Выбрать главу

Ягадка. Твіст або шэйк?

Божашуткава. Не… «Цыганачку».

Ягадка. Так… А вось на цвярозую галаву ці сталі б вы скакаць гэтую… «Цыганачку»?

Божашуткава. Не, пэўна, не стала б… Я ўжо нават не прыпомню, калі танцавала ў апошні раз… Сама не разумею, як гэта магло здарыцца…

Ягадка. А што ж тут разумець, мая мілая? П’яная жанчына ўсё можа. Не толькі «Цыганачку», але і сёе-тое іншае… Скажыце, у той вечар нічога такога… іншага не было?

Божашуткава. Што вы маеце на ўвазе?

Ягадка. Ну, самі разумееце… Мужчын было трое, жанчын таксама трое…

Божашуткава (успыхнуўшы). Не, нічога «іншага» не было! І не магло быць!.. Скажыце, Варвара Феафілаўна, пісьмо вам Салавейчык напісаў?

Ягадка. Якая вам розніца — хто напісаў? Нават калі і Салавейчык…

Божашуткава. Дык ён жа разам з намі піў! Піў больш за ўсіх нас разам узятых!

Ягадка. Ёсць дзве акалічнасці, якія змякчаюць яго віну.

Божашуткава. Цікава, якія ж?

Ягадка. Ну, па-першае, ён сумленна ва ўсім прызнаўся і раскаяўся.

Божашуткава. Гэта ён можа!..

Ягадка. А па-другое… Вось паслухайце. (Чытае.) «Я горка раскайваюся, што па сваёй легкадумнасці і нявопытнасці стаў міжвольным саўдзельнікам гэтай агіднай папойкі. Так, я таксама піў разам з імі. Вымушан быў піць. Але прашу ўлічыць, што мяне адразу ж званітавала. Так што я нібыта і не піў зусім…»

Божашуткава. Гэта ж… езуіцтва!

Ягадка. Таварыш Божашуткава! Не трэба кідацца такімі абвінавачваннямі! Атрымліваецца так: ён усё ўсвядоміў, шчыра прызнаўся, а вы адмаўляеце, цямніце. Вы і не пілі, і другіх не падбухторвалі піць, і благіх намераў у вас не было. Адным словам, не жанчына, а анёл… Херувім! Толькі крыльцаў не хапае. Я б на вашым месцы згарэла ад сораму! Ідзіце. І папрасіце гэтую… Як яе? Ізабелу Дрозд. Не прадпрыемства, а нейкі прытон!

Пахіснуўшыся, Божашуткава выходзіць. Ягадка зацягваецца, доўга глядзіць ёй услед, адкладвае папяросу і піша. Уваходзіць Ізабела.

Паўза.

Вы заўсёды ходзіце ў такой спадніцы?

Ізабела. Заўсёды. А што?

Ягадка. Нічога. Проста так спытала… Вы ведаеце, навошта я вас запрасіла?

Ізабела. Здагадваюся.

Ягадка. Дык гэта праўда?

Ізабела. Што іменна?

Ягадка. Што вы з хуліганскімі намерамі ўдарылі слесара Салавейчыка па твары?

Ізабела. Не, няпраўда.

Ягадка. Няпраўда?

Ізабела. Няпраўда, што я яго ўдарыла. Я яму добра-такі надавала па фізіяноміі.

Ягадка. За што?

Ізабела. За хамства.

Ягадка. Ён прыставаў да вас?

Ізабела. Прыставаў…

Ягадка. Як? У якой форме? Пастарайцеся больш канкрэтна. Мне трэба запісаць… (Паўза.) Ну, што ж вы маўчыце?

Ізабела. Прабачце, калі ласка… Вас мужчыны калі-небудзь лапалі?

Ягадка (сумеўшыся). Як гэта?

Ізабела. Ну, хапалі вас за калені ці яшчэ за якія-небудзь месцы? Было гэта?

Ягадка (абурана). Ну, ведаеце! Я б ніколі гэтага не дазволіла!

Ізабела. Вось і я не дазволіла. Дык чаму ж вы бачыце ў маёй асобе злачынцу і робіце гэты, прабачце, бязглузды допыт? Хамаў трэба выхоўваць усімі даступнымі сродкамі. Ці, можа, вы супраць?

Ягадка (збянтэжана). Вы маглі б зрабіць гэта неяк больш далікатна. Неабавязкова ж адразу… па фізіяноміі!

Ізабела. Разумееце… Даруйце, не маю гонару…

Ягадка. Варвара Феафілаўна.

Ізабела. Разумееце, Варвара Феафілаўна… Хам таму і хам, што ён не прызнае звычайных норм чалавечага абыходжання. Прыгожыя і правільныя словы на яго проста не дзейнічаюць. Інакш ён не быў бы хамам.

Ягадка. Колькі разоў вы яго ўдарылі?

Ізабела. Чатыры ці пяць. Можа, нават і больш. Не памятаю дакладна, не лічыла.

Ягадка. Маглі б абмежавацца і адной аплявухай. (Запісвае.) «Ударыла два ці тры разы…»

Ізабела. Чатыры ці пяць…

Ягадка. «Ударыла два ці тры разы, дакладна не памятаю…» Ну, гэта я яшчэ магу зразумець. Ну, а навошта вы, інтэлігентны чалавек, публічна абразілі яго? Пры людзях. Навошта вам гэта было?

Ізабела. Абразіла? Публічна? Штосьці я гэтага не прыпомню.

Ягадка (заглядваючы ў паперы перад сабой). Калі быў таварыскі суд, вы назвалі яго пры ўсіх траянскім… жарабцом.