— Менавіта так. Адзіны доктар сярод гасцей, адзіны, хто мог дапамагчы Моніцы ў здзяйсненні яе вар'яцкага плана помсты.
Флетчэр аддаў загад і павесіў слухаўку.
— Яны звяжуцца з гатэлем, у якім ён жыве, і перазвоняць.
— Патэлефануй таксама камісару. Паведамі яму, што мы атрымалі.
Флетчэр пачаў набіраць нумар тэлефона камісара, але раптам спыніў палец у паветры.
— Што мы атрымалі, капітан?
Камісар сядзеў за сталом, не хаваючы незадаволенасці тым, што яго выклікалі ва ўправу ў выхадны дзень, і сумна слухаў інфармацыю, падрыхтаваную Леапольдам і Флетчэрам. Нарэшце ён упёрся пальцамі ў стол і сказаў:
— Толькі той факт, што гэты д-р Тэрзбі, відаць, выехаў з горада, наўрад ці можа быць доказам яго віны, капітан. Як вы сцвярджаеце, жанчына заставалася жывой, пакуль яе не забілі пазней — і што забіў яе Тэрзбі ў машыне «хуткай дапамогі». Але як ён мог гэта зрабіць з дапамогай рэвальвера, які ўжо да таго часу перайшоў у рукі лейтэнанта Флетчэра і быў аформлены ў якасці доказу? І як ён мог зрабіць той фатальны стрэл такім чынам, што яго не пачулі санітары, якія былі ў машыне.
— Не ведаю, — прызнаўся Леапольд.
— Бог сведка, капітан. Я хачу даць вам усе магчымыя шанцы, каб даказаць вашу невінаватасць. Але вы павінны прадставіць мне штосьці больш важкае, чым сукенку з дзіркай.
— Добра, — сказаў Леапольд. — Я прадстаўлю штосьці больш важкае.
— Вялікае журы пачне разглядаць справу на гэтым тыдні, капітан, — змрочна заўважыў камісар.
— Ведаю, — сказаў Леапольд. Ён павярнуўся і пайшоў з кабінета, следам за ім — Флетчэр.
— Ну, што цяпер? — спытаў Флетчэр.
— Пойдзем перагаворым з Імі Фантэйнам — зводным братам маёй былой жонкі.
Хоць Леапольд ніколі не падтрымліваў прыяцельскіх адносін з Фантэйнам, аднак ведаў, дзе яго шукаць. Гэты чалавек са стомленым выглядам і залатым зубам жыў у вялікім старым доме, вокны якога выходзілі на Саўнд. Менавіта там, у двары за домам, гэтым нядзельным днём яны і знайшлі Фантэйна, які смажыў на вуглях сасіскі.
— Я думаў, што пасля ўсяго, што здарылася, вы будзеце за кратамі, — сказаў Фантэйн, жмурачыся ад сонца.
— Я не забіваў яе, — спакойна сказаў Леапольд.
— Ну, вядома, не.
— Як зводны брат вы, здаецца, даволі спакойна ўспрымаеце яе смерць, — заўважыў Леапольд, падыходзячы да вогнішча.
— Я перастаў цікавіцца лёсам Монікі пятнаццаць год таму.
— Што вы скажаце пра таго чалавека, з якім яна была на вяселлі? Д-ра Тэрзбі.
— Ён такі доктар, як я водаправодчык, — пырснуў ад смеху Імі Фантэйн. — Трэба прызнаць, што сапраўды пальцы ў яго як у хірурга, але калі я спытаў яго наконт прамянёвай косці — сын зламаў прамянёвую косць, катаючыся на лыжах, — Тэрзбі палічыў, што гэта галёнка. Ды ліха з ім, я ніколі не быў суддзёй Моніцы ў яе амурным жыцці. Памятаеце, я нават не пярэчыў, калі яна выходзіла замуж за вас.
— Вельмі ласкава з вашага боку. Дзе спыніўся Тэрзбі на час знаходжання ў горадзе?
— У гатэлі «Таўэрз», разам з Монікай.
— Там яго больш няма.
— Тады я не ведаю, дзе ён. Можа, ён нават не застаўся на пахаванне.
— Што, калі б я сказаў, што Тэрзбі забіў Моніку?
Фантэйн паціснуў плячыма.
— Я б вам не паверыў, а потым мяне не вельмі гэта турбуе. Калі б вы былі больш кемлівы, дык прыкончылі б яе пятнаццаць год назад, калі яна кінула вас. Я б зрабіў менавіта так.
Леапольд ехаў на малой хуткасці назад у цэнтр горада, побач сядзеў і бурчаў Флетчэр.
— Капітан, ну і да чаго мы прыйшлі? Здаецца, мы пачалі хадзіць кругамі.
— Можа, і так, Флетчэр, але якраз цяпер адказу чакаюць занадта шмат пытанняў. Калі мы не зможам адшукаць Тэрзбі, нам давядзецца падступацца да гэтай справы з другога боку. Пачаць з кулі, напрыклад.
— А што куля?
— Мы пагадзіліся, што яна не магла быць выпушчана з майго рэвальвера ні тады, калі ён знаходзіўся ў маёй кабуры, ні пазней, калі Тэрзбі быў з Монікай у машыне «хуткай дапамогі». Значыць, з яго стралялі раней. Я апошні раз страляў з яго на трэніроўцы ў ціры. Ці існуе якая-небудзь магчымасць — хоць які-небудзь шанц — таго, што Тэрзбі альбо Моніка маглі атрымаць адну з тых куляў, якімі я страляў у мішэнь?
— Капітан, мы абодва стралялі ў адну і тую ж мішэнь, — стрымаў яго запал Флетчэр. — Ніхто не змог бы рассартаваць тыя кулі і вызначыць тыя, што былі выпушчаны з вашага рэвальвера, і тыя — што з майго. Апрача таго, як мог хто-небудзь з іх атрымаць дазвол зайсці ў цір, які знаходзіцца ў сутарэнні паліцэйскай управы?
— У мяне мог аказацца вораг у аддзеле, — сказаў Леапольд.
— Глупства! У нас ува ўсіх ёсць ворагі, тым не менш гэта немагчыма. Калі вы лічыце, што супрацоўнікі аддзела плятуць супраць вас змову, такім жа чынам вы можаце лічыць, што вынікі экспертаў-балістыкаў таксама былі падробленыя.