Выбрать главу

Божашуткава. На шчасце, гэта не залежыць ад вас — пайсці мне адсюль ці застацца!

Ізабела. На жаль, не ад мяне… Паглядзіце, Якаў Фаміч, хіба гэта лялькі? Гэта ж дэгенераты! Гэта ж нейкія квазімоды! Іх жа нельга перад сном дзецям паказваць! А сукенкі якія?

Божашуткава. Вы сама бессаромніца і лялек хочаце бачыць такімі ж? У міні-спадніцах! Дзяцей хочаце разбэшчваць!

Якаў Фаміч. Рагнеда Іванаўна! Ну што вы такое кажаце! У нас ідзе творчая размова, і ўжываць такога роду аргументы…

Ізабела. Я ўжо прывыкла да такіх папрокаў, Якаў Фаміч… Мы саромеемся жаночых каленяў, а потым абураемся, чаму нашы дзеці, убачыўшы Венеру Мілоскую або Данаю, непрыстойна хіхікаюць. Але гэта ўжо іншая тэма… Дзе каляровыя пластмасы, Якаў Фаміч? Дзе яркія фарбы? Чаму мы атрымліваем полісцірол толькі белага колеру? З яго ж не цацкі, а толькі нябожчыкаў рабіць!

Якаў Фаміч. Не даюць, Ізабела Сямёнаўна. Я прасіў.

Ізабела. Прасілі? Не прасіць, а патрабаваць трэба. У вас жа не прыватная майстэрня!

Якаў Фаміч. У каго патрабаваць?

Ізабела. У каго хочаце! У галоўснабе, у міністэрстве!..

Якаў Фаміч. У міністэрстве нічога няма!

Ізабела. Напішыце ў Саўмін, у ЦК!

Якаў Фаміч. Ну, вы скажаце!.. У ЦК! Цераз галаву свайго міністра? Ведаеце, што мне за гэта будзе?

Ізабела. Нічога вам за гэта не будзе! Вы ж кіраўнік, дырэктар!

Якаў Фаміч. Вы думаеце, што ў Саўміне і ЦК няма больш сур’ёзных праблем, чым дзіцячыя цацкі?

Ізабела. Напэўна, ёсць. Але вы зразумейце… У краіне амаль семдзесят мільёнаў дзяцей! Уяўляеце, што гэта такое? Наша прадукцыя не менш важная, чым трактары і аўтамабілі.

Божашуткава. Не, вы толькі паслухайце яе! Яна ўжо павучае дырэктара! Мы, бачыце, нейкія невукі, а яна — вундэркінд!

Якаў Фаміч. Ізабела Сямёнаўна… Я вас прашу… Выйдзіце адсюль… Я вас потым паклічу.

Ізабела моўчкі ўзнялася з-за стала, пастаяла крыху і амаль выбегла з кабінета.

Божашуткава. Правільна зрабілі, Якаў Фаміч, што выставілі яе за дзверы. Яна ўжо ні меры, ні такту не ведае. Сама сябе прызначыла ў ментары!..

Якаў Фаміч (раптам крычыць). Замаўчыце, Рагнеда Іванаўна! Я вас прашу — замаўчыце!

Паўза.

Божашуткава. Ну… Калі вы дазваляеце сабе гаварыць са мной такім тонам…

Якаў Фаміч. Яна ж, чорт пабяры, мае рацыю! Я ж таксама гэтак думаю! Ды вось не хапае смеласці сказаць пра гэта ўголас! Вось сядзіць у мяне недзе тут (стукае сябе ў грудзі) подленькі чалавечак, які не дае мне рот раскрыць, калі мне трэба гаварыць! Крычаць! Калі я абавязаны крычаць! Дык не… Гэты мярзотнік (зноў стукае сябе ў грудзі) хоча спакойнага жыцця! Хоча дажыць да пенсіі, да глыбокай старасці! Непрыемнасцей баіцца, лішніх турбот! Баіцца сапсаваць адносіны з начальствам!.. А яна вось не баіцца! Таму што гэтага мярзотніка ў яе няма! Таму гаворыць яна тое, што думае! Праўду гаворыць. А мы з вамі, Рагнеда Іванаўна, любім іншы раз прамаўчаць. Калі нам выгадна прамаўчаць… І кукіш у кішэні паказваем…

Сцэна паварочваецца, і мы бачым прыёмны пакойчык перад кабінетам дырэктара. Тут зараз толькі адна Ізабела. Моўчкі стаіць каля акна. Па яе плячах можна здагадацца, што яна плача.

Асцярожна ўваходзіць Андрэй, глядзіць на Ізабелу, ціха падыходзіць да яе.

Андрэй. Ну што? Не прайшлі?

Ізабела, не паказваючы твару, працягвае да Андрэя руку. Андрэй, адразу зразумеўшы, хуценька выцягвае з кішэні насавую хусцінку і кладзе яе ў руку Ізабелы. Выцершы вочы, Ізабела паварочваецца да Андрэя і сумна ківае галавой: «Не прайшлі».

Андрэй. Чаму?

Ізабела. План, тэхналогія, Божашуткава…

Паўза.

Андрэй. Паслухай, Іза… Зрэдку і я магу даць добрую параду. Плюнем мы на гэтую фабрыку! Хіба на ёй свет клінам сышоўся? Без работы не застанемся. У другі горад пераедзем!

Паўза.

Ізабела. Гэта было б здрадай.

Андрэй. Здрадай? Каму?!

Ізабела. Свайму дзяцінству. У дзіцячым доме мы самі сабе рабілі лялек… З розных рызманоў… Нязграбныя, няўклюдныя… А потым у нас з’явілася адна сапраўдная… Вялікая, прыгожая… Адна на ўвесь дзіцячы дом. А нас там было дзве сотні… Мы кармілі яе, купалі, лячылі, спявалі ёй песні… Па чарзе… Раз у тыдзень… І вось аднойчы маленькая дзяўчынка — яе Фросяй звалі — папрасіла ў мяне ляльку. Я не дала… Разумееш, раз у тыдзень?.. А ўначы яна памерла. Нешта з сэрцам… Ніколі сабе гэтага не дарую… Колькі жыць буду… Можа, вось тады я інтуітыўна і зразумела, што такое цацка для маленькага чалавека… Ах, Таратута, Таратута! (Хуценька адварочваецца да акна.)