Чэпі выцягнуў з-за пояса цэлафанавы пакет, дастаў адтуль нож, адкрыў лязо. Ён сцягнуў цёмныя акуляры высока на лоб чалавека, каб яны яму не перашкаджалі, і потым адным ударам нажа адсек вуха. Кроў не палілася цурком, толькі пацякла кволым струменьчыкам па самой ране. Чэпі таропка абцёр лязо нажа чыстым ручніком і паклаў вуха ў пакет.
Выходзячы з галерэі на яркае святло, ён аслеп ад сонца і, накіроўваючыся да басейна, ледзь не збіў з ног пару. Ён хутка паплыў да глыбейшага канца, стараючыся трымацца далей ад трамплінаў для скачкоў у ваду, але ўжо каля лесвіцы ў канцы басейна пачуўся моцны ўсплёск вады, вада шуганула яму ў твар, па галаве нешта ўдарыла, і проста перад ім з'явілася нейкая перашкода.
Гэта збоку скокнула ў басейн дзяўчына і цяпер перабірала рукамі ў вадзе, сутыкнуўшыся нос у нос з Чэпі. Ёй было гадоў шаснаццаць-сямнаццаць, твар амаль схаваны за пасмамі доўгіх прамых валасоў. Адкінуўшы іх убок, дзяўчына загаварыла занепакоена:
— Праўда, я не хацела. Усё ў парадку?
— Зразумела, так, — адказаў Чэпі. Ён паклаў далоні на плечы дзяўчыны, і тая не ўспрацівілася. Відаць, ёй гэта падабалася.
Чэпі заўважыў, што некалькі чалавек, якія стаялі каля басейна, глядзяць у іх бок. Ён адпусціў дзяўчыну і палез уверх па лесвіцы.
— Гэй, — крыкнула яму ўслед дзяўчына, — вы жывяце ў гэтым гатэлі?
Але ён не адгукнуўся і нават не азірнуўся.
Той самы тып, падобны на выратавальніка, па-ранейшаму стаяў на верхняй пляцоўцы лесвіцы, што вяла да пляжа. Чэпі сцішыў крок, прайшоўшы міма яго і ўніз па лесвіцы прагулачнай хадой. Ён, не спяшаючыся, прайшоў цераз пляж і зірнуў у бок светла-зялёнай вады. Сярод набягаючых на бераг пеністых хваляў пагойдвалася шлюпка; рухавік быў павернуты гарызантальна, і Дэл рабіў выгляд, што яго наладжвае. Недзе на самым гарызонце ледзь бачна бялела «Бялінда ІІ». Яна здавалася нерухомай, але з такой адлегласці было цяжка сказаць дакладна. Чэпі зірнуў угору. Верталётаў не было відаць.
Ён зайшоў у ваду і, пераадольваючы набягаючыя хвалі, паплыў да шлюпкі. Пакуль ён узлазіў на нос лодкі, Дэл апусціў рухавік назад пад ваду, тузануў за вяроўку, і той, зарыкаўшы, зноў ажыў. Калі шлюпка, цяжка гойдаючыся на хвалях, узяла курс на «Бялінду ІІ», Чэпі сказаў:
— Пастарайся зрабіць так, каб не падумалі, што мы ўцякаем. Прыціш хаду.
Дэл збавіў хуткасць.
— Ты гэта зрабіў? — спытаў ён, зірнуўшы на Чэпі.
— Так, я гэта зрабіў.
— Давялося папацець?
— Не. Ён усё роўна ледзь рыпеў. Акрамя таго, можна было даплыць проста да дзвярэй. Нават не трэба было праходзіць каля людзей. — Чэпі плюнуў за борт, каб пазбавіцца салёнага смаку марской вады ў роце. — Там маэстра па масажу, якога завуць Бені, хутка напаткае сюрпрыз. Можа, нават ужо. — Ён не мог стрымаць усмешкі, думаючы пра гэта.
— І ўсё ж, стары, — сказаў Дэл, — такімі дамовамі нават на хлеб не заробіш. А ў Бродэрыка грошы ёсць. Я не жартую, ён на самай справе мяшок з грашыма.
— Мне трэба толькі тое, што мне належыць. Каб трэба было больш, я б яму так і сказаў.
— Ну, зразумела. Але ведаеш, колькі, як мне сказаў Ейц, каштуе гэты кацер «Бялінда»? Сорак тысяч. А той іхні «кадылак» у Пам-Біч? Колькі ў ім усяго панапхана, не хапае, бадай, толькі аўтамата па продажы «кока-колы».
— Ну і што з таго? Што яны сабой уяўляюць — два тлустыя старыя з кучай грошай? Калі хочаш мець з імі справы, трэба не забываць, што тлушч і старасць неад'емныя ад грошай рэчы.
— Тады гэта не той выпадак. Што будзе далей, пасля Фрыпорта? Ты ж не мяркуеш вяртацца разам з імі?
— Ні ў якім разе. Я думаю, што мы махнём на якія-небудзь астравы ў тым баку. Потым, можа, у Мексіку. У Акапулька. Як ты наконт гэтага?
— Мне любое месца будзе ў самы раз, калі гэта не Дананг або што-небудзь накшталт таго, — азірнуўся цераз плячо Дэл. І калі ўжо гаворка зайшла пра гэта, у небе зноў з'явіўся верталёт берагавой аховы. З моцным строкатам ён ляцеў уздоўж берага ў паўночным кірунку. — Слухай, мне робіцца моташна нават ад гуку вось такіх штук, — сказаў Дэл. — Здаецца, — што спіна ломіцца ад амуніцыі.
— Ад рэчавага мяшка з поўнай паходнай выкладкай, — сказаў Чэпі, — даверху напханага ласункамі тыпу сухіх пайкоў.