Божашуткава. Ну, вы маглі б адказаць і больш ветліва. Выходзіць, што вы самі падштурхнулі яго на бойку. Вы ж бачылі, што чалавек нецвярозы!
Мажэйка. У мяне чамусьці няма прывычкі весці свецкія размовы з незнаёмымі людзьмі. Тым больш калі паводзяць яны сябе не вельмі сціпла. Што ж датычыць іншага… Салавейчык быў не настолькі п’яны, як хоча зараз даказаць.
Салавейчык (ускочыўшы). Няпраўда! Я быў п’яны як свіння.
Мажэйка (саркастычна). Не думаю… Вы проста тып, які лічыць, што яму ўсё дазволена.
Божашуткава (перахопліваючы ініцыятыву). Што вы там рабілі?
Мажэйка. На пляжы? Тое, што і ўсе.
Хаценьчык. Што на вас было?
Мажэйка. Лыжны касцюм!
Салавейчык (ускочыўшы). Прашу слова!
Кічкайла. Пачакай…
Божашуткава. Не, няхай гаворыць!
Салавейчык. Я ўдарыў яе таму… таму, што яна мяне спакушала.
Хваляванне сярод прысутных.
Кічкайла. Што-о?
Хаценьчык (устрапянуўшыся). Грыша! Раскажы, як гэта было. Толькі падрабязна, з дэталямі.
Салавейчык. Іду я, значыць, па пляжы. Пакупацца захацеў, асвяжыцца. Іду, а яна ляжыць… голая!
Божашуткава (спалохана). Як… голая?
Салавейчык. Ну, амаль голая. У адным бікіні. Ведаеце, такі малюсенечкі-малюсенечкі… Калі ты добрая, прыстойная дзяўчына і ў цябе няма паганых думак, навошта ж табе ў грамадскім месцы надзяваць такі недамерак? І потым, таварышы, што гэта такое?.. Чаму гэта мужчыны і жанчыны ляжаць побач голыя? Га? І дзе ляжаць? Амаль у самым цэнтры вялікага горада. Выйшаў з трамвая, а тут адразу — голыя… жываты! Гэта ж распуста.
Божашуткава. Правільна, таварыш Салавейчык!
Мажэйка. Паслухайце!.. Мяне паклікалі сюды, каб зневажаць?
Божашуткава. Ніякай знявагі я не бачу. Я падзяляю яго думку. Занадта многа волі вам далі! Міні! Бікіні! А вы ведаеце, што за гэтым хаваецца? Варожая ідэалогія!.. Вось такія, як вы, і зводзяць чужых мужоў, разбіваюць сем’і!
Мажэйка. Каго тут судзяць? Гэтага грамадзяніна або мяне?
Божашуткава. Мы судзім Салавейчыка, а заадно і цікавімся асобамі пацярпеўшых. Я, напрыклад, упэўнена, што вы самі выклікалі Салавейчыка на бойку. А вось з якой мэтай…
Мажэйка. Ну, ведаеце! Усяму ёсць мяжа! Нават глупству.
Кічкайла. Ён вас моцна ударыў?
Мажэйка. Моцна!
Хаценьчык. А сінякі ў вас ёсць?
Мажэйка. Ёсць!
Хаценьчык. Вы можаце паказаць іх суду?
Мажэйка (разгублена). Што? Як гэта?
Хаценьчык. Ну, вы можаце паказаць іх нам? Каб мы пераканаліся…
Мажэйка. Вы… разумееце, што кажаце?
Божашуткава. Грамадзянка Мажэйка, папрашу вас паводзіць сябе больш прыстойна.
Хаценьчык. Калі сінякоў няма, так і скажыце. А калі ёсць…
Мажэйка. Да пабачэння, грамадзяне суддзі! (Выходзіць.)
Божашуткава. Грамадзянка Мажэйка! Вярніцеся! Чуеце? Добра… Мы зробім з гэтай выхадкі пэўны вывад. У нас застаўся адзін сведка — Лапатка… (Спахапіўшыся.) Ох, даруйце, Іван Пятровіч!
Кічкайла. Нічога, нічога, Рагнеда Іванаўна… Прашу вас, таварыш Лапатка.
Галасы. Ну, гэты насведчыць!
— Яму ж верыць нельга!
Міліцыянер (выходзячы да трыбуны). Грамадзяне! Прашу захоўваць парадак!
Кічкайла. Таварыш Лапатка, што там адбылося на пляжы?
Міліцыянер. Вось што я вам скажу, грамадзяне суддзі. Дарма вы тут катуеце чалавека, публічна здзекаваецеся з яго. Ён жа яшчэ зусім малады, у яго ўсё жыццё наперадзе. А вы яго так жорстка, бязлітасна траўміруеце! Пасля такіх пакут можна і рукі на сябе налажыць. Быў адзін такі выпадак… Выпусцілі чалавека з выцвярэзніка, а ён прыйшоў дамоў і задавіўся…
Кічкайла. На пляжы былі вы або іншы міліцыянер?
Міліцыянер. Я быў.
Кічкайла. Вы затрымлівалі Салавейчыка?
Міліцыянер. Затрымліваў.
Божашуткава. Дык, можа, дарма затрымлівалі?
Міліцыянер. Ды як вам сказаць… З кім не бывае? Выпіў чалавек, пакуражыўся трохі. Гэта ў яго ад маладосці…
Божашуткава. А можа, ён і не куражыўся зусім?
Міліцыянер. Ды не, куражыўся…
Хаценьчык. Калі вы яго ў машыну садзілі, ён супраціўляўся?