Ізабела. Не можа ў нас з вамі быць міру, Салавейчык. Розныя мы з вамі птушкі…
Салавейчык. Чаму? Я ж савецкі чалавек!.. Вы ведаеце, якія ў мяне правы?
Ізабела. Не, гэта вам толькі так здаецца… (Паказвае папку.) Вось тут уся ваша біяграфія, усё жыццё.
Салавейчык. А вы на жывога чалавека глядзіце, а не на паперкі!
Ізабела. Дзякую, нагледзеліся. Я пацікавілася, чаму вы так часта мянялі работу…
Салавейчык. Па ўласнаму жаданню!
Ізабела (праглядвае паперы ў папцы). Так, сапраўды, па ўласнаму. Навучыліся вы спекуляваць на чалавечай дабраце! Нават вялікім майстрам сталі. Раўні вам няма. Вось… У адным месцы вы ўзялі чужы матацыкл. Пакатацца хацелі! І разбілі…
Салавейчык. Заплаціў!
Ізабела. Так, заплацілі. І давялося пайсці па ўласнаму жаданню. Брыдка лаяліся на вуліцы… Даравалі вам… Бегалі з нажом за жонкай…
Салавейчык. Дык жа за сваёй, а не за чужой! Папужаць хацеў! (Выцірае ўзмакрэлы лоб.)
Ізабела. Вынеслі вядро фарбы з фабрыкі.
Салавейчык. Вярнуў!
Ізабела. Зноў вам даравалі і нават дазволілі пайсці па ўласнаму жаданню. Не хацелі людзі сябе ганьбіць. І гэтак далей, і гэтак далей. Усё, больш амністый не будзе, Рыгор Рыгоравіч!
Салавейчык. Не звальняеце, дык хоць скараціце! Ёсць жа такі артыкул — скарачэнне штатаў!
Ізабела. Не, для вас няма.
Салавейчык. Улічыце, я бацька-адзіночка. У мяне ж дзіцё ёсць!
Ізабела. Не, Салавейчык. На гэты раз вам нішто і ніхто не паможа.
Салавейчык. Ну, мы яшчэ паглядзім, чый верх будзе!
Салавейчык выходзіць, сутыкнуўшыся ў дзвярах з Божашуткавай. Яна выглядае так, нібыта пастарэла гадоў на дзесяць.
Божашуткава. Добры дзень.
Ізабела. Добры дзень, Рагнеда Іванаўна. Сядайце… Добра, што вы прыйшлі. Мне трэба з вамі пагаварыць.
Божашуткава. Не трэба… Нічога не трэба гаварыць… Я вам скажу… (Паўза.) Не атрымалася… Жыццё маё не атрымалася… Мужа няма… Пакінуў мяне… Відаць, са мной яму было дрэнна… Напэўна… Дзяцей таксама няма… Адна. Кар’еры не атрымалася… Я шчыра хацела памагчы Салавейчыку. Не толькі яму… Спадзявалася, пашанцуе з Салавейчыкам, заўважаць мяне… Зробяць дырэктарам фабрыкі пасля таго, як Якаў Фаміч пойдзе на пенсію… Усё не атрымалася… Абсалютна ўсё… Божашуткава! Злосна пажартаваў з мяне гасподзь бог! Вельмі злосна. А за што? Не ведаю… (Паўза.) А вас я ненавідзела… Зайздросціла і ненавідзела… За тое, што вы разумная. За тое, што можаце, не баючыся, сказаць праўду ў вочы. Любую і кожнаму. Нават нагрубіяніць… За тое, што можаце надзець вось такую спадніцу. А я ўжо не магу… Прайшло маё жыццё. А я нібыта і не жыла зусім… Нібыта ў сне ўсё ўбачыла. Я разумею: тое, што я кажу, — глупства. Пра зайздрасць, пра спадніцу… Але ж баба застаецца бабай — галоўны канструктар яна або міністр… Чаму я ўсё гэта вам гавару?.. Не ведаю… Напэўна, таму, што вы разумны чалавек. Я зразумела гэта даўно. (Выцягвае з сумачкі ліст паперы.) Вось, вазьміце.
Ізабела. Што гэта?
Божашуткава. Заява. Па ўласнаму жаданню…
Ізабела прачытала заяву. Паўза. Ізабела моўчкі парвала заяву на дробныя кавалачкі і выкінула яе ў кошык.
Ізабела (ціха). Ідзіце, Рагнеда Іванаўна, і працуйце…
Паўза.
Божашуткава. Вы нават лепш, чым я пра вас думала. Значна лепш… Дзякую… Вы ўгадалі… Фабрыка — гэта ўсё, што ў мяне засталося. Мне няма куды пайсці.
Божашуткава ідзе да дзвярэй, спыняецца.
Паслухайце… Калі пойдзеце ў гарком ці ў міністэрства… надзеньце другую спадніцу. Я не адна такая…
Выходзіць. Праз секунду ў дзвярах паказваецца Андрэй.
Андрэй. Ці можна да вас, таварыш дырэктар? Ужо цэлую гадзіну марнею ў прыёмнай. Гэта ўжо падобна на бюракратызм!
Ізабела (строга, афіцыйна). Якая ў вас да мяне справа, таварыш Таратута?
Андрэй. Рацпрапанова. Вельмі важная… Нават самая важная ў маім жыцці.
Ізабела. Тады вам патрэбна не да мяне, а ў БРЫЗ.