Чэпі прайшоў праз дзверы і апынуўся ў шырокім доўгім калідоры, ад якога па баках пачыналіся больш вузкія праходы. Тут было горача і цяжка дыхалася, і чым далей ён ішоў, лічачы колькасць паваротаў, тым паветра рабілася ўсё больш гарачым і вільготным, а калі звярнуў убок, апынуўся ў чацвёртым калідоры злева, дзе адчуў непрыемны пах поту. Сцены ў гэтым адсеку былі абкладзены белай кафельнай пліткай, а на дзвярах прымацаваны шыльды: «Парыльня», «Сухая пара», «Душавая», «Абслугоўваючы персанал», «Паслугі». Дзверы ў пакой для паслуг заставаліся шырока адчыненымі дзякуючы гумаваму фіксатару. Праходзячы каля яго, Чэпі заўважыў там паліцы з ручнікамі і прасцінамі. У куце нехта, амаль нябачны з дзвярэй, браў з паліцы ручнікі.
Дайшоўшы да канца калідора, Чэпі абапёрся аб сцяну і нахіліўся, нібыта разглядаючы костачку, а на самай справе скіраваў позірк у бок адчыненых дзвярэй пакоя для паслуг. Адтуль выйшаў юнак у сандалях і плаўках, несучы пад пахай стос ручнікоў. Як толькі ён знік з вачэй, павярнуўшы за рог, Чэпі зайшоў у пакой і ўзяў там бярэма ручнікоў. Ён панёс іх назад у канец калідора, які ўпіраўся ў кароткі праход і быў падобны на верхнюю частку літары «Т».
Дзверы ў гэтым праходзе былі пранумараваны. Чэпі асцярожна, усяго на некалькі сантыметраў, прачыніў дзверы пад нумарам адзін і зазірнуў усярэдзіну. За дзвярамі быў маленькі пакойчык без акон, з абстаноўкі — толькі стол для масажу ды на сцяне паліца з бутэлькамі і флаконамі. На стале ляжаў мажны мужчына з фігурай рэгбіста, якому масажыст рабіў масаж.
Чэпі пакінуў дзверы прачыненымі і зазірнуў у наступны пакой. Там было пуста. А ў трэцім пакоі нехта быў. На масажным стале пад яркім святлом кварцавай лямпы ляжаў на спіне голы мужчына ў цёмных акулярах з цыгарай у зубах. Мужчына быў сівы, хударлявы, увесь у маршчынах і настолькі загарэлы, што скура здавалася дубленай. У святле, якое падала ад лямпы, выразна была відаць непрыемнага колеру татуіроўка на высахлай руцэ. Скручаная грымучая змяя, а вакол яе словы тоўстымі друкаванымі літарамі: «Не наступай на мяне».
Чэпі азірнуўся цераз плячо. Нікога з персаналу паблізу не было, непадалёк хадзілі толькі кліенты ў шлёпанцах з накінутымі на голае цела прасцінамі. Ён зручней абхапіў стос ручнікоў і зайшоў у пакой. Там было поўна дыму ад сігары і даволі горача, таму ён паспеў спацець, пакуль ціхенька зачыняў за сабой дзверы. Ён адчуў, як кроплі поту пакаціліся па лбе і грудзях.
Мужчына пачуў, як шчоўкнуў замок.
— Бені? — спытаў ён, застаючыся ляжаць нерухома.
— Не, сэр, — адказаў Чэпі. Ён накіраваўся да стала. — Але ён паслаў мяне праверыць.
— Праверыць? — перапытаў мужчына. — Якога чорта ён сабе думае, абслугоўвае каго папала ды яшчэ з выглядам нібыта ласку робіць?
— Не, сэр. Але ён сказаў, што вам трэба менш цяпла спераду і больш спіне.
Калі ён ішоў па пакоі, ад удара нагі адляцела ўбок нешта такое, што ляжала побач са сталом. Гэта была пластмасавая попельніца з попелам ад сігары. Вакол на падлозе таксама было панасыпана попелу. Чэпі склаў ручнікі стосам у ніжняй частцы стала і падабраў попельніцу. Калі ён гэта рабіў, нож балюча ўпіраўся ў пахвіну. Са словамі «калі вы не супраць, сэр» ён выцягнуў сігару з зубоў мужчыны і паклаў яе на попельніцу. Потым паставіў попельніцу назад на падлогу і засунуў далёка пад стол.
Шкло акуляраў было настолькі цёмнае, што, калі Чэпі нахіліўся над мужчынам, ён не мог разгледзець яго вочы. Галава чалавека ляжала на скручаным ручніку. Чэпі прыўзняў галаву роўна настолькі, каб выцягнуць ручнік, намоклы ад поту. Ён кінуў яго на падлогу і асцярожна апусціў галаву на месца.
— Вам дапамагчы перавярнуцца, сэр?
— Ты, хлопча, відаць, тут навічок.
— Так, сэр.
— Я так і думаў. Ну, што ж, калі ведаеш, як трэба зрабіць паслугу, то дапамажы перавярнуцца як мага лаўчэй і асцеражней, каб я не адчуў болю. Пракляты бурсіт мяне даканае. Так што лаўчэй і асцеражней.
— Так, сэр, — адказаў Чэпі.
Калі Чэпі варочаў мужчыну, той крактаў і стагнаў.
— Якому чорту ты беражэш гэтыя ручнікі? Гэта не стол — а нейкая пральная дошка.
— Так, сэр, — сказаў Чэпі.
Ён узяў са стоса ручнік, склаў яго і палажыў на стол. Мужчына паклаў на яго галаву.
— Ну, добра, — сказаў ён, — а зараз можаш ісці.
Чэпі зірнуў на зачыненыя дзверы. Потым ён падышоў на дыбачках, нібы тарэадор, які цэліцца ў быка сваёй пікай, узняўшы рукі і адставіўшы левы локаць, як бы папярэджваючы нападзенне. Правая рука мільганула ў паветры, і ён спрактыкавана, з усяе моцы, нібы сякерай ударыў краем далоні па патыліцы старога. Здубянелае тулава канвульсіўна тузанулася, ногі ад каленяў таргануліся ўгору, потым зваліліся на стол, і адна з іх закалацілася. Чэпі зноў стаў на дыбачкі і ўдарыў яшчэ раз. Нага перастала калаціцца. Цела абмякла, здавалася, на стале ляжыць куча цеста. Жылаватая рука са скурчанымі пальцамі саслізнула з паверхні стала і заматлялася ўнізе.