Спачатку яшчэ было нішто сабе. Я шмат займаўся навуковымі назіраннямі. Аднаго разу, калі абярнулася машына, на якой віцэ-рэзідэнт рабіў інспекцыйнае падарожжа, і ён зламаў сабе нагу, я адзін, без памочнікаў, зрабіў яму аперацыю - пра гэта шмат тады гаварылі. Я збіраў яды і зброю тубыльцаў, займаўся мноствам іншай драбязы, каб толькі не апусціцца. Але ўсё гэта было магчыма толькі да таго часу, пакуль ва мне жыла прывезеная з Эўропы сіла; потым я завяў. Нямногія тут эўрапейцы надакучылі мне, я спыніў адносіны з імі, піў і аддаваўся марам. Мне заставалася ж усяго два гады, потым я мог выйсці на пенсію, вярнуцца ў Эўропу, зноў пачаць жыць. Уласна кажучы, я ўжо нічога не рабіў і толькі чакаў, ляжаў ціхенька і чакаў. І гэтак я тырчаў бы там і па сёння, каб не яна... каб не здарылася ўсё гэта...
Голас у змроку змоўк. І люлька болей не тлела. Стала так ціха, што я зноў пачуў плёскат вады, што пенілася пад носам парахода, і далёкі глухі стук машыны. Мне хацелася курыць, але я баяўся запаліць запалку, баяўся рэзкай успышкі агню і водсвету на яго твары. Ён усё маўчаў. Я не ведаў, ці скончыў ён, ці ён дрэмле, ці ён спіць, - такім мёртвым здалося мне яго маўчанне.
Раптам прагучаў адрывісты моцны ўдар звона: адна гадзіна. Ён страпянуўся, і я зноў пачуў звон чаркі. Відаць, яго рука вобмацкам шукала віскі. Стала чуваць, як ён глытае, потым раптам яго голас пачуўся зноў, на гэты раз ён гаварыў больш напружана, гарачэй.
- Так, дык вось... пачакайце... дык вось як яно было. Сяджу я там, у сваёй праклятай глушы, сяджу нерухома, як павук у павуціне, ужо не адзін месяц. Гэта было якраз пасля дажджоў. Тыдзень за тыднем дождж барабаніў па даху, ніводная душа не заглядвала да мяне, ніводзін эўрапеец; дзень пры дні сядзеў я дома са сваімі жаўтатварымі жанчынамі і сваім добрым віскі. Я тады быў у вельмі прыгнечаным стане, я быў проста хворы Эўропай: калі я чытаў у якім-небудзь рамане пра светлыя вуліцы і белых жанчын, у мяне пачыналі дрыжаць пальцы. Я не магу дакладна апісаць вам гэты стан; гэта своеасаблівая трапічная хвароба - лютая, ліхаманкавая і разам з тым бяссільная туга па радзіме, якая часам авалодвае чалавекам. Так я сядзеў тады, здаецца, з геаграфічным атласам у руках і марыў аб падарожжах. Раптам пачуўся трывожны стук у дзверы, і я ўбачыў свайго боя і жанчыну. Твары абаіх адлюстроўваюць надзвычайнае здзіўленне. Яны моцна размахваюць рукамі, вочы вытарашчаны - прыйшла нейкая дама, ледзі, белая жанчына.
Я ўсхопліваюся з месца. Я не чуў шуму экіпажа або аўтамабіля. Белая жанчына тут, у гэтай глухамані?
Я гатовы ўжо збегчы ўніз па лесвіцы, але раблю намаганне і застаюся на месцы. Гляджу мяльком у люстэрка, хуценька прыводжу сябе крыху ў парадак. Я нервуюся, адчуваю непакой, мяне мучыць нядобрае прадчуванне, бо я не ведаю нікога на свеце, хто па дружбе прыйшоў бы да мяне. Нарэшце я спускаюся ўніз.
У пярэднім пакоі чакае дама; яна паспешна ідзе мне насустрач, убачыўшы мяне. Густая дарожная вуаль закрывае яе твар. Я хачу прывітацца, але яна сама пачынае гаварыць.
- Добры дзень, доктар, - гаворыць яна плаўна па-ангельску. (Яе гаворка здаецца мне вельмі ўжо плаўнай і як бы наперад завучанай.) - Прабачце, што я ўрываюся да вас. Але мы былі якраз на станцыі, наш аўтамабіль застаўся там. - «Чаму яна не пад'ехала да дома?» - маланкаю прамільгнула ў мяне ў галаве. - І вось я ўспомніла, што вы жывяце тут. Я гэтак шмат чула пра вас, з віцэ-рэзідэнтам вы зрабілі проста цуд, яго нага выдатна загаілася, ён зноў ужо гуляе ў гольф. Так, так, у нас усе гавораць пра гэта, і мы ахвотна аддалі б нашага бурклівага ваеннага ўрача і абодвух другіх у дадатак, калі б вы пераехалі да нас. Наогул, чаму вас ніколі не відаць? Вы жывяце, быццам йог...
І гэтак яна сакоча бясконца, спяшаецца і не дае мне ўставіць ні слова. Штосьці нервовае і неспакойнае адчуваецца ў гэтай пустой балбатні, і я сам заражаюся непакоем наведніцы. Чаму яна так многа гаворыць, пытаюся я ў сябе, чаму не называе сябе? Чаму не знімае вуалі? Ліхаманка ў яе, ці што? Можа, яна хворая? Звар'яцела? Я ўсё мацней хвалююся, адчуваю сябе ў смешным становішчы, калі стаю вось так перад ёю пад невычэрпным патокам яе балбатні. Нарэшце яна на момант спыняецца, і я прашу яе наверх.
Яна робіць свайму бою знак застацца і першая падымаецца па лесвіцы.
- Як у вас хораша, - кажа яна, аглядваючы мой пакой. - О, якія цудоўныя кнігі! Я хацела б іх усе прачытаць! - Яна падыходзіць да паліцы і разглядвае назвы кніг. Упершыню з таго часу, як я выйшаў да яе, яна на хвіліну змаўкае.