Выбрать главу

Андрэй (спыняючы «касманаўта»). Ну як, падабаецца?

Ізабела (з пяшчотай). Таратута! Ты геній!..

Андрэй (прыглядаючыся да Ізабелы). Чакай, чакай… Што з табой?

Ізабела. А што?

Андрэй. Ты нейкая не такая, як заўсёды… Што здарылася, Іза?

Ізабела. Я ўдарыла Салавейчыка… Толькі што…

Андрэй. Што? Ударыла? Ты?

Ізабела. Калі гэта дойдзе да Божашуткавай…

Андрэй. Але за што? За што? Ты звар’яцела?

Ізабела. Здаецца, яшчэ не…

Андрэй. Што ён табе зрабіў?

Ізабела. Рукі ён свае распусціў.

Андрэй. Не разумею… Ён што, першы цябе ўдарыў?

Ізабела. Нявінны агнец!.. Прыставаць ён да мяне пачаў. За ногі хапаў. Запрашаў да сябе на кватэру… Увечары!

Андрэй. Казаў я табе не насіць гэтую… Казаў жа!

Ізабела. Па-твойму, я павінна насіць ватныя штаны і ўвогуле нікуды не вытыркаць носа, паколькі ў нас яшчэ ёсць хамы і нахабнікі? Так?

Андрэй. Я заб’ю яго! Знявечу! Прымушу на каленях перад табой поўзаць, зямлю грызці і прасіць прабачэння! (Кідаецца да дзвярэй.)

Ізабела (трымае яго). Не рабі глупства! Не трэба… Ён сваё атрымаў.

Андрэй. Пусці мяне! Пусці! Я павінен яго правучыць! Гэта нельга так пакідаць!.. І нічога ты не бойся. Няхай толькі хто-небудзь рот раскрые…

Ізабела. Ах, Таратута, Таратута! Божашуткава гэта першая зробіць.

Андрэй. Няхай толькі паспрабуе!.. Адным словам — ты нічога не бойся…

Заслона.

Карціна чацвёртая

Кватэра Салавейчыка. Вечарынка ў самым разгары. Божашуткава сядзіць побач з Салавейчыкам, паклаўшы яму руку на плячо. У кутку ў вялікім крэсле дрэмле Моўчан. Кампанію ўзначальвае Хаценьчык, у якім угадваецца вопытны, гаваркі тамада.

Хаценьчык. Сябры-прыяцелі! Самадзейнасць падыходзіць толькі для сцэны. А за сталом павінна быць жалезная дысцыпліна. Праўду я кажу, Рагнеда Іванаўна?

Божашуткава. Праўду, Кузьма Данілавіч. Гасцям патрэбны добрыя лейцы. Давай дзейнічай!

Хаценьчык. Сябры-прыяцелі! Наш прафсаюзны галава — таварыш Кічкайла — скажа зараз чарговы тост!

Зойка (набіўшы рот цукеркамі). Ціха!

Кічкайла (устае з чаркай). Таварышы! Жанчыны і мужчыны! Я прапаную тост за найпрыгажэйшую палавіну чалавецтва. І гэта, таварышы, не проста слова — палавіна. Вы глядзіце, што атрымліваецца… У народнай асвеце ў нас… (збіўся і паглядзеў на паперку) занята семдзесят пяць працэнтаў жанчын, у медыцыне — шэсцьдзесят, а ў гандлі і ўсіх дзевяноста пяць! Атрымліваецца, таварышы, не толькі найпрыгажэйшая палавіна, але і большая, мацнейшая палавіна!.. Дык вось я прапаную тост за жанчыну-настаўніка, за жанчыну-ўрача, за жанчыну-прадаўца. І за жанчыну, з якой мы жывём, дзелім радасць і гора, — за жанчыну-жонку! Інакш кажучы, за жанчыну, без якой мы, мужчыны, нуль без палачкі!

Хаценьчык. Сябры-прыяцелі, толькі да дна! Толькі да дна!

П’юць. Хаценьчык хацеў разбудзіць Моўчан, але яго стрымаў Кічкайла.

Кічкайла. Не трэба, не чапай яе. У яе ўнук нарадзіўся, спаць не дае. Хоць тут старая падрэмле.

Божашуткава. Грыша, што ў цябе з жонкай?

Салавейчык. Ат!.. Ну, была і сплыла. Няма!

Божашуткава. Чаму?

Салавейчык. Ат!.. Кінь ты пра яе! Не хачу ўспамінаць!

Божашуткава. Зойка! Не еш столькі цукерак! Растаўсцееш.

Зойка (ледзь не падавіўшыся цукеркай). Не магу ўтрымацца, Рагнеда Іванаўна! Сілы волі не хапае.

Божашуткава. Не, Грыша, скажы ўсё ж — чаму?

Салавейчык. Ну, кінула яна мяне! Кінула! Узяла сына і пайшла. Зрабіла мне горш, дурніца! (Рагоча.) Не падыходжу я ёй! Пляваць я хацеў! Вып’ем за мужчын!

Божашуткава. Пачакай, Грыша. Няхай закусяць спачатку. Яна дрэнна да цябе адносілася?

Салавейчык. Ну! Бялізну ў пральню — занясі! Яна, бачыце, працуе і вучыцца! Я, можа, таксама вучыўся б, калі б захацеў!.. У магазіне ў чарзе стаяць — зноў жа я! Ну дзе вы бачылі, каб мужчыны ў чарзе стаялі? Хіба толькі за півам!