Уваходзіць Ізабела з вялікім эскізам новай цацкі. З абурэннем аглядае сапсаваныя плакатамі сцены. Убачыўшы яе, Салавейчык прыкрывае трубку далонню і гаворыць цішэй.
Добра… Дамовімся… Тут прыйшлі. Я табе пазней пазваню. Гуд бай, бэбі!
Ізабела. Чаму вы не працуеце?
Салавейчык. А вы што — дырэктар?.. У мяне перапынак.
Ізабела. Да перапынку яшчэ пятнаццаць мінут.
Салавейчык. А ў мяне персанальны перапынак, падоўжаны.
Ізабела залезла на крэсла, каб павесіць эскіз на плакат «Печань алкаголіка ў разрэзе». Ззаду, пажадліва ўхмыляючыся, падыходзіць Салавейчык і хапае яе за калені.
Ух ты, якое хараство!
Ізабела (працягваючы яму эскіз). Патрымайце, калі ласка.
Салавейчык. Прыходзь да мяне сёння ўвечары. Бульвар Гогаля, сем-адзінаццаць. Я адзін жыву, у асобнай кватэры. Прыйдзеш?
Ізабела, саскочыўшы з крэсла, раптам заляпіла яму такую аплявуху, што Салавейчык ледзь утрымаўся на нагах. Другая аплявуха, трэцяя…
Ізабела (спакойна). Павесьце гэты эскіз на сваю печань, вунь туды…
Ачумелы Салавейчык хуценька ўскаквае на крэсла, вешае эскіз на плакат «Печань алкаголіка ў разрэзе». І толькі потым ужо пачынае разумець, што адбылося.
Салавейчык. Ты што?! Хочаш, каб я табе крэндзеляў навешаў?
Ізабела (спакойна). Паспрабуйце…
Салавейчык. Ты на каго замахнулася? На каго руку ўзняла? На яго вялікасць рабочы клас? На гегемона? А ты ведаеш, што я з цябе зараз зраблю?.. Блін! Мокрае месца! І нічога мне за гэта не будзе! Таму што я, я… праізвадзіцель матэрыяльных каштоўнасцей!
Ізабела. Вон адсюль, «производитель»!
Салавейчык. Што-о-о?!
Ізабела. Вон адсюль!
Гэта сказана спакойна, але такім тонам, што Салавейчык адступіў.
Салавейчык. Ну, я табе гэтага не дарую! Ты мяне надоўга запомніш!
Салавейчык выбягае, моцна грукнуўшы дзвярамі. Звініць званок на перапынак. Ізабела наліла шклянку вады з графіна і выпіла. Уваходзяць Божашуткава, Кічкайла, Хаценьчык, Зойка і Андрэй.
Божашуткава. Ну вось, усе ў зборы. Можна адразу аб усім дамовіцца.
Зойка. Рагнеда Іванаўна, а хіба дваццаць восем гадоў адзначаюць?
Божашуткава. Афіцыйна — не. А неафіцыйна… Тут жа не толькі дваццаць восем гадоў, але і пуцёўка ў Крым… Вы ж зразумейце псіхалогію адзінокага мужчыны… Жыве чалавек бабылём, жонка яго пакінула. У чалавека вялікая маральная траўма. Трэба, каб ён адчуў цяпло, чалавечую ласку, зразумеў, што вакол яго добрыя, сардэчныя людзі. Чалавек чалавеку друг, таварыш, брат. Разумееце?
Хаценьчык. Усё гэта будзе, так сказаць, насухую? Ці прадбачыцца маленькі сабантуй?
Божашуткава. Стол, канечне, павінен быць. Апрача падарунка мы сёе-тое купім. Трэба вырашыць спачатку, хто пойдзе. Ты, Гусельнікава…
Зойка (праглынуўшы цукерку). Ага! А потым пра мяне скажуць, што я да халасцяка на кватэру бегаю?
Божашуткава. Ён разведзены.
Зойка. Тым горш!
Божашуткава. Ты ж не адна пойдзеш! Пайду я, затым Моўчан, Кічкайла, Хаценьчык… (Глядзіць на Ізабелу.) Не-не, не бойцеся! Вас мы не запрашаем… І таварыш Таратута.
Ізабела. Не, ён з вамі не пойдзе.
Божашуткава. А чаму гэта вы за яго рашаеце?
Ізабела. Я сказала: нікуды ён з вамі не пойдзе.
Божашуткава. І вам не сорамна, Андрэй Іванавіч? Яна яшчэ не жонка вам, а ўжо камандуе?
Андрэй. Прабачце, Рагнеда Іванаўна… Я сапраўды не магу… У мяне хутка сесія ў інстытуце, і кожны выхадны для мяне…
Кічкайла. Няхай вучыцца.
Божашуткава. Добра. Абыдземся як-небудзь без вас… Значыць, у асноўным мы дамовіліся. Дэталі потым.
Хаценьчык. Трэба было б адразу і наконт выпіўкі вырашыць. Калі будзем браць «Белавежскую», то яе не так проста дастаць. А ў мяне ў адным магазіне знаёмая ёсць…
Божашуткава. Вазьміце гэта на сябе. Таварыш Кічкайла, за вамі тэксты ўсіх застольных экспромтаў. Інакш атрымаецца звычайная п’янка, а не арганізаванае мерапрыемства.
Кічкайла. Будзе зроблена. У мяне ёсць кніга афарызмаў і выказванняў «У свеце мудрых думак».
Божашуткава. Падыдзе…
Выходзяць.
Андрэй ставіць на стол прыгожую вялікую ляльку ў скафандры касманаўта. «Касманаўт» асцярожна рухаецца па стале. Пад скафандрам успыхвае агеньчык. Гучаць сігналы спадарожніка, чуцен голас Андрэя: «Я Сокал-150. Выйшаў з кабіны. Вывучаю паверхню планеты Тау-кіта. Увага! Увага! Вы чуеце мяне, зямляне? Я бачу людзей. Бачу людзей. Яны такія ж, як мы!.. Увага! Я Сокал-150. Бачу людзей, іду да іх! Іду да іх!..»