Выбрать главу

Якаў Фаміч. Гэта вы пра мяне так?

Ягадка (рагоча і махае рукамі). Ды не! Што вы! Што вы! Гэта я ўспомніла вашу Дрозд… Сапраўды ў яе можна закахацца. Не толькі прыгожая, але і разумная. Кажуць, што гэтыя дзве якасці не так часта супадаюць у жанчыне… Як бачыце, я самакрытычная.

Якаў Фаміч. Ёсць у ёй нешта значна большае, чым проста розум… Нейкае асаблівае, абвостранае непрыняцце зла і несправядлівасці. Нейкая, ведаеце, дзівосная бескампраміснасць.

Ягадка. Але ж вось кватэрку вы ёй не далі! Тры гады дзеўка ў інтэрнаце пакутуе. І расла без бацькоў, сірата.

Якаў Фаміч. Што зробіш — незамужняя! Да такіх чарга не хутка прыйдзе.

Ягадка. Вы можаце і без чаргі. Далі ж вы без усякай чаргі са свайго дырэктарскага фонду дзве кватэры. І абедзве — адзінокім жанчынам, бязмужнім. Лазаравай і Антаненка. Асобныя, з усімі выгодамі, у ціхім завулку. Можа, іменна тая акалічнасць, што яны бязмужнія, і ўзяла верх над іншымі меркаваннямі?

Якаў Фаміч. Ах, Салавейчык, Салавейчык!.. Уявіце, вы адгадалі. Іменна тая акалічнасць, што яны, як вы мелі ласку сказаць, бязмужнія, і ўзяла верх над усімі меркаваннямі.

Ягадка (смяецца). І абедзве зграбныя, я сказала б, нават прыгожыя.

Якаў Фаміч (садзіцца ў крэсла). У адной муж памёр, на руках засталося двое дзяцей… Другая — маці-адзіночка…

Ягадка. Ведаю, ведаю, Якаў Фаміч. Я ўжо гаварыла і з адной, і з другой. Добрыя жанчыны. Яны ж моляцца на вас!

Якаў Фаміч (усміхаючыся). Значыць, чакайце пісьма ад Салавейчыка, дзе ён будзе сцвярджаць, што я Ісус Хрыстос.

Ягадка (смеючыся). А можа, і Ісус Хрыстос не такі ўжо бязгрэшны? Ды вы не бойцеся. Начальства, калі і даведаецца, стружку з вас добрую здыме, і на гэтым усё закончыцца. Мужчынам гэта заўсёды неяк лёгка сыходзіць з рук. Самае горшае — часовае паніжэнне па службе. (Уздыхае.) Павінен жа нехта і ўдоў прылашчыць? Як вы лічыце, Ісус Хрыстос?.. (Збірае паперы ў папку.) Думаеце, Якаў Фаміч, для мяне гэтая размова прыемная?.. Я веру вам… Кожнаму вашаму слову… Сёння я шмат што зразумела. Ведаеце, што я зраблю? Пайду я ў самыя высокія інстанцыі і скажу там… (З трывогай глядзіць на Якава Фаміча.) Якаў Фаміч, што з вамі?

Якаў Фаміч сядзіць у крэсле. На твары яго ўсмешка. Нічога страшнага — ён проста памёр. Ягадка з жудасцю ўскаквае і крычыць:

Якаў Фаміч! Якаў Фаміч! Гэй! Ёсць тут хто-небудзь? Людзі!..

Убягаюць Ізабела і Божашуткава.

Божашуткава. Што такое? Што здарылася?

Ягадка. Доктар! Хутчэй доктара!

Божашуткава кідаецца да тэлефона, набірае нумар.

Ізабела (якая ўжо паслухала пульс у Якава Фаміча і ўсё зразумела). Позна… Позна ўжо…

Ягадка. Што ж гэта такое? Ён жа смяяўся. Ён жа смяяўся… Толькі што…

Заслона.

Карціна восьмая

Той жа кабінет дырэктара. Толькі за сталом ужо Ізабела Сямёнаўна Дрозд. Гаворыць па тэлефоне.

Ізабела. Мікалай Аляксандравіч, я ўсё добра ўзважыла… Як член партыйнага бюро я гатова панесці любое спагнанне… Правільна, мне трэба было ўмяшацца, а я… Ну, лічыце, што я збаялася… Так, мы ўжо папрасілі вярнуць нам і характарыстыку, і пратакол сходу, і рашэнне таварыскага суда… Як фальсіфікаваныя. На цэхавым сходзе, дзе Салавейчыка бралі на парукі, яго прыяцелі нікому не далі рот раскрыць. На таварыскім судзе, апрача іх, таксама нікога не было. Суд зрабілі ў рабочы час… Прысутнічалі толькі клакеры, падрыхтаваныя Божашуткавай… Не, я аказалася там зусім выпадкова… Дзякую! Я вельмі рада, што вы мяне падтрымліваеце. А калі вы яшчэ і на сход прыедзеце, увогуле будзе здорава… Рагнеда Іванаўна? (Уздыхае.) Не ведаю, Мікалай Аляксандравіч, не ведаю… Відаць, згоды між намі не будзе. Напэўна, ёй лепш пайсці ад нас… У першую чаргу лепш для яе… Паглядзім. Дык вы прыедзеце? Да сустрэчы! (Паклала трубку і адразу зняла другую.) Іван Пятровіч, зайдзіце, калі ласка, да мяне.

Разглядае і падпісвае паперы. Уваходзіць Кічкайла.

Іван Пятровіч, аб’явіце зараз у цэхах, што сёння пасля работы агульны сход.

Кічкайла. А там… згадзіліся?

Ізабела. Згадзіліся.

Кічкайла. Ізабела Сямёнаўна!.. Можна вас пацалаваць?

Ізабела. Толькі пры народзе, Іван Пятровіч. А то зойдзе хто-небудзь у кабінет і падумае…

Кічкайла. Будзе зроблена, Ізабела Сямёнаўна!