Ну... не буду апісваць вам гэтых гадзін... гэта не паддаецца апісанню... я і сам жа не разумею цяпер, як можна было гэта перажыць і не... не звар'яцець... І... у дваццаць дзве хвіліны чацвёртай... я ведаю дакладна, бо глядзеў жа на гадзіннік... пачуўся раптоўны стук у дзверы... Я ўсхопліваюся з месца... усхопліваюся, як тыгр, які кідаецца на здабычу, адным скачком я ўжо каля дзвярэй, расчыняю іх... у калідоры маленькі кітаёнак нясмела працягвае мне запіску. Я выхопліваю ў яго з рук складзеную паперку, і ён знікае.
Разгортваю запіску, хачу прачытаць... і не магу... перад вачамі чырвоныя кругі... Уявіце сабе мае мукі... нарэшце, нарэшце я атрымаў ад яе адказ... а тут усё дрыжыць і скача ў вачах... Я акунаю галаву ў ваду... робіцца лепей... Зноў бяруся за запіску і чытаю:
«Позна! Але чакайце дома. Можа, я вас яшчэ паклічу».
Подпісу няма. Паперка скамячаная, адарваная ад нейкага старога праспекта... словы надрапаны алоўкам паспешна, сяк-так, не яе звычайным почыркам... Я сам не ведаю, чаму запіска гэтак узрушыла мяне... Нешта жахлівае, нешта таямнічае было ў гэтых радках, напісаных як бы ў час уцёкаў, стоячы дзе-небудзь каля падаконніка ці седзячы ў калясцы ў дарозе... Нейкім неапісальным жахам і холадам павеяла на мяне ад гэтай тайнай запіскі... і ўсё-такі... і ўсё-такі я быў шчаслівы - яна напісала мне, мне не трэба яшчэ паміраць, яна дазволіла, каб я дапамог ёй... можа... я мог бы... ...о, я адразу перапоўніўся самымі нязбытнымі надзеямі і марамі... Сотні, тысячы разоў перачытваў я маленькую запіску, цалаваў яе... разглядваў, шукаў якое-небудзь забытае, незаўважанае слова... Усё смялей, усё блытаней рабіліся мае мары, гэта быў нейкі гарачкавы сон наяве... нейкае здранцвенне, тупое і разам з тым напружанае, паміж дрымотаю і няспаннем, якое цягнулася ці то чвэрць гадзіны, ці то цэлыя гадзіны...
Раптам я страпянуўся... Як быццам пастукалі?.. Я затоіў дыханне... хвіліна, дзве хвіліны мёртвай цішыні... А потым зноў ціхі, як бы мышыны шорах, ціхі, але настойлівы стук... Я ўскочыў - галава ў мяне кружылася, - ірвануў дзверы, за імі стаяў бой, яе бой, той, якога я тады пабіў... Яго карычневы твар быў попельна-бледны, яго трывожны позірк сведчыў аб няшчасці... Мною авалодаў жах...
- Што... што здарылася? - з цяжкасцю выціснуў я з сябе.
- Come quickly*, - адказаў ён... і больш нічога...
* Ідзіце хутчэй (англ.).
Я адразу кінуўся ўніз па лесвіцы, ён за мною... Унізе стаяла «садо», маленькая каляска, мы селі...
- Што здарылася? - яшчэ раз спытаўся я...
Ён моўчкі зірнуў на мяне, увесь дрыжучы, сціснуўшы зубы... Я паўтарыў пытанне, але ён усё маўчаў і маўчаў... Я ахвотна яшчэ раз пабіў бы яго, але... мяне кранала яго сабачая адданасць ёй... і я не стаў болей пытацца... Каляска так хутка імчалася па ажыўленых вуліцах, што прахожыя з лаянкаю адскоквалі ўбок. Мы праехалі эўрапейскі квартал, берагам падаліся ў ніжні горад і ўляцелі ў шумную мітусяніну кітайскага квартала... Нарэшце мы звярнулі ў вузкую вулічку, дзесьці наводшыбе... спыніліся перад нізкаю халупаю... Домік быў брудны, урослы ў зямлю, з боку вуліцы - крамка, асветленая свечкаю з лою... адна з тых крамак, за якімі хаваюцца курыльні опіуму і публічныя дамы, зладзейскія прытоны і склады крадзеных рэчаў... Бой паспешна пастукаў у дзверы... Дзверы прачыніліся, са шчыліны пачуўся сіпаты голас... ён пытаўся і пытаўся... Я не вытрымаў, саскочыў з каляскі, штуршком адчыніў дзверы... Старая кітаянка спалохана ўскрыкнула і ўцякла... Бой увайшоў за мною, правёў мяне вузкім калідорам... адчыніў другія дзверы... дзверы ў цёмны пакой, дзе пахла гарэлкаю і згуслаю крывёю... Адтуль чуваць быў стогн... Я вобмацкам пачаў прабірацца наперад...
Зноў голас абарваўся. І калі ён потым прадоўжыў расказ, то ўжо не гаварыў, а хутчэй рыдаў.
- Я... я намацваў дарогу... і там... там, на бруднай цыноўцы... сагнутая ад болю... ляжала і стагнала чалавечая істота... там ляжала яна...
Я не бачыў яе твару... Мае вочы яшчэ не прывыклі да цемры... вобмацкам я знайшоў яе руку... гарачую... як агонь... У яе была гарачка, моцная гарачка... і я здрыгануўся... я адразу зразумеў усё... Яна збегла сюды ад мяне... дала скалечыць сябе... першай сустрэчнай бруднай старой кітаянцы, толькі таму, што баялася агалоскі... дала нейкай вядзьмарцы забіць сябе, каб толькі не даверыцца мне... Толькі таму, што я, вар'ят... не злітаваўся з яе, з яе гонару, не дапамог ёй адразу... таму што смерці яна баялася меней, чым мяне...