- Не было выпадку ў маім жыцці, каб я падпісаў фальшывае пасведчанне... але тым не менш што-небудзь прыдумаем... ці мала што бывае... Але не мог жа я вось гэтак, адразу...
- Канечне, не маглі, - паспяшаўся я падтакнуць яму («Толькі хутчэй! Толькі хутчэй!» - стукала ў мяне ў скронях), - але цяпер, калі вы ведаеце, што толькі зрабілі б балюча жывому і бязлітасна абышліся б з нябожчыцай, вы, канечне, не станеце вагацца.
Ён кіўнуў. Мы падышлі да стала. Праз некалькі хвілін пасведчанне было гатова (яго змясцілі потым у газетах, і яно зусім праўдападобна апісвала карціну паралічу сэрца). Пасля гэтага ён устаў з месца і паглядзеў на мяне:
- Вы паедзеце на гэтым тыдні, праўда?
- Даю вам слова.
Ён зноў паглядзеў на мяне. Я заўважыў, што ён хоча здавацца строгім і дзелавітым.
- Я зараз жа закажу труну, - сказаў ён, каб схаваць збянтэжанасць. Але штосьці, відаць, было ўва мне, нейкая бязмерная пакута: ён раптам працягнуў мне руку і з нечаканаю сардэчнасцю патрос яе. - Жадаю вам справіцца з гэтым, - сказаў ён, - і я не зразумеў, што ён мае на ўвазе. Ці быў я хворы? Ці... звар'яцеў? Я праводзіў яго да дзвярэй, адамкнуў іх і, зрабіўшы над сабою апошняе намаганне, зноў зачыніў іх. Потым у мяне моцна застукала ў скронях, усё захісталася перад вачамі, і каля самага яе ложка я паваліўся на падлогу... як... як валіцца ў знямозе ў канцы свайго шалёнага бегу чалавек, гнаны амокам.
Ён змоўк. Мне было зябка - можа, таму, што першы парыў ранішняга ветру хваляю прабягаў па караблі? Але на змучаным твары, які ўжо даволі ясна быў відаць у ранішнім змроку, яшчэ раз адбілася намаганне волі, і ён загаварыў зноў:
- Не ведаю, як доўга праляжаў я гэтак на цыноўцы. Раптам нехта дакрануўся да маіх плячэй. Я здрыгануўся. Гэта быў бой, які з баязлівым і пачцівым выглядам стаяў перада мною і трывожна ўглядаўся мне ў вочы.
- Сюды хочуць увайсці... хочуць бачыць яе...
- Не ўпускаць нікога!
- Гэта так... але...
У яго вачах быў спалох. Ён хацеў штосьці сказаць і не адважваўся. Яго яўна нешта мучыла.
- Хто гэта?
Ён, дрыжучы, паглядзеў на мяне, быццам чакаў удару. Потым сказаў - ён не назваў прозвішча... адкуль бярэцца раптам у такой першабытнай істоты столькі разумення? Чаму ў пэўныя моманты незвычайную чуйнасць праяўляюць зусім цёмныя людзі?.. Потым ён сказаў... зусім, зусім ціха і баязліва...
- Гэта ён.
Я ўскочыў з месца, я адразу зразумеў, і мною авалодала пякучае, нецярплівае жаданне ўбачыць гэтага незнаёмага. Бачыце, справа ў тым, што, як гэта ні дзіўна... але сярод усіх пакут, сярод ліхаманкавага хвалявання, страху і сумятні я зусім забыўся пра яго... Забыўся, што тут замешаны яшчэ адзін чалавек - той, каго кахала гэтая жанчына, каму яна ў парыве пачуцця аддала тое, у чым адмовіла мне... Дванаццаць гадзін, суткі таму назад я ненавідзеў бы гэтага чалавека, мог бы разарваць яго на кавалкі... Але цяпер... Я не магу, не магу перадаць вам, як я прагнуў убачыць яго... палюбіць яго за тое, што яна яго кахала.
Адным скачком я апынуўся каля дзвярэй. Там стаяў юны, зусім юны афіцэр, светлавалосы, вельмі збянтэжаны, вельмі тонкі, вельмі бледны. Ён быў падобны на дзіця, такі... такі пяшчотна малады ён быў, і невыказна ўразіла мяне, як ён стараўся быць мужчынам, паказаць вытрымку... схаваць хваляванне. Я адразу заўважыў, што ў яго дрыжыць рука, калі ён паднёс яе да фуражкі... Мне хацелася абняць яго... бо ён быў менавіта такі, якім я хацеў бачыць чалавека, блізкага з гэтаю жанчынаю... не спакуснік, не ганарлівец... Не, паўдзіцяці, чыстаму, пяшчотнаму стварэнню падарыла яна сябе.
Перада мною стаяў моцна збянтэжаны малады чалавек. Мой прагны позірк і парывістыя рухі яшчэ болей усхвалявалі яго; вусікі над губою пачалі па-здрадніцку ўздрыгваць... гэты юны афіцэр, гэты хлопчык ледзь стрымліваўся, каб не заплакаць.
- Прабачце, - сказаў ён нарэшце, - я хацеў бы яшчэ раз... пабачыць... пані.
Міжвольна, сам таго не заўважаючы, я абняў яго, чужога чалавека, за плечы і павёў, як вядуць хворага. Ён паглядзеў на мяне здзіўленым і бясконца ўдзячным позіркам... ужо ў гэты момант паміж намі ўзнікла адчуванне нейкай агульнасці. Мы падышлі да нябожчыцы... Яна ляжала, белая на белых прасцінах - я адчуў, што мая прысутнасць усё яшчэ гняце яго, і таму адышоў убок, каб пакінуць яго сам-насам з ёю. Ён паволі наблізіўся да ложка... няўпэўнена, ён валачыў ногі... па тым, як уздрыгвалі плечы, я бачыў, які боль ірве яго сэрца... ён ішоў... як ідзе чалавек насустрач жахлівай буры... І раптам ён укленчыў перад ложкам... гэтак жа, як раней укленчыў я.