Андрэй. Не трэба, Іза. Мне не да жартаў.
Ізабела. Чаму ты думаеш, што я жартую? Я сур’ёзна.
Уваходзіць Божашуткава.
Божашуткава. Што гэта вы тут робіце?
Ізабела. А ў нас тут, Рагнеда Іванаўна, любоўнае спатканне.
Божашуткава. У рабочы час?
Ізабела. Прызначылі ж вы суд у рабочы час! Чаму мы не можам прызначыць спатканне?
Божашуткава. Шкада мне вас, Андрэй Іванавіч. Прападзяце вы з ёй.
Андрэй (успыхнуўшы). Не трэба, Рагнеда Іванаўна!.. Мы як-небудзь самі…
Божашуткава. Вы хочаце прысутнічаць на судзе?
Ізабела. А што? Хіба нельга?
Божашуткава. Не, чаму ж… Нават пажадана, каб вы выступілі. Ад імя ІТР.
Ізабела. Можа, і гэта будзе.
Божашуткава (працягваючы ёй паперу). Вось тэкст вашага выступлення.
Ізабела. Прабачце… Я заўсёды гавару толькі тое, што думаю сама. Дзіўна, вядома, але факт.
Божашуткава. Але я павінна загадзя ведаць, пра што вы будзеце гаварыць.
Ізабела. Даруйце, але я яшчэ сама не ведаю, пра што буду гаварыць. Усё будзе залежаць ад абставін, ад таго, як пойдзе суд.
Божашуткава. Значыць, вы супраць арганізацыі і парадку? За стыхійнасць і анархію? Так?
Ізабела. Не, я за парадак. Але і за праўду. За шчырасць.
Божашуткава. У такім разе, хай ваша шчырасць будзе пры вас! Выступіце вы, Андрэй Іванавіч. (Падае яму паперу.) Пазнаёмцеся да пачатку…
Божашуткава падыходзіць да стала прэзідыума, папраўляе настольнік, адсоўвае крыху трыбуну.
Ізабела. Вазьмі маё люстэрка.
Андрэй (здзіўлена). Навошта яно мне?
Ізабела. Ну як жа! Цыцэрон, кажуць, заўсёды перад люстэркам свае прамовы рэпетыраваў!
Андрэй. Іза… Я не буду выступаць.
Ізабела. Чаму ж ты адразу ёй гэтага не сказаў?
Андрэй. Я… Я… разгубіўся. Няёмка… Яна пакрыўдзіцца. Не магу я так, Іза!
Ізабела. Як памыліўся Дарвін! Чалавек паходзіць не ад малпы. Ён паходзіць ад амёбы. Ад інфузорыі! Ад рэптыліі!
Андрэй. Іза… Я ж і пакрыўдзіцца магу!
Ізабела. Ты?! Не можа быць!
З шумам і смехам уваходзяць у клуб клакеры.
Галасы. Гэта надоўга?
— Сёння ж спектакль па тэлебачанні!
— Гэта па другой праграме. А па-першай — футбол!
Божашуткава цішком інструктуе клакераў, як паводзіць сябе на судзе. Уваходзіць Кічкайла.
Божашуткава (адвёўшы Кічкайлу ўбок). Можна пачынаць. Публіку я падрыхтавала. Але вы ўсё ж сачыце, каб не было непажаданых эксцэсаў. Нам усю справу можа сапсаваць гэтая Дрозд… І нам трэба ўсё гэта закончыць да перапынку.
Кічкайла. Зразумеў. (Садзіцца за стол.) Прашу суд заняць сваё месца!
За стол садзяцца Сцепаніда Моўчан і Кузьма Хаценьчык.
Грамадскага абвінаваўцу і грамадскага абаронцу — таксама!
На месца абвінаваўцы, паспешліва дажоўваючы цукерку, садзіцца Зойка Гусельнікава, на месца абаронцы — Божашуткава.
Пацярпеўшыя тут?
Галасы. Тут!
— З’явіліся!
— А каго судзіць будзем?
— Дзе Салавейчык?
Кічкайла. Не хвалюйцеся, таварышы. Ён ужо тут. Скажыце там, няхай яго прывядуць сюды…
Міліцыянер прыводзіць Салавейчыка, вялізнага бамбізу, абстрыжанага «пад нуль».
Салавейчык (кланяецца). Добры дзень. (Сядае ў другім радзе.)
Кічкайла. Не-не, калі ласка, сюды!
Салавейчык. Дзякую. Мне і адсюль добра відаць.
Міліцыянер (падштурхоўваючы Салавейчыка). Ідзі-ідзі, калі людзі просяць!
Галасы. Без рук, без рук, грамадзянін начальнік!
— Храбры!
— Нізавошта да людзей чапляецца!
Кічкайла. Заклікаю да парадку! (Салавейчыку.) Прозвішча, імя?
Салавейчык. Як быццам не ведаеш, Іван Пятровіч?
Міліцыянер. Устань! Устань! У судзе знаходзішся, а не ў гасцях у цешчы!
Кічкайла. Прашу назваць сваё прозвішча, імя і імя па бацьку.
Салавейчык (устае). Ну, Салавейчык… Грыша. Рыгор Рыгоравіч.
Кічкайла. Узрост?
Салавейчык. Дваццаць восем.
Кічкайла. Адукацыя?
Салавейчык. Сярэдняя. Амаль сярэдняя…