— Думаю, што справа менавіта ў гэтым. Я страціў усялякую здольнасць да барацьбы. Моніка выціснула яе з мяне да апошняй кроплі. Ёй удалося адпомсціць.
— Тады, лічу, я сапраўды нічым не магу вам дапамагчы, капітан, — уздыхнуў Флетчэр і ўзняўся з крэсла. — Добрай ночы.
Леапольд не пайшоў праводзіць яго да дзвярэй. Ён проста застаўся сядзець згорблены за сталом. Упершыню ў жыцці ён адчуваў сябе старым.
У нядзелю раніцай Леапольд прачнуўся позна, да таго ж з дзіўным пачуццём, быццам усё, што здарылася, было толькі сном. Такое ж пачуццё было некалі пасля таго, як ён зламаў руку ў запясці, гонячыся за ўзломшчыкам. Раніцай, калі ён прачнуўся, успаміны аб тым, як яму накладвалі гіпс, таксама здаваліся сном да таго моманту, пакуль не варухнуў рукой. Цяпер, павярнуўшыся на сваім вузкім ложку, ён убачыў нядзельную газету на тым самым месцы, куды адкінуў яе звечара. Загаловак на першай старонцы быў ранейшы. Сон быў явай.
Леапольд устаў з ложка, памыўся пад душам і пачаў апранацца, па звычцы шукаючы рукой кабуру, і толькі тады ўспомніў, што ўжо не мае зброі. Потым сеў за стол у кухні і ўтаропіўся ў пустыя бляшанкі з-пад піва, думаючы, як дажыць гэты дзень. Як дажыць жыццё.
Нехта пазваніў у дзверы — гэта прыйшоў Флетчэр.
— Я ўжо і не думаў цябе зноў убачыць, — прамармытаў Леапольд, упускаючы лейтэнанта ў кватэру.
Флетчэр быў усхваляваны і, яшчэ не паспеўшы прайсці цераз парог, пачаў безупынна сыпаць словамі:
— Капітан, здаецца, мне ўдалося сёе-тое адшукаць. Не так многа, але гэта толькі пачатак. Першае, што я зрабіў сёння, дык гэта зайшоў ва ўправу, дзе ўдалося атрымаць сукенку, што была на Моніцы, калі яе застрэлілі.
— Сукенку? — перапытаў Леапольд з такім выглядам, што было відаць — ён нічога не разумее.
— Камісар адкруціў бы мне галаву, калі б даведаўся, што я прынёс гэта вам, — працягваў Флетчэр, разгортваючы пакунак, што прынёс з сабой, — але зірніце на гэтую дзірку!
Леапольд агледзеў ірваную з запечанай па краях крывёй дзірку ў тканіне.
— Вялікая, — заўважыў ён, — але ў выпадку кантактнай ці блізка да кантактнай раны ад згарання пораху такая дзірка можа атрымацца.
— Капітан, я бачыў шмат ран ад куль трыццаць восьмага калібру. Некалькі нават з'явілася пасля стрэлу з майго рэвальвера. Але такіх не бачыў ніколі. Што за чорт, яна нават не круглая!
— Флетчэр, што ты хочаш гэтым сказаць? — раптам унутры Леапольда нешта зварухнулася, ён зноў адчуў прыток сілы.
— Капітан, дзірка ў сукенцы намнога большая і рваная, чым адпаведная рана ў грудзях. Менавіта гэта я і хачу сказаць. Куля, ад якой яна загінула, не магла ўтварыць такую дзірку. Ні ў якім разе. А гэта азначае, што яе не забілі ў той момант, у які, мы лічылі, гэта павінна было здарыцца.
Леапольд схапіў тэлефон і набраў вядомы яму нумар тэлефона ў гатэлі «Таўэрз».
— Спадзяюся, яны ўсталі сёння позна.
— Хто?
— Маладыя. — Леапольд пачаў рэзка гаварыць у слухаўку, называючы тэлефаністцы прозвішча таго, з кім хацеў пагаварыць, і пачаў чакаць адказу. Прайшла цэлая хвіліна, пакуль на тым канцы лініі пачуўся заспаны голас Тэда Мора.
— Тэд, гэта я, Леапольд. Прабач, што патурбаваў.
Голас у трубцы апразу ж ажывіўся.
— Усё нармальна, капітан. Я ж вам казаў тэлефанаваць, калі што трэба.
— Думаю, што такая патрэба ёсць. Вы з Вікі, відаць, добра ведаеце, хто быў запрошаны на вяселле. Спытай яе і скажы, колькі сярод запрошаных было лекараў?
Тэд Мор адышоў на некалькі хвілін і зноў вярнуўся да тэлефона.
— Вікі сказала, што вы другі, хто пытае пра гэта.
— Вось як? Хто ж быў першы?
— Моніка. Вечарам напярэдадні вяселля, калі яна з'явілася ў горадзе разам з доктарам Тэрзбі. Яна, як бы між іншым, спытала, ці зможа ён пазнаёміцца на прыёме з іншымі медыкамі. Але Вікі адказала, што больш лекараў не будзе. Зразумела, мы не пасылалі яму запрашэння, але з павагі да Монікі пачалі настойваць, каб ён таксама прыйшоў.
— Значыць, пасля стрэлу яе агледзеў Тэрзбі? Ніхто іншы?
— Тэрзбі быў адзіны доктар. Ён сказаў нам выклікаць «хуткую дапамогу» і сам суправаджаў яе да бальніцы.
— Дзякуй, Тэд. Ты аказаўся неацэнным памочнікам.
— Спадзяюся, што так, капітан.
Леапольд павесіў слухаўку і павярнуўся тварам да Флетчэра.
— Так яно і ёсць. Яна падрыхтавала ўсё разам з гэтым малайцом Тэрзбі. Можаш аддаць наконт яго загад?
— Вядома, магу, — адказаў Флетчэр. Ён падышоў да тэлефона і набраў нумар дзяжурнага пакоя паліцыі. — Д-р Фелікс Тэрзбі? Так, здаецца, яго завуць?