Выбрать главу

Хаценьчык. Такога волата ў магазін? Ды людзі ж смяяцца будуць!

Салавейчык. Яшчэ як смяяліся!.. Не, Савецкая ўлада ўвогуле нішто сабе… Вось толькі адну памылку яна зрабіла. У самым пачатку. У адна тысяча дзевяцьсот семнаццатым… І мы за гэтую памылку плацім уласнай скурай шэсцьдзесят з лішнім гадоў!..

Божашуткава. Гэта якую ж памылку, Грыша?

Салавейчык. Зраўняла жанчыну з мужчынам. Гэтага рабіць нельга было! Ні ў якім разе!.. Вып’ем за мужчын! Няхай жыве свабода і незалежнасць мужчын!

Божашуткава. Грыша, дальбог, хопіць ужо. Каньяк канчаецца. А яшчэ трэба будзе выпіць за твой адпачынак на беразе самага сіняга мора…

Салавейчык. Каньяк канчаецца? Будзем гарэлку піць!

Хаценьчык. Не здагадаліся, Грыша. Не ўзялі мы гарэлкі!

Салавейчык. Гэта вы не ўзялі. (Устае з-за стала, ідзе ў куток і адкрывае занавеску.) Глядзіце сюды!

У кутку за занавескай некалькі скрынак з гарэлкай.

Вось! Дзве скрынкі «Маскоўскай», дзве скрынкі «Белавежскай горкай» ды яшчэ шампанскага адна скрынка. Спецыяльна для апахмелкі.

Хаценьчык (свіснуў). Навошта табе столькі, Грыша? Яна ж пракісне ў цяпле! Градусы выйдуць…

Салавейчык. Залаты запас! Як пачалі ў газетах спрачацца: піць ці не піць, уводзіць сухі закон ці не ўводзіць, — я адразу скеміў: супраць нашага брата нешта такое зацяваюць. Як ваўка ў бярлозе, чырвонымі сцяжкамі абкладваюць. Вось я і апярэдзіў іх! (Вяртаецца да стала з бутэлькай гарэлкі.)

Кічкайла (са страхам). Не трэба, Грыша, не трэба! Хопіць!

Хаценьчык. Адкуль у цябе, Грыша, такія грошы?

Салавейчык. Не бойся, не крадзеныя… Ты ведаеш, колькі новых кватэр здаецца ў горадзе за квартал? Мільён! А як здаюцца, таксама ведаеш? Форткі не зачыняюцца, бачок працякае, водаправодны кран, як буйнакаліберны кулямёт — ды-ды-ды! А выключальнікі, ведаеш, якія? Пойдзе хто-небудзь ноччу ў туалет… Пардон! Святло ўключыць — тры кватэры з ложкаў ускакваюць і пытаюцца, хто страляў?

Хаценьчык. Грыша! Мілы! Ты што, у нашым доме быў?

Салавейчык. Ну вось… Кран папраўлю — траяк. Выключальнік бясшумны пастаўлю — тры пяцьдзесят. Замок новы прыладжу — пяцёрка. Бывае, за адзін вечар трыццаць рублёў у кішэнь кладу. Які прафесар такую стаўку мае?

Божашуткава. Грыша, гэта ж рабунак сярод белага дня!

Салавейчык (рагоча). Рабунак! Яны ж мне ручкі-ножкі гатовы цалаваць, каб толькі я прыйшоў і зрабіў! На сподачку з залатой каёмачкай грошы выносяць. А ты — рабунак! Вось яны, мае мазольныя! (Салавейчык трасе грашамі.) Зойка! На, бяры ўсе! Толькі ведаеш што? Зрабі мне гэты… Як яго? Во! Стрыптыз!..

Зойка ўскочыла, ледзь не падавіўшыся цукеркай.

Зойка. Ты што? Здурэў?

Салавейчык. А што? Хачу стрыптыз!

Божашуткава. Як табе не сорамна, Грыша? Што ты кажаш? Які стрыптыз? Апамятайся! Ты што, п’яны?

Салавейчык. Хто? Я п’яны? Лухта! Чаму ты, маманя, супраць стрыптызу? А калі я хачу?.. У нас жа свабода сумлення! Я гэта так разумею: што хачу, тое і раблю! Зойка! Давай стрыптыз!

Зойка. Шызік! Калі ты зараз не змоўкнеш!..

Божашуткава. Грыша, кінь дурыцца. Глядзі, Зойку ледзь не да плачу давёў.

Зойка. Я яго спачатку па мазгаўні трахну, а потым заплачу! (Азвярэла накідваецца на цукеркі.)

Хаценьчык (злавіўшы позірк Божашуткавай). Сябры-прыяцелі! Не будзем ухіляцца ў бок ад намечанай праграмы, а то ў канцы квартала не атрымаем прэміяльных. Ёсць прапанова выпіць, Іван Пятровіч!

Кічкайла ўстае. Рыхтуючыся сказаць чарговы тост, выцягнуў з кішэні паперку, зазірнуў у яе.

Салавейчык. Цю! Зноў гаварыць будзеш? Злітуйся! Замучыў прамовамі. Тут жа не прафсаюзны сход!

Кічкайла (просіць). Дальбог, Грыша, ёсць цудоўны тост! Думка Спінозы…

Салавейчык. Забараняю! Катэгарычна! Хто імяніннік — я ці твой Спіноза? Вось… Вершамі кажы тост!

Кічкайла. Вершамі я не гатовы.

Салавейчык. Тады сядай і сядзі! Хто можа вершамі?

Божашуткава. Я. (Устае і цудоўна чытае.)

Жди меня, и я вернусь, Только очень жди. Жди, когда наводят грусть Желтые дожди. Жди, когда снега метут, Жди, когда жара. Жди, когда других не ждут, Позабыв вчера…