Божашуткава. Але ў нас з вамі няма іншага выйсця… Ёсць яшчэ адна непрыемная справа, Якаў Фаміч.
Якаў Фаміч. Ха! Калі гэта бяда хадзіла адна!.. Якая?
Божашуткава. Я зноў пра гэтую Дрозд…
Якаў Фаміч. Зноў вашы мадэлі рэжа?
Божашуткава. Яна ўвесь калектыў рэжа, Якаў Фаміч!
Якаў Фаміч. Якім чынам?
Божашуткава. Ці бачылі вы, у якой спадніцы яна ходзіць па фабрыцы. Увойдзе ў цэх — уся работа спыняецца. Усе мужчыны ад семнаццаці да шасцідзесяці на яе міні-спадніцу вочы вылупліваюць. Больш правільна — не на спадніцу, а на яе ногі. На калені!
Якаў Фаміч. Прыгожыя ногі, таму і глядзяць. Не разумею, якая ў гэтым крамола? Жаночае цела спакон вякоў лічылася ідэалам прыгажосці і наогул усялякай гармоніі…
Божашуткава. Няхай яны гэтай гармоніяй у музеях цешацца. Там усе статуі ў касцюмах Адама і Евы. А на вытворчасці, Якаў Фаміч…
Якаў Фаміч. Няўжо вы хочаце, Рагнеда Іванаўна, каб я яшчэ жаночымі спадніцамі займаўся, нарматывы ўводзіў — каму насіць ніжэй калена, а каму вышэй? Жанчына ёсць жанчына!
Божашуткава. Яна не жанчына!
Якаў Фаміч. А калі дзяўчына — тым больш!..
Божашуткава. Яна не жанчына і не дзяўчына. Яна член партыі!
Якаў Фаміч. А што, хіба член партыі бясполая істота? Я, напрыклад, лічу сябе ў некаторай ступені мужчынам.
Божашуткава. Міні-спадніца не да твару савецкай жанчыне ўвогуле. Дрозд — член партбюро, галоўны мастак фабрыкі, у нейкім сэнсе заканадаўца мод. На яе гледзячы…
Якаў Фаміч. Усе жанчыны стануць насіць міні-спадніцы?.. Кіньце, Рагнеда Іванаўна! Не хачу слухаць! Па мне, дык няхай яна хоць галышом бегае. Калі прастуды не баіцца… Не было б большай бяды. Не нам з вамі спадніцамі займацца!
Божашуткава. Ну, ведаеце, Якаў Фаміч!..
Якаў Фаміч. Я ведаю, што ў мяне сёння няма ліставой сталі, што нам на трэці квартал піламатэрыялы ўрэзалі, будзем рабіць цацкі з паветра! Патэнт возьмем — цацкі з паветра! Заўтра пластмасы канчаюцца, а латэкса ўжо цэлы тыдзень няма. Вось што я ведаю! А тут яшчэ Салавей-разбойнік на маю галаву зваліўся! З мяне хопіць. Вось так, хопіць! Ідзіце, Рагнеда Іванаўна, і займіцеся лепш танкам.
Божашуткава. Добра, Якаў Фаміч. Але запомніце, што я вас папярэджвала. І калі ўзнікне персанальная справа аб маральным вобліку таварыш Дрозд…
Якаў Фаміч. Я скажу, што вы мяне своечасова папярэджвалі…
Божашуткава выходзіць.
Заслона.
Карціна другая
Клуб фабрыкі цацак. На сцэне, накрыты чырвоным, стол для членаў суда і трыбуна; лаўка, задрапіраваная чорным, — для Салавейчыка і два рады крэслаў для сведак і клакераў. На сценах плакаты і лозунгі: «Ганьба Салавейчыку!», «Скажам хуліганам і п’яніцам — не!», «Наша лепшая зброя — прынцыповасць!». Сэнс лозунгаў і плакатаў рэзка супярэчыць сэнсу тых падзей, якія будуць адбывацца на сцэне.
У кутку Андрэй і Ізабела. Ізабела ў смелай міні-спадніцы.
Ізабела. Каб ты толькі ведаў, як вы мне надакучылі! Ну няхай Божашуткава… Гэта мяне не дзівіць. Гэта ж поп Гапон у спадніцы. А вось ты, Таратута! Сучасны чалавек! Інтэлігент! Няўжо ты не разумееш элементарных рэчаў? Мо-да! Зменіцца мода, і я апрану крыналін ці андарак! Вунь, кажуць, Еўропа ўжо пераходзіць на мідзі і максі. Толькі я супраць іх. Тут я хачу застацца кансерватарам.
Андрэй. А калі мама не хоча лічыцца з модай? А мне ж трэба цябе з ёю пазнаёміць. Яна ўжо тры разы прасіла, каб я прывёў цябе. Паслухай… Ну, ідучы да нас, ты можаш надзець што-небудзь іншае? Можаш ці не? Адзін раз!
Ізабела. Ідучы да вас? Не, не магу. У мяне проста няма нічога іншага.
Андрэй. Хочаш, я куплю табе што-небудзь?
Ізабела. Не, Таратута. Я прынцыповая. Не хачу двурушнічаць і прыкідвацца не тым, хто я ёсць. Мне гэта агідна. Тым больш — перад тваёй маці. І потым… Навошта хаваць тое, чым адарыла жанчыну прырода? Можа, скажаш, што ў мяне ногі непрыгожыя?
Ізабела ўстала і прайшлася. Андрэй, не тоячыся, любуецца яе фігурай і сапраўды вельмі прыгожымі нагамі.
Андрэй. Прыгожыя.
Ізабела. Ну вось бачыш? Дык навошта ж я павінна іх хаваць? Вось калі будзе мне семдзесят… Ну, ці хаця б шэсцьдзесят пяць…
Андрэй (крычыць). А я не хачу, каб усе мужчыны на твае ногі глядзелі! Разумееш? Не хачу!
Ізабела. Ах, вось яно што! Эгаіст ты, Таратута! Эгаіст і дробны ўласнік. Не пайду я за цябе замуж.