Выбрать главу

Кічкайла непрыкметна знікае.

Салавейчык. Старо! Старо, Рагнеда Іванаўна! Ты давай што-небудзь такое… пра любоў!

Божашуткава. А гэта хіба не пра любоў?

Салавейчык. Якая ж гэта любоў? Цяпер чалавеку любоў з сэксам патрэбна! Разумееш: с-э-к-с! Еўтушэнку ведаеш: «Ты говорила шепотом, а что потом, а что потом?..»? Га?

Божашуткава. Не, не ведаю…

Салавейчык. Ну хаця б Ясеніна Сяргея?

Божашуткава. Некалі ведала, а цяпер забылася…

Салавейчык. Якія ж з вас выхавацелі, калі вы ні Еўтушэнкі, ні Ясеніна не ведаеце?

Божашуткава. Зойка! За табою Еўтушэнка і Ясенін. Ды кінь ты есці цукеркі! Дыябет будзе!

Салавейчык. Няхай есць, не шкада. (Бярэ гітару і па-майстэрску робіць некалькі акордаў. Спявае.)

Сидели, ели мы цыпленка табака. А в это время нас попутала Чека — Зэка — Петрова, Васильева — зэка!

Божашуткава. Грыша! Гэта ж… вульгарна! Гэта ж крымінальшчына!

Салавейчык. Добра. Пераходжу на грамадзянскую лірыку, паколькі гэтага патрабуюць высокія госці! (Спявае.)

И рубают финики лопари, А в Сахаре снегу — невпроворот! Это гады физики на пари Раскрутили шарик наоборот! И не верится и верится, Что минует та беда! А шарик крутится и вертится И все время не туда!..

Божашуткава. Спяваеш ты, Грыша, цудоўна, як Лемешаў. Але густ у цябе…

Салавейчык. Пардон! Гэта мой лепшы рэпертуар!

Божашуткава. Нічога, хутка ў цябе будзе іншы рэпертуар. Гэта наш клопат… Зойка, ты ведаеш добрыя песні? Сучасныя?

Зойка, набіўшы рот цукеркамі, круціць галавой.

Няўжо ніхто з нас не ведае добрых песень?

І раптам зусім нечакана Сцепаніда Моўчан, якая драмала да гэтага часу ў крэсле, прыгожым голасам заспявала «Очи черные». І адразу падхапілі ўсе. Спяваюць добра, з пачуццём. З’яўляецца Кічкайла, якога цяпер не пазнаць. Ён у касцюме цыгана. На ім чырвоная кашуля, бліскучыя боты, нават завушніца ў адным вуху. Схапіўшы ў зубы нож, пускаецца ў скокі. Павязаўшы на галаву ручнік у выглядзе шалі, зрываецца з месца Божашуткава. Яна танцуе цудоўна, тэмпераментна, з нейкім асаблівым самазабыццём. У адным са складаных па яна пахіснулася і, напэўна, павалілася б, калі б яе не падхапіў Салавейчык.

Бурны танец ператвараецца ў агнявы віхор…

Заслона.

ЧАСТКА ДРУГАЯ

Карціна пятая

Кабінет дырэктара фабрыкі. У кабінеце — Добрых, Божашуткава і Дрозд. Усхваляваны Якаў Фаміч ходзіць з кутка ў куток, спыняючыся па чарзе перад тым, хто гаворыць.

Ізабела. І зноў жа, Якаў Фаміч… Танк каштуе восем рублёў, цягач — пяць, пісталет-аўтамат — сем рублёў. Для плана, вядома, ідэальна.

Якаў Фаміч. А што я магу зрабіць? Сабекошт, Ізабела Сямёнаўна, рэч упартая. Але ж мы апрача танка, цягача і аўтамата выпускаем больш за дзвесце відаў цацак. Гэта не так ужо і дрэнна!

Ізабела. Але якіх цацак, Якаў Фаміч. Якіх? Дзесяць гадоў аднаго піянера штампуем!

Божашуткава. Няпраўда! Няпраўда! Піянера мы асвоілі толькі летась! А да гэтага выпускалі акцябронка.

Ізабела. Прытрымліваючыся вашай логікі, Рагнеда Іванаўна, у наступным годзе мы асвоім камсамольца, а затым…

Якаў Фаміч. Не трэба так, Ізабела Сямёнаўна, не трэба. Гэта не робіць вам гонару.

Ізабела. Мне апрыкрала наша ўбоства думкі! У нас распрацаваны ўзоры новых цацак. Выдатных, прыгожых! Я ўзяла толькі некаторыя.

Божашуткава (з сарказмам). Хто ж аўтар гэтых унікальных шэдэўраў? Выпадкам не Таратута?

Ізабела. Таратута. Ну і што?

Божашуткава. Хм… Не дзіва, што вы так настойліва прабіваеце яго ўзоры!.. А хто за нас зробіць план, пакуль мы будзем эксперыментаваць з новымі ўзорамі? Вы пра гэта падумалі?

Ізабела. Але ж гэта проста нейкі ідыятызм, Якаў Фаміч! Так жа нельга далей працаваць! Жыць так нельга!

Божашуткава. А хто вас, уласна кажучы, трымае? Знайдзіце сабе работу адпаведна свайму высокаму інтэлекту!

Ізабела. Не, Рагнеда Іванаўна, я адсюль не пайду. Не пайду, таму што я невыпадкова выбрала сабе гэтую прафесію… А вось вам, відаць, рана ці позна, але прыйдзецца пайсці. Калі не зразумееце, што зараз канец дваццатага стагоддзя, а не васемнаццатага.