Ён яшчэ раз насмешліва... нават задзірліва паглядзеў на мяне, але я адчуваў - гэта гаварыў адно сорам, бясконцы сорам. Потым ён уцягнуў галаву ў плечы, павярнуўся і, не развітваючыся, пайшоў неяк крыва, цягнучы ногі, па ўжо светлай палубе да кают. Болей я яго не бачыў. Дарэмна шукаў я яго ў наступныя дзве ночы на звычайным месцы. Ён знік, і я мог бы падумаць, што ўсё гэта сон ці галюцынацыя, каб маю ўвагу не прыцягнуў пасажыр з жалобнаю павязкаю на рукаве. Гэта быў багаты галандскі камерсант, і мне расказалі, што ён толькі што страціў жонку, якая памерла ад нейкай трапічнай хваробы. Я бачыў, як ён хадзіў узад і ўперад па палубе ў баку ад другіх, бачыў замкнёны, засмучаны выраз яго твару, і думка пра тое, што я ведаю яго патаемныя думкі, бянтэжыла мяне; я заўсёды збочваў з дарогі, калі сустракаўся з ім, бо нават позіркам баяўся выдаць, што ведаю пра яго лёс болей, чым ён сам.
У неапальскім порце здарыўся потым той загадкавы няшчасны выпадак, тлумачэнне якому трэба, мне здаецца, шукаць у апавяданні незнаёмага. Большасць пасажыраў вечарам з'ехала на бераг - я сам падаўся ў оперу, а адтуль у залітую святлом кавярню на Віа Рома. Калі мы ў шлюпцы вярталіся на параход, мне кінулася ў вочы, што некалькі лодак з паходнямі і ацэтыленавымі ліхтарамі кружылі ў пошуках чагосьці вакол карабля, а наверсе ў цемры неяк таямніча расхаджвалі карабінеры і жандары. Я спытаўся ў аднаго з матросаў, што здарылася. Ён ухіліўся ад адказу, і было ясна, што камандзе загадана маўчаць; на другі дзень, калі параход спакойна і без ніякіх здарэнняў пайшоў далей, у Геную, на борце па-ранейшаму нічога нельга было даведацца, і толькі ў італійскіх газетах я пазней прачытаў рамантычна ўпрыгожанае паведамленне пра тое, што здарылася ў Неапалі. У тую ноч, пісалі газеты, у позні час, каб не турбаваць сумным відовішчам пасажыраў, з борта парахода спускалі ў лодку труну з астанкамі знатнай дамы з галандскіх калоній. Матросы, у прысутнасці мужа, спускалі труну па вераўчанай лесвіцы ўніз. У гэты момант нешта цяжкае ўпала з верхняй палубы і пацягнула з сабою ў ваду і труну, і матросаў, і нябожчыцынага мужа, які дапамагаў ім. Адна з газет сцвярджала, што гэта быў нейкі вар'ят, які кінуўся зверху на вераўчаную лесвіцу. Другая газета пераконвала, што лесвіца абарвалася сама ад празмернага цяжару; як бы там ні было, параходная кампанія прыняла, відавочна, усе захады, каб утоіць праўду. Спусцілі лодкі і з вялікаю цяжкасцю выратавалі матросаў і нябожчыцынага мужа, але свінцовая труна адразу ж пайшла на дно, і яе не знайшлі. Кароткая нататка, што ў порце прыбіла да берага труп невядомага мужчыны ва ўзросце каля сарака гадоў, якая ў гэты час з'явілася ў газетах, не прыцягнула да сябе ўвагі грамадскасці, бо, відаць, яна не мела дачынення да рамантычна апісанага здарэння; але перада мною, ледзь толькі я прачытаў гэтыя кароткія радкі, яшчэ раз, як прывід, выступіў з-за газетнага ліста сінявата-бледны твар з бліскучымі шкельцамі акуляраў.