Выбрать главу

Штэфан Цвайг

Амок

У сакавіку 1912 года ў неапальскім порце, калі разгружалі вялікі акіянскі параход, меў месца дзіўны няшчасны выпадак, пра які ў газетах з'явіліся падрабязныя, але вельмі фантастычныя паведамленні. Хоць я сам быў пасажырам «Акіяніі», але, як і другія, не мог быць сведкам гэтага незвычайнага здарэння. Яно адбылося ноччу, пры пагрузцы вугалю і выгрузцы тавараў, і мы, каб выратавацца ад шуму, з'ехалі ўсе на бераг і бавілі час у кавярнях або тэатрах. Усё-такі я асабіста думаю, што некаторыя мае здагадкі, якіх я тады публічна не выказваў, змяшчаюць у сабе сапраўднае тлумачэнне таго трагічнага выпадку, а даўнасць дазваляе скарыстаць давер, аказаны мне ў час аднае размовы, якая непасрэдна папярэднічала дзіўнаму эпізоду.

Калі я хацеў заказаць у параходным агенцтве ў Калькуце месца на рэйс у Эўропу на борце «Акіяніі», клерк толькі спачувальна паціснуў плячамі: ён не ведае, ці можна яшчэ гарантаваць мне каюту, бо цяпер, перад самым надыходам дажджлівага сезону, усе месцы звычайна распрадаюць у Аўстраліі, і ён павінен спачатку дачакацца тэлеграмы з Сінгапура. Але назаўтра ён сказаў, што можа прапанаваць мне каюту, праўда, не вельмі камфартабельную, пад палубаю і ў сярэдняй частцы парахода. Мне не цярпелася хутчэй папасці дадому, таму, нядоўга думаючы, я папрасіў замацаваць за мною месца.

Клерк правільна паінфармаваў мяне. Параход быў перапоўнены, а каюта дрэнная - цесны чатырохвугольны закуток паблізу машыннага аддзялення, асветлены толькі праз цьмянае вочка ілюмінатара. У душным, застоеным паветры пахла машынным алеем і цвіллю; ні на хвіліну нельга было адысці ад электрычнага вентылятара, які, нібы ашалелы стальны кажан, круціўся і вішчаў над самаю галавою. Унізе машына крактала і стагнала, быццам грузчык, які раз за разам падымаецца з мяшком вугалю па адной і той самай лесвіцы; наверсе няспынна шоргалі нагамі людзі, якія гулялі па палубе. Таму я паставіў чамадан у гэтую затхлую дамавіну, паміж шэрых шпангоўтаў і паспяшаўся на палубу; падымаючыся па трапе, я ўдыхнуў, як амбру, мяккае, салодкае паветра - яго даносіў да нас вецер з берага.

Але і наверсе панавалі мітусня і цесната: тут было поўна людзей, якія з нервознасцю ад вымушанай бяздзейнасці няспынна балбаталі, гуляючы па палубе. Шчабятанне і траскатня жанчын, пастаяннае кружэнне па цесных завулках палубы, назойлівая балбатня пасажыраў, якія, гуляючы, тоўпіліся каля крэслаў, - усё гэта чамусьці прычыняла мне боль. Я толькі што ўбачыў новы для мяне свет, перад маімі вачамі пранесліся стракатыя карціны, якія мільгалі з шалёнаю хуткасцю. Цяпер я хацеў падумаць, прывесці ў парадак свае ўражанні, узнавіць уяўленнем тое, што ўбачылі вочы, але тут, на шумнай, падобнай на бульвар палубе, не было ні хвіліны спакою. Радкі ў кнізе расплыліся ад мільгання ценяў пасажыраў, якія праходзілі міма. Немагчыма было застацца аднаму на гэтай сонечнай і ажыўленай параходнай вуліцы.

Тры дні я трымаўся - глядзеў на людзей, на мора, але мора было заўсёды аднолькавае, пустыннае і сіняе, і толькі на закаце раптам загаралася ўсімі фарбамі вясёлкі. А людзей я ўжо праз трое сутак ведаў усіх да аднаго. Кожны твар быў мне знаёмы да прыкрасці; рэзкі жаночы смех болей не раздражняў мяне, і не злавалі вечныя спрэчкі двух галандскіх афіцэраў, маіх суседзяў. Мне заставалася толькі ўцякаць з палубы; але ў каюце было горача і душна, а ў салоне ангельскія міс няспынна барабанілі на раялі, выбіраючы самыя зацяганыя вальсы. Нарэшце я рашуча змяніў свой распарадак дня і ныраў у каюту адразу пасля абеду, папярэдне аглушыўшы сябе параю куфляў піва; гэта давала мне магчымасць праспаць вячэру і вячэрнія танцы.

Аднаго разу я прачнуўся, калі ў маёй маленькай магіле было ўжо зусім цёмна і ціха. Вентылятар я выключыў, і паветра падымалася да скроняў, ліпкае і вільготнае. Пачуцці былі нейкія прытупленыя, і мне спатрэбілся некалькі хвілін, каб уцяміць, дзе я і колькі цяпер часу. Відаць, было ўжо за поўнач, бо я не чуў ні музыкі, ні няспыннага шоргання ног; толькі машына, нястомнае сэрца левіяфана, пыхкала і штурхала скрыпучае цела карабля наперад, у неаглядную далячынь.

Вобмацкам я выбраўся на палубу. Яна была пустая. І калі я скіраваў позірк паверх дымнай вежы трубы і прывідна мігатлівага рангоўта, у вочы раптам ударыла яркае святло. Неба ззяла і здавалася цёмным побач з белізною зорак, якія пранізвалі яго, але ўсё-такі яно ззяла, быццам аксамітны полаг заслаў ярка асветленую паверхню, а іскрыстыя зоркі былі толькі адтулінамі і проразямі, праз якія прабіваўся гэты неапісальны бляск. Ніколі не бачыў я неба такім, як у тую ноч, такім ззяючым, халодным як сталь і разам з тым пералівіста-пеністым, залітым святлом, якое выпраменьвалі месяц і зоркі і якое быццам палымнела ў нейкай таямнічай глыбіні. Белым лакам блішчалі ў месячным святле абрысы парахода, якія рэзка вырысоўваліся на цёмным аксаміце неба: канаты, рэі, усё вузкае, усе контуры раствараліся ў гэтым струменістым бляску; нібы ў пустаце віселі агні на мачтах, а над імі круглае вока на Марсе - зямныя жоўтыя зоркі сярод ззяючых нябесных.