Выбрать главу

Ізабела. Даруйце, у вас недакладна запісана. Я назвала яго траянскім канём.

Ягадка. А хіба гэта не адно і тое ж?

Ізабела. Не зусім…

Ягадка (запісвае). «Назвала яго не траянскім жарабцом, а траянскім канём…»

Ізабела (у тон ёй). Хаця першае, бадай, будзе больш трапным у адносінах да Салавейчыка… Паслухайце, Варвара Феафілаўна… Вы сапраўды хочаце ўзяць пад абарону гэтага траянскага… каня?

Ягадка. Калі чалавеку нос расквасілі, трэба ж у гэтым хоць разабрацца як след. У нас, дзякуй богу, законы ёсць, і рукапрыкладства ніколі не ўхвалялася.

Ізабела. Добра. У такім разе я пастараюся спрасціць вашу місію. Пішыце. Я буду дыктаваць. «Я, Ізабела Дрозд, ударыла чатыры ці пяць разоў…»

Ягадка (піша). «…два ці тры разы…»

Ізабела (дыктуе). «…чатыры ці пяць разоў грамадзяніна Салавейчыка па фізіяноміі». Прабачце, па твары. «За непавагу да жанчыны, за абразу яе жаночага і чалавечага гонару. Калі падобнае здарыцца яшчэ раз, стукну яго малатком ці кувалдай па галаве, тым, што трапіць мне пад руку».

Ягадка (паспешліва запісвае). «…малатком ці кувалдай па галаве, тым, што трапіць мне пад руку».

Ізабела. «Не магу даць гарантыі, што ў гэты момант не адбудзецца забойства». Усяго добрага!

Ізабела шпарка выходзіць.

Ягадка (піша). «Не магу даць гарантыі, што ў гэты момант не адбудзецца забойства. Усяго добрага». Э!.. Пачакайце! Куды ж вы?!

І раптам нястрымна зарагатала.

Ну і дзеўка! Чорт у міні-спадніцы, а не жанчына! Дальбог, яна мне падабаецца! (Перачытвае.) «Стукну яго малатком ці кувалдай па галаве, тым, што трапіць мне пад руку».

Рагоча і выцірае слёзы насоўкай. Нясмела, бачком уваходзіць Кічкайла. Ягадка адразу гасіць смех і робіцца непазнавальнай.

Кічкайла. Добры дзень… Кічкайла маё прозвішча.

Ягадка. Добры дзень. Ведаю. Сядайце. Старшыня фабрычнага камітэта?

Кічкайла. Так точна!

Ягадка. Таварыш Кічкайла, колькі прафсаюзных сродкаў пайшло на калектыўную п’янку?

Кічкайла (адразу спацеў, выцірае лоб). Дваццаць пяць рублёў.

Ягадка. Вось людзі! Дай вам волю, вы ўсю дзяржаву праз бутэльку прапусціце!

Кічкайла. Гэта не на гарэлку… Гэта на падарунак. Мы яму брытву электрычную купілі — «Харків»…

Ягадка. «Харків», значыць?

Кічкайла. Ага, «Харків». А на астатняе кветак…

Ягадка. А гарэлка, закусь?

Кічкайла (выцірае спацелы твар). За свае, у складчыну. Але я асабіста п’ю толькі сухое… У мяне парок сэрца. Камбінаваны, левага жалудачка. Я нават курыць кінуў праз гэта.

Ягадка. Як вы паводзілі сябе на вечары?

Кічкайла (выцірае лоб). Як паводзілі?.. Трохі выпілі, трохі закусілі. Потым песні спявалі…

Ягадка. Якія песні?

Кічкайла. Ужо не прыпомню…

Ягадка. А вы ўспомніце, успомніце!..

Кічкайла. Гэта так важна?

Ягадка. А як жа? Адразу стане зразумела, які характар насіла ваша ігрышча.

Кічкайла (выцірае лоб). Здаецца… «Черные глаза».

Ягадка. Напэўна, вы хацелі сказаць «Очи черные»?

Кічкайла. Во-во, іменна гэту!

Ягадка. А вы што, іншых песень не ведаеце? Скажам, «Падмаскоўныя вечары» або «Карабейнікі»? «Очи черные» — гэта ж любімая песня нэпманаў і ўсялякай белагвардзейшчыны! А вы — член партыі, старшыня фабкома. Ці не памыліўся калектыў, вылучаючы вас на гэтую пасаду?

Кічкайла. Напэўна, памыліўся. Напэўна.

Ягадка. Скажыце, таварыш Кічкайла, гэта праўда, што вы там цыгана з сябе строілі?

Кічкайла. Строіў…

Ягадка. Пад Слічэнку, значыць, працавалі?

Кічкайла. Не… Я так… Сам па сабе…

Ягадка. Арыгінальны жанр, так сказаць?.. Дзе вы ўзялі цыганскі касцюм?

Кічкайла. У клубе, у самадзейнасці… Я там калісьці Алека іграў…

Ягадка. І нож у зубы бралі?

Кічкайла (выціраючы лоб). Ага, браў…

Ягадка. Навошта?

Кічкайла. Не ведаю…

Ягадка. Кіньце, так не бывае! Дарослы чалавек і раптам не разумее, што ён робіць і навошта. Вы былі п’яны?