Флетчэр разумеў важнасць усяго гэтага для Леапольда і бачыў, колькі яму спатрэбілася намаганняў, каб звярнуцца з такой просьбай.
— Абавязкова, — сказаў ён. — Буду рады. Калі ўсё гэта адбудзецца?
— У наступную суботу. Пасля абеду, на ферме «Вячэрняя зара».
Да гэтага Леапольд толькі аднойчы быў на ферме «Вячэрняя зара», на вяселлі аднаго паліцэйскага, да якога ставіўся з асаблівай сімпатыяй. Ферма знаходзілася ў лагчыне, у самым канцы асфальтаванай дарогі, і ўяўляла сабой некалькі хаатычна пастаўленых будынкаў, за якімі адкрываўся від на парослую лесам даліну і ціхую рэчку. Калі гэта месца і было некалі фермай, дык, відаць, вельмі даўно. Як для вяселляў і праводзін на пенсію, месца было проста ідэальнае. Галоўны будынак уяўляў сабой агромністы квадратны пакой, які можна было падзяліць на чатыры меншыя памяшканні перагародкамі, што складаліся як гармонік.
Для прыёму з нагоды вяселля Вікі Нэльсан і Тэда Мора занялі тры чвэрці залы, і толькі апошняя перагародка была выцягнутая на ўсю шырыню і замкнёная. Быў выстаўлены доўгі стол ля сцяны, апрача таго, па зале былі парасстаўляны меншыя сталы, за якія можна было сесці сем'ямі і кампаніямі. Калі Леапольд зайшоў у залу ў пяць хвілін на трэцюю, спецыяльна запрошаны аркестр толькі што зайграў танцавальную музыку.
Некаторы час ён паназіраў за ззяючай ад шчасця Вікі, якая, адказваючы на запрашэнне маладога, выйшла ў цэнтр залы. Тэд Мор аказаўся на выгляд старэйшым, чым уяўляў Леапольд, але калі маладыя паволі паплылі па зале, ён не мог знайсці ў гэтай пары ніводнага знешняга недахопу. Ён узяў бакал прыгатаванага з шампанскага пуншу і чакаў, пакуль маладыя скончаць танец і выйдуць з круга, каб падысці да іх.
— Капітан Леапольд, калі не памыляюся? — спытаў нехта, звяртаючыся да яго. Нечакана з далёкага мінулага ўзнік твар — твар стомленага чалавека з усмешкай, якая выкрывала залаты зуб. — Я — Імі Фантэйн — зводны брат Монікі.
— Ну, як жа, як жа, — адказаў Леапольд з такім выглядам, нібыта ўвесь час думаў пра гэтага чалавека. Моніка рэдка ўспамінала Імі, а Леапольд бачыў яго не больш двух разоў на сямейных сустрэчах. Але цяпер сам выгляд Імі, гэты залаты зуб і ўсё астатняе напомніла Леапольду, што, недзе побач Моніка і што ён можа ў любы момант сустрэцца з ёю.
— Вельмі рады, што вы змаглі прыйсці, — яшчэ нехта звярнуўся да Леапольда, і той, азірнуўшыся, убачыў маладых, што вярнуліся з цэнтра залы. Зблізку Вікі аказалася сапраўды прыгожай дзяўчынай, якая тулілася да мужавага пляча, як і належыць сапраўднай маладой.
— Ну, як жа я мог не прыйсці, — сказаў Леапольд.
— Гэта Тэд, — сказала Вікі, прадстаўляючы мужа.
Леапольд паціснуў руку маладога, адзначыўшы ў душы цвёрдасць рукі і прыязнасць вачэй Тэда.
— Наколькі я ведаю, вы — адвакат, — пачаў размову Леапольд.
— Так. Праўда, займаюся ў асноўным грамадзянскімі справамі, стараюся не звязвацца з крымінальнікамі.
Яны пагаварылі яшчэ некалькі хвілін, пакуль натоўп гасцей не раз'яднаў іх. Павінны былі выстаўляць закускі, і найбольш згаладалыя сталі ў чаргу каля сталоў, на якія падаваліся стравы. Вікі і Тэд пайшлі да сталоў, каб пачаць усю цырымонію, а Леапольд узяў яшчэ адзін бакал пуншу.
— Я заўважыў, што на вуліцы чакае машына, — сказаў, зноў падыходзячы да Леапольда, Фантэйн. — Вы павінны ехаць на дзяжурства?
— Вось толькі дап'ю бакал і мушу ісці, — кіўнуў галавой Леапольд.
— Моніка тут, прыехала з Захаду.
— Так, я чуў.
Нечакана пад націскам натоўпу з Леапольдам сутыкнуўся хударлявы мужчына з вусікамі, які хуценька папрасіў прабачэння. Фантэйн схапіў чалавека за руку і прадставіў яго Леапольду.
— Гэта д-р Фелікс Тэрзбі. Ён прыехаў сюды разам з Монікай. Доктар, пазнаёмцеся. Гэта капітан Леапольд, былы муж Монікі.
Леапольд нязграбна паціснуў працягнутую руку, адчуваючы няёмкасць і за новага суразмоўцу, і за сябе.
— Цудоўнае вяселле, — прамармытаў ён. — Вы ўпершыню тут, на Ўсходзе?
Тэрзбі адмоўна пахітаў галавой.
— Я сам з Нью-Йорка. Але ўжо даўно там не быў.
— Я некалі служыў там у паліцыі, — заўважыў Леапольд.
Яны пагаварылі яшчэ некалькі хвілін, і Леапольд пачаў прабірацца праз натоўп да выхаду.
— Так рана? — спытаў хрыплы незабыўны голас.
— Прывітанне, Моніка. Колькі часу прайшло...
Леапольд узіраўся ў прыгожую жанчыну сярэдніх год, якая перагарадзіла яму шлях да выхаду. Яна дабавіла крыху ў вазе, асабліва гэта было бачна па бюсце, у валасах з'явілася сівізна. Толькі вочы ўразілі і нават крыху напалохалі Леапольда. Такі шалёны позірк яму даводзілася заўважаць толькі ў вачах псіхічна ненармальных злачынцаў.