Выбрать главу

Андрэй. Не трэба… Не трэба нікуды ехаць. Будзем тут.

Убягае Кічкайла.

Кічкайла (паказвае на дзверы). Там?

Андрэй. Там…

Кічкайла кідаецца да дзвярэй кабінета. Сцэна паварочваецца. Зноў мы бачым кабінет Якава Фаміча. Урываецца Кічкайла.

Кічкайла. Прашу пасадзіць мяне ў турму!

Паўза.

Якаў Фаміч. Вы пераблыталі адрас. З такім высакародным жаданнем трэба звяртацца да пракурора ці начальніка міліцыі. Можна ў ОБХСС.

Кічкайла. Я патрабую пасадзіць мяне ў турму!

Якаў Фаміч. Што вы і дзе натварылі?

Кічкайла. Ды не я! Не я, а Салавейчык! Ён жа ўсю фабрыку тэрарызуе! Яго ж усе, як чумы заразнай, баяцца. Я ўжо псіхам, шызафрэнікам зрабіўся! У мяне бяссонніца. Я ж нават дома, у сям’і, стаў заводзіцца з паўабарота! Толькі турма можа выратаваць мяне ад вар’яцкага дома.

Якаў Фаміч. Давайце больш стрымана, без эмоцый. Гэты спектакль тут недарэчы.

Кічкайла (смяецца нейкім вар’яцкім смехам). Спектакль? Правільна! Гэта ўжо спектакль! Захацеў, каб яму лепшы станок далі. Далі! Тры разы прэміі за рацпрапановы выплачвалі. А гэтыя рацпрапановы — цьфу! Захацеў бясплатную пуцёўку ў Крым. Далі! Гэтаму пародзістаму бугаю пуцёўку, калі ў мяне адных франтавікоў і партызан трыццаць дзевяць чалавек! Баксёр яму морду за жонку набіў, а мы яму страхоўку выплацілі! Няшчасны выпадак на рабоце, зваліўся чалавек з лесвіцы!..

Якаў Фаміч. А навошта вы ўсё гэта рабілі?

Кічкайла (смяецца). Навошта? Таму што ў мяне дзеці і я яшчэ пажыць хачу! Ён жа ледзь што — адразу сігнал у газету, у райком, у народны кантроль. Мяне ж праверкі замучылі! Я ж не працую, а толькі пішу тлумачэнні!

Якаў Фаміч. А ў вас што, капіркі няма?.. У мяне таксама было пяць камісій.

Кічкайла. Пяць? (Смяецца.) У мяне іх было ўжо ведаеце колькі?..

Якаў Фаміч. Потым, потым падлічым. Чаго ён цяпер хоча?

Кічкайла (звар’яцела рагоча). Дробязь! Патрабуе характарыстыку для турыстычнай паездкі за граніцу. Ну хоць бы ў сацыялістычную краіну! Дык дзе там! Яму падавай толькі Францыю ці Італію. У крайнім выпадку згодзен на скандынаўскія краіны.

Якаў Фаміч. Выгнаць яго к чортавай матары! Каб і духу ягонага не было на фабрыцы!

Кічкайла. Дык нельга ж выгнаць, Якаў Фаміч! Суд усё роўна адновіць. Спачатку патрэбны тры вымовы. А мы яму толькі адну далі. І тую суд адмяніў.

Якаў Фаміч. Выгнаць!

Кічкайла (зноў смяецца). Мы ж за яго паручыліся, Якаў Фаміч! На выхаванне ўзялі! Як жа звольніць цяпер?

Якаў Фаміч. Добра… Паклічце яго сюды.

Кічкайла выходзіць.

Ну, што ж вы маўчыце, Рагнеда Іванаўна? Дзе ваша красамоўства? Помніце, як вы ўгаворвалі мяне ў гэтым кабінеце? І ўгаварылі…

Уваходзяць Салавейчык і Кічкайла. Салавейчык трымаецца салідна, упэўнена. Падыходзіць адразу да стала, вітаецца з усімі за руку, садзіцца, не чакаючы запрашэння.

Салавейчык. Я слухаю вас, Якаў Фаміч.

Якаў Фаміч. Кажуць, у вас зноў нейкія прэтэнзіі да фабкома, да кіраўніцтва фабрыкі? На што вы скардзіцеся?

Салавейчык. Я скарджуся? Я не скарджуся, а крытыкую. Вось гэты дзеяч (паказвае на Кічкайлу) заціскае рабочы клас. Не дае, разумееце, ніякага ходу. Нібыта ў нас не дзяржава рабочых і сялян, а нейкая задрыпаная капіталістычная краіна.

Якаў Фаміч. Ну, гэта ж не зусім так, таварыш Салавейчык. Вы і прэміі атрымліваеце, і пуцёўкамі карыстаецеся.

Салавейчык. Як усякі працоўны. Маю поўнае права.

Якаў Фаміч. І ўмовы вам на рабоце стварылі такія, якіх вы, можа, і не заслугоўваеце…

Салавейчык. А чаму мяне не хочуць пускаць за граніцу? Чаму не даюць характарыстыкі? Я што — заразны? Ці не такі грамадзянін СССР, як усе іншыя? Магу зараз пашпарт паказаць!

Паўза.

Якаў Фаміч. Бачыце, якая справа, Рыгор Рыгоравіч… Мы не можам рэкамендаваць вас для замежнай паездкі.

Салавейчык. Не можаце? Дазвольце даведацца — чаму?