў раўнавагу, збіты з ног новай хваляй. Падаючы, Чэпі адчуў, што цэлафанавы пакет з нажом слізгае па назе. Ён паспрабаваў затрымаць яго, але не змог, схапіўшы замест нажа жмут тонкіх, забруджаных нафтай водарасцяў. Ён адхінуў іх убок. Потым убачыў, што пакет ужо паспеў раскруціцца, нож выпаў адтуль і ляжыць на беразе якраз там, куды даляталі хвалі. Відаць, тыя, хто плаваў побач, не звярнулі асаблівай увагі на Чэпі, які кінуўся да пакета, выліў адтуль ваду, як мага тужэй закруціў у ім нож і засунуў скрутак, як і раней, за пояс плавак.

Ён спыніўся на некалькі секунд, стоячы тварам да мора. «Бялінда ІІ», якая была падобна адсюль на белую плямку, трапіўшы ў Гальфстрым, хутка памяншалася ў памеры.

Верталётаў не было відаць. Ніхто навокал не звярнуў увагі на тое, што адбываецца, і не зацікавіўся ні кацерам, ні шлюпкай, ні пасажырам, які прыплыў на ёй.

Чэпі павярнуўся і пакрочыў цераз пляж да агароджанай тэрасы гатэля. Да тэрасы, прызначанай для сонечных ваннаў, вялі бетонныя прыступкі. Уверсе шырокай лесвіцы, перакрыжаваўшы рукі на грудзях і не зводзячы вачэй з пляжа, стаяў выратавальнік у белых майтках і майцы з назвай гатэля. Ён перавёў вочы на Чэпі, калі той праходзіў побач, але, слізгануўшы па ім позіркам, зноў утаропіўся на пляж.

Большая частка тэрасы была застаўлена роўнымі шэрагамі шэзлонгаў. Астатнюю прастору займаў вялікі плавальны басейн, яго глыбейшая частка выходзіла да мора, а больш плыткая — да ўвахода з тыльнага боку гатэля. Многія шэзлонгі былі заняты, а ў басейне не было амаль нікога.

Чэпі нетаропкім крокам накіраваўся да басейна і ўжо ступіў на край.

— Гэй, ты.

Чэпі застыў на месцы. Ён зірнуў цераз плячо і ўбачыў, што той, хто быў на яго думку выратавальнікам, набліжаецца да басейна, паказваючы пальцам у яго бок.

— Ты што робіш? — сказаў выратавальнік і паказаў пальцам на ногі Чэпі. — Цягаеш пясок з пляжа. Хіба сэр не ведае, што перад басейнам трэба схадзіць пад душ, — ён кіўнуў у бок збудавання, падобнага на тэлефонную будку з брызентавымі сценкамі. — Душавая вунь там.

Чэпі паволі перавёў дых. Трымаючы вялікі палец за поясам і прыкрываючы рукой тое месца, дзе пад плаўкамі вылучаўся нож, ён пакрочыў да душавой, зайшоў унутр і, набраўшыся смеласці, стаў пад струмень халоднай вады.

Калі Чэпі выходзіў з душавой, выратавальнік кіўнуў яму і ўсміхнуўся, і ён у адказ таксама кіўнуў і ўсміхнуўся. Потым спачатку апусціў у басейн ногі, прыціскаючы руку да пояса, і толькі тады перайшоў на звыклы стыль плавання. Праплыўшы амаль увесь басейн пад вадой, ён вынырнуў у тым канцы, дзе было плытка. Да ўвахода ў гатэль заставалася ўсяго некалькі крокаў. Ён прайшоў праз дзверы і апынуўся ў галерэі — з аднаго боку была кавярня, а з другога — сувенірная крама. Пасля сляпучага сонца галерэя здалася халодным, сырым і цёмным склепам, але, мінуўшы кавярню, ён паспеў прызвычаіцца да штучнага асвятлення. На наступных дзвярах, адразу пасля кавярні, быў надпіс: «Саўна для мужчын», і праз іх туды ўвесь час заходзілі і выходзілі людзі.