Выбрать главу

- Дванаццаць тысяч гульдэнаў?.. Не, на гэта я не згодны.

Яна зірнула на мяне, крыху збялелая. Відаць, яна ўжо здагадалася, што маё супраціўленне выклікана не прагнасцю. І ўсё ж яна спыталася:

- Колькі ж вы хочаце?

Але я не хацеў працягваць размову ў такім прытворна халодным тоне.

- Давайце не будзем гуляць у хованкі. Я не дзячок... не бедны аптэкар з «Рамеа і Джульеты», які прадае атруту за corruptes gold*... можа, я менш за ўсё дзялок... гэтым спосабам вы нічога не даб'ецеся.

* Нікчэмны метал (англ.).

- Дык вы не хочаце?

- За грошы - не.

На момант паміж намі ўсталявалася цішыня. Было так ціха, што я першы раз пачуў яе дыханне.

- Чаго ж вы яшчэ можаце хацець?

Тут я не мог болей трымацца:

- Перш за ўсё я хачу, каб вы... каб вы не звярталіся да мяне як да гандляра, а як да чалавека... Каб вы, калі вам трэба дапамога, не... лезлі адразу ж з вашымі гнюснымі грашамі... а папрасілі... мяне як чалавека, дапамагчы вам як чалавеку... Я не толькі ўрач, у мяне не толькі прыёмныя гадзіны... у мяне бываюць і другія гадзіны... можа, вы прыйшлі якраз у такую гадзіну...

Яна хвіліну маўчыць. Потым яе вусны злёгку крывяцца, дрыжаць, і яна хутка пытаецца:

- Значыцца, каб я вас... папрасіла... тады б вы гэта зрабілі?

- Вось вы ўжо зноў таргуецеся! Вы згодны прасіць толькі ў тым выпадку, калі я спачатку паабяцаю. Спачатку вы павінны мяне папрасіць, тады я вам адкажу.

Яна ўзнімае галаву, як наравісты конь. З гневам глядзіць на мяне.

- Не, я не буду вас прасіць. Лепш загінуць!

Тут мною авалодвае гнеў, нястрымны, шалёны гнеў.

- Тады буду патрабаваць я, калі вы не хочаце прасіць. Я думаю, мне трэба выказацца больш ясна - вы ведаеце, чаго я ад вас хачу. Тады... тады я вам памагу.

Нейкі момант яна здзіўлена глядзела на мяне. Потым - о, я не магу, не магу выказаць, як жахліва гэта было, - твар яе раптоўна знерухомеў, а потым... потым яна нечакана зарагатала... з неапісальнаю пагардаю зарагатала мне ў твар... з пагардаю, якая знішчыла мяне... і разам з тым яшчэ болей ап'яніла... Гэта было падобна на выбух, раптоўны, раскацісты, магутны... Такая вялізная сіла адчувалася ў гэтым пагардлівым рогаце, што я... так, я гатовы быў упасці перад ёю ніцма і цалаваць ёй ногі. Гэта цягнулася ўсяго імгненне... нібы маланка абпаліла мяне... Раптам яна павярнулася і хуценька падалася да дзвярэй.

Я міжвольна кінуўся ўслед... хацеў папрасіць прабачэння... маліць яе... бо мая сіла была зламана канчаткова... але яна яшчэ раз павярнулася да мяне і сказала... не, загадала:

- Асмельцеся толькі пайсці ўслед ці сачыць за мною... Пашкадуеце!

У той самы момант за ёю з трэскам зачыніліся дзверы.

Зноў паўза. Зноў маўчанне... Зноў толькі шалясценне, быццам струменілася месячнае святло. І нарэшце зноў яго голас:

- Дзверы з трэскам зачыніліся... але я стаяў нерухома на месцы... Я быў нібы загіпнатызаваны яе загадам... Я чуў, як яна спускалася па лесвіцы, як зачыніліся дзверы... я чуў усё і ўсёю істотаю рваўся да яе... каб яе... не ведаю што... каб вярнуць яе, ці ўдарыць, ці задушыць... але толькі бегчы ўслед за ёю... за ёю... Але я не мог гэтага зрабіць, не мог паварушыцца, мяне быццам паралізавала электрычным токам... мяне ўразіла, уразіла ў самае сэрца знішчальная маланка яе позірку... Я ведаю, што гэтага не растлумачыць і не расказаць... Гэта можа здацца смешным, але я ўсё стаяў і стаяў... Прайшло некалькі хвілін, можа, пяць, можа, дзесяць, перш чым я змог адарваць нагу ад падлогі...

Але як толькі я ступіў з месца, я ўжо ўвесь гарэў і гатовы быў бегчы... Умомант я зляцеў па лесвіцы ўніз... У яе няма другой дарогі, як толькі па вуліцы да станцыі... Я кідаюся ў хляўчук па веласіпед, бачу, што забыўся ўзяць ключ, зрываю засаўку, бамбук трашчыць і разлятаецца на кавалкі... і вось я ўжо на веласіпедзе і імчуся за ёю ўслед... Я павінен... я павінен дагнаць яе, перш чым яна сядзе ў аўтамабіль... Я павінен пагаварыць з ёю...

Я нясуся па пыльнай вуліцы, цяпер толькі бачу, як доўга я прастаяў у здранцвенні... Але вось... на паваротцы ў лесе, перад самай станцыяй, я бачу яе, яна ідзе шпаркім цвёрдым крокам у суправаджэнні боя... Але і яна, відаць, заўважыла мяне, бо гаворыць нешта бою, і той спыняецца, а яна ідзе далей адна... Што яна хоча рабіць? Чаму хоча быць адна?.. Можа, яна хоча пагаварыць са мною сам-насам, каб ён не чуў?.. Шалёна націскаю на педалі... Раптам нехта кідаецца мне наперарэз на дарогу... яе бой... Я ледзь паспяваю рвануць веласіпед убок і лячу на зямлю...