Ён пакланіўся і хацеў ісці. Але я стаў настойліва ўтрымліваць яго.
- Вы зусім не турбуеце мяне. Я таксама рады пагутарыць тут, у цішыні... Цыгарэту?
Ён узяў яе. Я чыркнуў запалку. Зноў у дрыготкім святле ўзнік ягоны твар, які быццам адарваўся ад чорнага фону; на гэты раз ён быў звернуты да мяне. Вочы за акулярамі ўтаропіліся ў мой твар прагна і з нейкаю шалёнаю сілаю.
Мне зрабілася не па сабе. Я адчуваў, што чалавек хоча гаварыць, што ён мусіць гаварыць. І я ведаў, што мне трэба маўчаць, каб аблегчыць яму гэта.
Мы зноў селі. Побач з ім у кутку стаяла другое крэсла, яго ён і прапанаваў мне. Мы курылі, і па тым, як неспакойна скакала ў цемры светлае кальцо цыгарэты, я бачыў, што яго рука дрыжыць. Але я маўчаў, маўчаў і ён. Потым раптам ён ціхім голасам папытаўся.
- Вы вельмі стаміліся?
- Не, зусім не.
Голас у цемры зноў на хвілінку змоўк.
- Я хацеў бы папытацца ў вас пра нешта... гэта значыць, я хацеў бы вам сёе-тое расказаць. Я ведаю, я добра ведаю, як недарэчна звяртацца да першага стрэчнага, але... я... я... у цяжкім псіхічным стане... Я дайшоў да мяжы, калі мне што б там ні было, трэба з кім-небудзь пагаварыць... а то я загіну... Вы зразумееце мяне, калі я... пэўна ж, калі я вам усё раскажу. Я ведаю, што вы не можаце дапамагчы мне... але я як бы хворы ад гэтага маўчання... а хворы заўсёды смешны ў вачах другіх...
Я перабіў яго і папрасіў не мучыцца дарэмна. Хай ён не саромеецца і раскажа мне ўсё... Канечне, я не магу яму нічога абяцаць, але на кожным чалавеку ляжыць абавязак прапанаваць сваю дапамогу. Калі мы бачым блізкага ў бядзе, то, зразумела, наш абавязак дапамагчы яму...
- Абавязак... прапанаваць сваю дапамогу... абавязак паспрабаваць... Значыцца, і вы думаеце, што на нас ляжыць абавязак... абавязак прапанаваць сваю дапамогу?
Тройчы паўтарыў ён гэтыя словы. Мне стала страшна ад іх тупога, упартага паўтарэння. Ці не вар'ят гэты чалавек? А мо ён п'яны?
Але, зусім дакладна адгадаўшы маю думку, як быццам я выказаў яе ўголас, ён раптам сказаў зусім другім голасам:
- Вы, мусіць, лічыце мяне вар'ятам ці п'яным? Не, гэтага няма, пакуль што яшчэ няма. Толькі тое, што вы сказалі, дзіўна ўразіла мяне... уразіла моцна, бо гэта якраз тое, што мяне цяпер мучыць - ці ляжыць на нас абавязак... абавязак...
Ён зноў пачаў запінацца. Потым раптам змоўк, каб крыху пазней, зрабіўшы над сабою намаганне, загаварыць:
- Справа ў тым, што я ўрач. У нашай практыцы часта бываюць такія выпадкі, такія фатальныя... ну, скажам, няясныя выпадкі, калі не ведаеш, ці ляжыць на табе абавязак... абавязак жа не адзін - ёсць абавязак перад блізкім, ёсць яшчэ абавязак перад самім сабою, і перад дзяржаваю, і перад навукаю... Трэба памагаць, канечне, для гэтага мы і існуем... але такія правілы добрыя толькі ў тэорыі... Да якіх межаў трэба памагаць?.. Вось вы чужы чалавек, і я для вас чужы, і я прашу вас маўчаць пра тое, што вы мяне бачылі... Добра, вы маўчыце, выконваеце гэты абавязак... Я прашу вас пагаварыць са мною, бо я проста здыхаю ад свайго маўчання... Вы гатовы выслухаць мяне. Добра... Але гэта ж лёгка. А што, калі я папрашу вас узяць мяне ў ахапак і кінуць за борт?.. Тут ужо канчаецца ласка, гатоўнасць дапамагчы. Дзесьці яна павінна канчацца... дзесьці павінен спыніцца гэты абавязак... ці, можа, якраз у ўрача ён і не павінен канчацца? Няўжо ўрач павінен быць якімсьці збавіцелем, якімсьці сусветным памочнікам толькі таму, што ў яго ёсць дыплом з лацінскімі словамі; няўжо ён сапраўды павінен сапсаваць сваё жыццё і падліць сабе вады ў кроў, калі з'яўляецца якая-небудзь... калі з'яўляецца які-небудзь пацыент і патрабуе ад яго высакароднасці, гатоўнасці дапамагчы, прыстойнасці? Так, дзе-небудзь канчаецца абавязак... там, дзе мяжа нашых сіл, менавіта там...
Ён зноў на момант спыніўся і потым сказаў:
- Прабачце, я гавару з такім хваляваннем, але я не п'яны... яшчэ не п'яны... аднак, не буду хаваць ад вас, што і такое са мною цяпер часта бывае ў гэтай д'ябальскай адзіноце... Падумайце - я сем гадоў жыў амаль выключна сярод тубыльцаў і жывёл... тут можна адвучыцца звязна гаварыць. А калі пачнеш гаварыць, дык адразу хлыне цераз край... Але пачакайце... так, я ўжо ўспомніў... я хацеў у вас спытацца, хацеў расказаць вам адзін выпадак... ці ляжыць на нас абавязак дапамагаць... з анёльскаю чысцінёю, бескарысліва дапамагаць... Зрэшты, я баюся, што гэта будзе занадта доўгая гісторыя. Вы папраўдзе не стаміліся?
- Ды не ж, зусім не.
- Я... я вельмі ўдзячны вам... Не адмовіцеся?
Ён пашнарыў дзесьці за сабою ў цемры. Бразнулі адна аб адну дзве, тры, а мо і болей пляшак, якія ён, відаць, паставіў побач з сабою. Ён прапанаваў мне віскі; я толькі прыгубіў чарку, а ён адразу перакуліў сваю. На момант паміж намі ўсталявалася маўчанне. Пачуўся ўдар звана: была палова першай.