Выбрать главу

Устаю з лаянкаю... міжвольна замахваюся кулаком, каб даць дурню кухталя, але ён адхінаецца... Атрасаю веласіпед, збіраюся зноў ускочыць на яго... Але нягоднік зноў тут, хапаецца за веласіпед і гаворыць на сваёй ламанай ангельскай мове: «You remain here»*.

* Вы застанецеся тут (англ.).

Вы не жылі ў тропіках... Вы не ведаеце, якая гэта дзёрзкасць, калі тубылец хапаецца за веласіпед белага «пана» і яму, «пану», загадвае заставацца на месцы. Замест адказу я б'ю яго па твары... ён хістаецца, але ўсё-такі не выпускае веласіпеда... Яго вузкія вочы шырока расплюшчаны і поўныя страху... але ён трымаецца за руль, трымаецца па-д'ябальску моцна... «You remain here», - мармыча ён яшчэ раз. На шчасце, у мяне з сабою не было рэвальвера, а то я абавязкова застрэліў бы яго.

- Прэч, шэльма!

Ён глядзіць на мяне, увесь скурчыўся, але не выпускае з рук руля. Я зноў б'ю яго па галаве, ён, аднак, трымае руль. Тут мною авалодвае злосць... я бачу, што яе ўжо не відаць - можа, яна ўжо паехала... Я наношу яму сапраўдны баксёрскі ўдар пад падбароддзе, які збівае яго з ног. Цяпер веласіпед зноў мой... Ускокваю на сядло, але веласіпед не кранаецца з месца... у час барацьбы сагнулася спіца... Дрыготкімі рукамі я спрабую выраўняць яе... нічога не атрымліваецца... Тады я кідаю веласіпед на дарогу побач з нягоднікам, той устае ўвесь у крыві і адыходзіць убок... І тады - не, вы не можаце зразумець, якая гэта ганьба там, калі эўрапеец... але я ўжо не разумеў, што раблю... у мяне была толькі адна думка: за ёю, дагнаць яе... і я пабег, пабег як ашалелы па вясковай вуліцы, міма халуп, дзе тубыльцы здзіўлена тоўпіліся каля дзвярэй, каб паглядзець, як бяжыць белы чалавек, як бяжыць доктар.

Абліваючыся потам, прымчаўся я на станцыю... Маё першае пытанне было:

- Дзе аўтамабіль?..

- Толькі што паехаў... - Здзіўлена глядзелі на мяне людзі - я павінен быў здацца ім вар'ятам, калі прыбег увесь потны і брудны, яшчэ здалёку выкрыкваючы сваё пытанне... На дарозе за станцыяй я бачу клубы белага аўтамабільнага дыму... Ёй удалося ўцячы... удалося, як, відаць, удаюцца ўсе яе цвёрдыя, бязлітасна цвёрдыя намеры.

Але ўцёкі ёй не памаглі... У тропіках няма таямніц паміж эўрапейцамі... усе ведаюць адзін аднаго, кожная драбяза вырастае ў падзею... Недарма прастаяў яе шафёр цэлую гадзіну каля ўрадавага бунгала... праз некалькі хвілін я ўжо ведаю ўсё... Ведаю, хто яна... што жыве яна ў... ну, у галоўным горадзе правінцыі, за восем гадзін язды адсюль па чыгунцы... што яна... ну, скажам, жонка буйнога камерсанта, страшэнна багатая, з добрай сям'і, ангелька... Ведаю, што яе муж вось ужо пяць месяцаў як у Амерыцы і ў бліжэйшыя дні вяртаецца сюды, каб забраць яе ў Эўропу...

А яна - і гэтая думка, як атрута, пячэ мяне, - яна цяжарная не болей двух ці трох месяцаў...

- Пакуль што я яшчэ мог усё растлумачыць вам... можа, толькі таму, што да гэтага моманту сам яшчэ разумеў сябе... сам, як урач, ставіў дыягназ свайго стану. Але тут мною як бы авалодала ліхаманка... я страціў здольнасць валодаць сабою... хоць і ясна ўсведамляў, як недарэчна ўсё, што я раблю, але я ўжо не разумеў самога сябе... я, як апантаны, бег наперад, бачыў перад сабою толькі адну мэту... Зрэшты, пачакайце... я ўсё-такі паспрабую растлумачыць вам... Ведаеце вы, што такое амок?

- Амок?.. Штосьці прыпамінаю... Гэта від ап'янення ў малайцаў...

- Гэта больш чым ап'яненне... гэта шаленства, яно падобна на сабачае... гэта прыпадак бяссэнсавай крыважэрнай манаманіі, якую нельга параўнаць ні з якім другім відам алкагольнай атруты... Я сам быў сведкам некалькіх выпадкаў - калі справа ідзе пра іншых, мы заўсёды вельмі разумныя і дзелавітыя, - але мне так і не ўдалося высветліць прычыну гэтай жахлівай і загадкавай хваробы... Яна, відаць, неяк звязана з кліматам, з гэтай душнай, насычанай атмасферай, якая, як у навальніцу, гняце на нервовую сістэму, пакуль яна нарэшце не разбурыцца... Дык вось амок... так, амок - вось як яно адбываецца: які-небудзь малаец, чалавек просты і дабрадушны, сядзіць і цягне сваё пітво... сядзіць, атупелы, абыякавы, вялы... як я сядзеў у сваім пакоі... і раптам усхопліваецца з месца, хапае нож, кідаецца на вуліцу... і бяжыць наперад, толькі наперад... сам не ведаючы куды... Хто б яму ні трапіўся па дарозе, чалавек ці жывёліна, ён забівае яго сваім крысам, і выгляд крыві яшчэ болей узбуджае яго... Пена выступае ў яго на губах, ён вые, як дзікі звер... і бяжыць, бяжыць, бяжыць, не глядзіць ні направа, ні налева, бяжыць з немым крыкам, з акрываўленым нажом у руцэ, па сваім жахлівым шляху... Людзі ў вёсках ведаюць, што няма сілы, здольнай спыніць чалавека, якога гоніць амок... пры яго набліжэнні яны крычаць, папярэджваючы другіх: «Амок!». «Амок!», і ўсё ўцякае... а ён імчыцца, нічога не чуе, не бачыць, забівае сустрэчных... пакуль яго не прыстрэляць, як шалёнага сабаку, ці ён сам, з пенаю на губах, не ўпадзе на зямлю...