Выбрать главу

Моўчан (выціраючы хусціначкай вочы). Працягнем, Грыша! Працягнем!

Салавейчык. Няўжо вы адштурхняце мяне, пакінеце ў бядзе? Не, вы гэтага не зробіце! Вам не дазволяць ваша крыштальнае сумленне і залатое сэрца. Вы возьмеце мяне на парукі і не зробіце памылкі! Я скончыў, таварышы. Дзякую за ўвагу.

Салавейчык накіраваўся, каб сесці побач з членамі суда, але, перахапіўшы позірк Божашуткавай, схамянуўся і сціпла вярнуўся на сваё месца. Клакеры апладзіруюць.

Божашуткава. Хто хоча выступіць? (Да Кічкайлы.) Ой, даруйце, Іван Пятровіч!

Кічкайла. Нічога, нічога, Рагнеда Іванаўна. Ці жадае хто выступіць?

Галасы. А што тут гаварыць?

— Усё і так зразумела! Невінаваты!

— Вызваліць! Сёння ж футбол!..

Ізабела (ускочыўшы). Я пратэстую. Гэта не гуманнасць, а патуранне!

Божашуткава. Чаго ж вы хочаце?

Ізабела. Я прашу слова!

Галасы. Не трэба!

— Хопіць прамоў!

— Якія могуць быць прамовы, калі сёння футбол!

Ізабела. Паслухайце! Амністыя, якую вы далі зараз Салавейчыку, — гэта злачынства перад грамадствам.

Зойка. Ізабела Сямёнаўна! Ён жа ўсё ўсвядоміў! Ён жа цудоўны хлопец!

Ізабела. Зойка, гэта не хлопец! Гэта траянскі конь!..

Салавейчык. Чулі? Усе чулі? Яна рабочага чалавека абзывае скацінай!

Галасы абурэння.

Божашуткава. Як бачыце, Ізабела Сямёнаўна, народ супраць вас! А з народам жартаваць нельга!

Ізабела. Добра… Я зараз прывяду народ! (Выбягае.)

Божашуткава. Таварыш Таратута! Я бачу, вы хочаце нешта сказаць ад імя ІТР? Давайце смялей…

Андрэй. Я перадумаў. (Дэманстратыўна рве паперу.)

Божашуткава. Дзіўна… У такім разе ў мяне ёсць некалькі слоў. Я толькі вось што хачу сказаць…

Салавейчык таропка запісвае штосьці ў блакнот.

Грыша Салавейчык — член нашага калектыву. І калі ён зрабіў нешта недазволенае, то ў першую чаргу вінаваты не ён, а мы з вамі. Так-так, мы! Праглядзелі свайго таварыша! Упусцілі! Гэта трэба сказаць сёння сумленна і адкрыта… Цяпер ваша слова, Іван Пятровіч. Чытайце прыгавор…

Кічкайла ўстае, надзяе акуляры і чытае прыгавор.

Кічкайла. Суд, параіўшыся на месцы, вырашыў… Першае: указаць таварышу Салавейчыку Рыгору Рыгоравічу на яго нетактоўныя паводзіны ў грамадскіх месцах. Суд палічыў магчымым абмежавацца гэтай мерай, улічваючы шчырае прызнанне Салавейчыка ў яго апошнім слове. Другое: калектыў бярэ на сябе ўсю адказнасць за выхаванне Салавейчыка Рыгора Рыгоравіча. Трэцяе: гэты прыгавор зацвердзіць на цэхавым сходзе. Усё. Суд закончаны.

Бурна лікуюць клакеры. Яны абдымаюць, віншуюць Салавейчыка.

Заслона.

Карціна трэцяя

Пакой адпачынку на фабрыцы. Канапа, зручныя мяккія крэслы, вазоны з кветкамі, шахматныя столікі і столік з тэлефонамі. Ва ўсім адчуваецца прыгажосць і добры густ, калі б не мноства крыклівых плакатаў аб карысці працы, аб шкодзе алкаголю і нікаціну. «Праца — гэта маці асалоды. Стэндаль», «Які я шчаслівы, калі я працую! Л. Талстой», «Праца надае высакароднасць чалавеку. В. Бялінскі», «Адна кропля нікаціну забівае каня!», «Калі хочаш болей жыць, значыць, трэба меней піць». Жудаснае ўражанне пакідае вялізны плакат «Печань алкаголіка ў разрэзе». Надзвычай маляўнічы плакат, на якім рука — безумоўна, варожая — падносіць чалавеку чарку гарэлкі, а ён, адштурхоўваючы яе, кажа рашучае «не!».

Салавейчык захапіўся размовай па тэлефоне.

Салавейчык. Слухай, Жорык! (Рагоча.) Станок мне самы лепшы далі. І тэлефон побач паставілі… Не, раней не было. Спецыяльна для мяне паставілі. А я сказаў, што мне трэба часта званіць. (Рагоча.) Каля станка ў мяне аранжарэя, батанічны сад! Толькі цытрусаў не хапае!.. Паслухай, якіх яны тут лозунгаў навешалі… Ага, для мяне. «Праца — гэта маці асалоды. Стэндаль». Усёк? Асалоды! (Рагоча.) А мы з табой і не ведалі!.. Слухай далей… «Які я шчаслівы, калі працую! Талстой». Не, Лы Талстой… (Рагоча.) А яшчэ тут адзін плакацік ёсць… «Печань алкаголіка ў разрэзе»! Паглядзіш, і не тое каб піць — жыць не хочацца! (Рагоча.) А ты як думаў? Трэба ўмець жыць, Жорык!.. Ды не… Куды ж яны падзенуцца? Яны ж узяліся мяне перавыхоўваць. А я доўга буду перавыхоўвацца, усё жыццё! (Рагоча.)