Выбрать главу

Якаў Фаміч. Разумееце, Рыгор Рыгоравіч… Ну, калі гаварыць ужо зусім шчыра… Мы не давяраем вам.

Салавейчык. Думаеце, застануся там? Ха-ха-ха! Не такі я дурань, як вы думаеце!

Якаў Фаміч. Не, мы гэтага якраз не баімся, што вы там застанецеся.

Салавейчык. Тады ў чым справа? Што вам канкрэтна не падабаецца? Толькі канкрэтна!

Якаў Фаміч. Канкрэтна?.. Ваш, так сказаць, маральны воблік, Рыгор Рыгоравіч. Мы баімся, каб за мяжой не падумалі, нібыта ў нас тут усе такія. А вы ж… унікум!..

Салавейчык. Ах, вам не падабаецца мой маральны воблік! Хвілінку. Зараз я вам дакажу, што вы гаворыце лухту! (Выцягвае з кішэні і беражліва разгортвае паперу.) Вось, калі ласка!.. Копія той характарыстыкі, якую вы паслалі ў міліцыю! І тут вы, між іншым, сцвярджаеце, што Салавейчык… Таварыш Салавейчык Р. Р. — маральна ўстойлівы, высокасвядомы, працуе над павышэннем… Над павышэннем — значыць, ёсць што павышаць! — свайго агульнаадукацыйнага, палітычнага і культурнага ўзроўню, акуратна выконвае грамадскія даручэнні і гэтак далей, і гэтак далей. Зачытаць поўнасцю ці дастаткова цытаты?.. Пячатка з гербам, подпіс ваш, Рагнеда Іванаўна. Пра чалавека недастойнага так не пішуць. Гэта ж, прабачце, не характарыстыка, а прадстаўленне да ордэна «Знак Пашаны»!

Божашуткава. Мы пісалі гэтую характарыстыку, каб выратаваць вас ад турмы!

Салавейчык. Ды ну? А што вы казалі на таварыскім судзе, Рагнеда Іванаўна? Хвілінку!.. (Шукае ў кішэнях, выцягваючы адтуль паперкі, знаходзіць патрэбную, чытае.) «Я толькі вось што хачу сказаць, Грыша Салавейчык — член нашага калектыву. І калі ён зрабіў нешта недазволенае, нядобрае, то ў першую чаргу вінаваты не ён, а мы. Так-так, мы!..» Можа, вы, Рагнеда Іванаўна, гэтага не гаварылі? Можа, я няправільна запісаў? Наблытаў?

Божашуткава. Паслухайце, грамадзянін Салавейчык!..

Салавейчык. Ну вось бачыце… Я ўжо стаў грамадзянінам Салавейчыкам. А яшчэ зусім нядаўна я быў для вас проста Грыша…

Божашуткава. Так, я гэта гаварыла, не адмаўляюся. Вы правільна запісалі, Салавейчык. Не наблыталі. Я гаварыла толькі для таго, каб выратаваць вас! Выратаваць ад турмы! Але ж вы на таварыскім судзе публічна ва ўсім прызналіся! Прызналіся і шчыра раскаяліся! Хіба не было гэтага?

Салавейчык. Фантазія!

Божашуткава. Як?.. Гэта ж усе чулі!

Салавейчык. Што чулі? Што я чытаў? Дык я ж чытаў тую прамову, якую вы для мяне напісалі! Не гаварыў, а чытаў. Чаму я павінен адказваць за тое, што хтосьці штосьці напісаў? Хто напісаў, той няхай і адказвае!

Божашуткава. Гэта ж подла, грамадзянін Салавейчык!

Салавейчык. Нядобра так лаяцца, Рагнеда Іванаўна. Непрыгожа. Узяліся мяне выхоўваць, а самі нядобрымі словамі лаецеся, вучыце мяне подласці. Пісьмовую хлусню падмацоўваеце гербавай пячаткай. І выказваеце нездавальненне маім маральным воблікам.

Божашуткава. Так… Цяпер я раскайваюся.

Салавейчык. У чым? Ну, дапусцім, вы манілі міліцыі, пракуратуры з высакароднай мэтай. Дапусцім… Хаця, вядома, гэта вас не ўпрыгожвае… Дапускаю, што на таварыскім судзе вы таксама пакрывілі душой з высакародным намерам. Гэта зноў-такі не ў вашу карысць. Не ўпрыгожвае ваш маральны воблік…

Божашуткава. Грамадзянін Салавейчык! Я вас папрашу не забывацца!

Салавейчык. Не, паважаная Рагнеда Іванаўна, забываецеся вы, а не я. Хто вас цягнуў за язык у мяне на імянінах? Хвілінку! (Корпаецца ў кішэнях.) Хвілінку, зараз знайду… Вось яны, вашы экспромты, таварыш Кічкайла! Пазнаеце почырк? Не, гэта не тое… Не тое… Гэта пра каханне, гэта пра жанчын… Гэта за мой вясёлы адпачынак. Ага, вось ён!.. «Добры работнік… Добры чалавек… Таленавіты самародак…» Гэта ўсё пра мяне. Пра аднаго мяне. Вы паперкі выкінулі, а я іх падняў. Хаваю. На ўсякі выпадак. Не, я не стану імі злоўжываць, шантажыраваць. Але давайце ўсё ж не траўміруйце яго вялікасць рабочы клас… Не трэба. Рыхтуйце дакументы для маёй загранічнай паездкі. Абрыдла, ведаеце, сядзець на адным месцы. Трэба прашвырнуцца па Еўропах. Гуд бай!

Салавейчык працягвае на развітанне руку. Як загіпнатызаваныя, паціскаюць яе Якаў Фаміч, Божашуткава, Кічкайла. Паўза. Кічкайла глядзіць услед Салавейчыку і смяецца вар’яцкім смехам.

Якаў Фаміч (крычыць). Перастаньце, чорт вас пабяры! (Божашуткавай.) Ну?! Цяпер вы пачынаеце разумець, што нарабілі?

Божашуткава. Пачынаю…