Выбрать главу

Леапольд кіўнуў галавой і пайшоў далей. У вачах маладога Мора ён убачыў адлюстраванне сваёй віны. Калі Леапольд садзіўся ў машыну, ён звярнуў увагу на тое, што знаёмы дзяжурны паліцэйскі зірнуў у яго бок і адразу ж адвёў вочы. У суботні вечар ніхто не хацеў размаўляць з забойцамі сваіх жонак. Нават Флетчэр некуды знік.

Леапольд вырашыў, што не здолее заставацца сам-насам з шэрымі сценамі кабінета і людзьмі, што пазбягалі яго. Акрамя таго, камісар быў вымушаны вызваліць яго ад аператыўных службовых абавязкаў да рашэння вялікага журы прысяжных і магчымага судовага разбору. Нават кабінет больш не належаў яму. Леапольд вылаяўся ў душы і паехаў дадому, у сваю кватэрку, прабіраючыся па цёмных вуліцах і назіраючы адным вокам за патрульнай машынай. Яму хацелася ведаць, ці назіраюць за ім, каб прадухіліць уцёкі падазронага, якога адпусцілі на парукі. Цікава, як бы ён дзейнічаў на месцы камісара.

У тэлевізійных навінах, што перадаваліся ў адзіннаццаць гадзін, здарэнне было вядучай тэмай. У якасці ілюстрацыі дэманстравалася яго чорна-белае фота, зробленае летась у час расследавання нейкай справы. Леапольд выключыў тэлевізар, не даслухаўшы каментарыяў, выйшаў на вуліцу і накіраваўся да рага вуліцы, каб купіць ранішні выпуск нядзельнай газеты. Загаловак на першай старонцы, як ён і прадчуваў, быў кепскі: «Капітан — агент вышуковай паліцыі затрыманы ў час забойства сваёй былой жонкі».

Ідучы нетаропкай хадой дадому, ён намагаўся ўспомніць, якая яна была — не ў той дзень, — а да разводу. Ён спрабаваў успомніць твар у дзень вяселля, яе ціхі смех у час мядовага месяца. Але ўспаміналіся толькі яе шалёныя помслівыя вочы. І куля, што рассекла яе грудзі.

Зрэшты, можа, гэта ён забіў яе. Можа, рэвальвер трапіў у руку так лёгка, што ён нават не ўсвядоміў гэтага.

— Прывітанне, капітан.

— А, Флетчэр! Што ты тут робіш?

— Чакаю. Можна зайсці да вас?

— Ну, што ж...

— У мяне вось тут з сабой шэсць бляшанак піва. Падумаў, што вы хацелі пагаварыць наконт усяго гэтага.

— Пра што тут гаварыць? — спытаў Леапольд, адчыняючы дзверы кватэры.

— Капітан, калі вы гаворыце, што не забівалі яе, я хачу паслухаць, што вы яшчэ скажаце.

Флетчэр зайшоў следам за Леапольдам у невялічкую кухню і адкрыў дзве бляшанкі. Леапольд узяў прапанаванае яму піва і апусціўся ў бліжэйшае крэсла. Ён адчуваў сябе ўшчэнт знясіленым, абсалютна няздольным да абароны.

— Флетчэр, яна падставіла мяне, — спакойна сказаў Леапольд. — Яна падставіла мяне настолькі ўдала, як мне ніколі не даводзілася бачыць у жыцці. Усё гэта здаецца неверагодным, але ёй гэта ўдалося.

— Капітан, давайце ўсё пройдзем крок за крокам. На мой погляд, існуюць толькі тры альтэрнатывы: альбо вы забілі яе, альбо яна сама застрэлілася, альбо гэта зрабіў нехта іншы. Лічу, што мы павінны выключыць апошнюю магчымасць. Тры акны заставаліся замкнёныя і цэлыя, у пустым пакоі не было ніводнага кутка, дзе можна было схавацца, адзіны ўваход быў праз дзверы-гармонік. А тыя былі зачынены, іх можна было адчыніць з другога боку, але б вы гэта ўбачылі ці пачулі. Апрача гэтага, з таго боку дзвярэй было паўтары сотні гасцей. Нікому не ўдалося б адамкнуць, рассунуць дзверы, выстраліць з рэвальвера і застацца незаўважаным.

— Але немагчыма і тое, што яна магла застрэліць сябе, — пакруціў галавой Леапольд. — Я ні на хвіліну не зводзіў з яе вачэй. У руках у яе нічога не было, нават сумачкі. А рэвальвер, які стрэліў, быў у кабуры, што вісела ў мяне на рэмені. Я выцягнуў яго з кабуры толькі пасля таго, як прагучаў стрэл.

Флетчэр дапіў піва з адной бляшанкі і ўзяў наступную.

— Капітан, я не аглядаў яе зблізку, але памеры дзіркі на яе сукенцы і падпаліны ад згарэўшага пораху сведчаць аб тым, што гэта была кантактная рана. Судмедэксперт таксама пагадзіўся з такім меркаваннем. Стралялі з адлегласці не болей двух з паловай — пяці сантыметраў. Сляды пораху былі і на ране, хоць большасць з іх былі змытыя крывёй.

— Але ў руках у яе нічога не было, — паўтарыў Леапольд. — І ніхто не стаяў перад ёй, прыставіўшы да грудзей рэвальвер. Нават я стаяў на адлегласці сямі метраў.

— Капітан, гэта неверагодна.

— Неверагодна, — буркнуў капітан, — калі гэта не я, дык хто забіў яе?

— Колькі часу мы маем у запасе? — спытаў Флетчэр, не адводзячы вачэй ад бляшанкі, што трымаў у руцэ.

— Калі журы прысяжных прызнае мяне віноўным у наўмысным забойстве, на наступным тыдні я буду ўжо за кратамі.

— Што з вамі, капітан? — Флетчэр з асуджэннем зірнуў на суразмоўцу. — Здаецца, вы ўжо з усім змірыліся! Чорт вас вазьмі, у час звычайнага затрымання вы праяўлялі куды больш адвагі!