Я бачыў гэта адзін раз з акна майго дома... гэта было страшэннае відовішча... але толькі таму, што я гэта бачыў, я разумею самога сябе ў тыя дні... Дакладна гэтаксама, з такім самым жахлівым, нерухомым позіркам, раз'юшана кінуўся я... услед за гэтаю жанчынаю... Я не помню, як я ўсё зрабіў, з якою надзвычайнаю, шалёнаю хуткасцю ўсё адбылося... Праз дзесяць хвілін, не, што я кажу, праз пяць, праз дзве... пасля таго, як я ўсё даведаўся пра гэтую жанчыну, яе прозвішча, адрас, гісторыю яе жыцця, я ўжо імчаўся на пазычаным у кагосьці веласіпедзе дадому, кінуў у чамадан гарнітур, узяў грошай і падаўся на сваёй калясцы на чыгуначную станцыю... паехаў, не папярэдзіўшы мясцовага чыноўніка... не прызначыўшы замест сябе намесніка, пакінуўшы дом і ўсе рэчы на волю лёсу... Вакол мяне стоўпіліся слугі, здзіўленыя жанчыны аб нечым пыталіся, але я не адказваў, нават не павярнуўся... паехаў на чыгуначную станцыю і першым цягніком падаўся ў горад... Прайшло не болей гадзіны з таго моманту, як гэтая жанчына ўвайшла ў мой пакой, а я ўжо паставіў на карту ўсю сваю будучыню і імчаўся, падганяны амокам, у невядомае...
Я імчаўся наперад на злом галавы... У шэсць гадзін вечара я прыехаў... у дзесяць хвілін сёмай я быў у яе ў доме і папрасіў далажыць пра мяне. Гэта было... ведаеце... самае недарэчнае, самае неразумнае, што я мог зрабіць... але ў падганянага амокам вочы нічога не бачаць, ён не заўважае, куды бяжыць... Праз некалькі хвілін слуга вярнуўся... сказаў ветліва і холадна... пані адчувае сябе дрэнна і не можа мяне прыняць.
Я выйшаў хістаючыся на вуліцу... Цэлую гадзіну я бадзяўся вакол дома ў вар'яцкай надзеі, што яна можа паслаць па мяне... толькі пасля гэтага я заняў нумар у Странд-гатэлі і патрабаваў прынесці мне ў пакой дзве пляшкі віскі... Віскі і двайная доза вераналу памаглі мне... я нарэшце заснуў... і цяжкі, мутны сон быў адзінаю перадышкаю ў гэтай гонцы паміж жыццём і смерцю.
Прагучаў звон - два цвёрдыя, важкія ўдары, якія яшчэ доўга вібравалі ў мяккім, амаль нерухомым акіяне паветра і паступова затухалі ў ціхім, няспынным цурчанні вады, якое неадступна суправаджала ўсхваляваны расказ чалавека, што сядзеў у змроку; мне здалося, што ён здрыгануўся, яго расказ перапыніўся. Я зноў пачуў, як рука намацвае пляшку, пачуў ціхае бульканне. Потым, відаць, супакоены, ён загаварыў больш роўным голасам:
- Час, які настаў пасля гэтага, я наўрад ці змагу вам апісаць. Цяпер я думаю, што ў мяне была ліхаманка, ва ўсякім разе, я быў у стане надзвычайнага ўзбуджэння, якое межавала з вар'яцтвам, - як я ўжо казаў, чалавек, падганяны амокам. Але не забудзьце, што я прыехаў у аўторак увечары, а ў суботу, як я тым часам даведаўся, павінен быў прыехаць на параходзе кампаніі Р. СЕ О. з Іакагамы яе муж; значыцца, заставалася толькі тры дні, тры кароткія дні, каб выратаваць яе. Зразумейце: я ведаў, што павінен неадкладна дапамагчы ёй, і не мог гаварыць з ёю. Менавіта гэтая патрэба прасіць прабачэння за мае смешныя паводзіны, за маю нястрыманасць і распальвала мяне ўсё болей. Я ведаў, якім каштоўным з'яўляецца кожнае імгненне, ведаў, што для яе гэта пытанне жыцця і смерці, і ўсё-такі не меў магчымасці шапнуць ёй слоўца, падаць які-небудзь знак, бо менавіта маё недарэчнае і шалёнае праследаванне напалохала яе. Гэта было... так, пастойце... так бывае, калі адзін бяжыць папярэдзіць другога, што яго хочуць забіць, а той лічыць яго самога забойцам і бяжыць наперад, насустрач пагібелі... Яна бачыла ўва мне толькі вар'ята, які праследуе яе, каб унізіць, а я... у гэтым і была ўся жахлівая недарэчнасць... я болей і не думаў пра гэта... я быў цалкам знішчаны, я хацеў толькі дапамагчы ёй, зрабіць паслугу... Я пайшоў бы на злачынства, на забойства, каб толькі дапамагчы ёй. Але яна, яна гэтага не разумела. Раніцаю, як толькі я прачнуўся, я адразу ж пабег зноў да яе дома; каля дзвярэй стаяў бой, той самы бой, якога я ўдарыў па твары; заўважыўшы мяне - безумоўна, ён мяне чакаў, - ён борздзенька шмыгануў у дзверы. Можа, ён гэта зрабіў толькі таму, што хацеў папярэдзіць аб маім прыходзе... ах, гэтая невядомасць, як мучыць яна мяне цяпер... можа, тады ўсё было ўжо падрыхтавана да майго прыёму... але ў той момант, калі я яго ўбачыў і ўспомніў пра сваю ганьбу, мне не хапіла духу зрабіць яшчэ адну спробу... У мяне дрыжалі калені. Перад самым парогам я павярнуўся і пайшоў прэч... пайшоў у той момант, калі яна, можа, чакала мяне і пакутавала не менш за мяне.