- Дванаццаць тысяч гульдэнаў, з выплатаю па чэку ў Амстэрдаме.
Я задрыжаў... задрыжаў ад гневу і... захаплення. Усё яна разлічыла - і суму, і спосаб плацяжу, які прымушаў мяне да ад'езду, яна мяне ацаніла і купіла, не ведаючы мяне, распарадзілася мною, упэўненая ў сваёй уладзе. Мне вельмі хацелася ўдарыць яе па твары... Але калі я, дрыжучы, устаў з месца - яна таксама ўстала - і паглядзеў ёй у вочы, паглядзеў на гэты моцна сціснуты рот, які не жадаў прасіць, на гэты ганарысты лоб, які не жадаў схіляцца, мною раптам авалодала... авалодала... нейкая прага помсты, насілля. Мусіць, і яна гэта адчула, бо высока падняла бровы, як робяць, калі хочуць асадзіць надакучлівага чалавека; ні яна, ні я не хавалі сваёй нянавісці. Я ведаў, што яна ненавідзіць мяне, бо адчувала патрэбу ўва мне, а я яе ненавідзеў за тое... за тое, што яна не хацела прасіць. У гэтую хвіліну, у гэтую адзіную хвіліну маўчання мы ўпершыню загаварылі зусім шчыра. Потым, нібы змяя, упілася ў мяне думка, і я сказаў... сказаў ёй...
Але пачакайце, так вам не зразумець, што я зрабіў... што сказаў... мне трэба спачатку растлумачыць вам, як... як зарадзілася ўва мне... гэтая... вар'яцкая думка...
Зноў ціхенька бразнула ў цемры чарка. І голас працягваў з яшчэ большым узбуджэннем:
- Не думайце, што я хачу зменшыць сваю віну, апраўдацца, абяліць сябе... Але вы без гэтага не зразумееце... Не ведаю, ці быў я калі-небудзь добрым чалавекам... але, здаецца, дапамагаў я заўсёды ахвотна... А там, у маім сабачым жыцці гэта была ж адзіная радасць: карыстаючыся жменькаю ведаў, увагнаных у мозг, зберагчы жыццё жывой істоце... Я адчуваў сябе тады госпадам богам... Далібог, гэта былі мае лепшыя хвіліны, калі прыходзіў вось такі жоўты хлапчына, пасінелы ад страху, са змяіным укусам на добра распухлай назе і, плачучы, маліў не адразаць яму нагу, і я ўмудраўся яшчэ выратаваць яго. Я ездзіў у самыя далёкія мясціны памагаць жанчыне, якую трэсла ліхаманка; выпадала рабіць і тое, чаго чакала ад мяне мая сённяшняя наведніца - такое здаралася яшчэ ў Эўропе, у клініцы. Але тады я адчуваў, што камусьці патрэбны, тады я ведаў, што выратоўваю кагосьці ад смерці ці роспачы, а гэта патрэбна і самому выратавальніку - усведамляць, што ты патрэбны другому.
Але гэтая жанчына - не ведаю, ці здолею я растлумачыць вам, - яна ўзбуджала, раздражняла мяне з той хвіліны, як увайшла, нібыта выпадкова, у мой дом. Сваёю ганарыстасцю яна выклікала ў мяне супраціўленне, абудзіла ўсё... як бы гэта сказаць... абудзіла ўсё прыглушанае, усё схаванае, усё злоснае. Мяне збівала з панталыку, што яна разыгрывала перада мною ледзі і з халоднаю абыякавасцю прапаноўвала здзелку, у той час як справа ішла пра жыццё і смерць... І потым... потым... зрэшты, ад гульні ў гольф не нараджаюцца дзеці... я ведаў... лепей будзе сказаць, я раптам з жахліваю выразнасцю падумаў - гэта і была тая думка, - з жахліваю выразнасцю падумаў, што гэтая спакойная, гэтая фанабэрыстая, гэтая халодная жанчына, якая пагардліва падняла бровы над стальнымі вачамі, прачытаўшы ў маім позірку адмову... амаль абурэнне, - што яна два-тры месяцы назад ляжала ў ложку з мужчынам і, можа, стагнала ад асалоды, голая, як жывёліна, і іхнія целы ўпіваліся адно ў адно, як вусны ў пацалунку... Вось гэта і была думка, якая пранізала мяне, калі яна паглядзела на мяне з такою ганарыстасцю, з такою пыхлівай халоднасцю, нібы ангельскі афіцэр... і тады, тады ў мяне ўсё напружылася... я як бы ашалеў ад жадання ўнізіць яе... З гэтага моманту я бачыў праз сукенку яе голае цела... з гэтага моманту я толькі і жыў думкаю авалодаць ёю, вырваць стогн з яе жорсткіх вуснаў, бачыць гэтую халодную, гэтую ганарыстую жанчыну ў экстазе пачуццяў, як той, другі, каго я не ведаў. Гэта... гэта я і хацеў вам растлумачыць... як я ні апусціўся, аднак ніколі яшчэ не злоўжываў сваім становішчам урача... але тут не было прагнай цягі, не было нічога сексуальнага, пажадлівага, паверце мне... я не стаў бы адпірацца... толькі моцнае жаданне перасіліць яе гордасць... перасіліць як мужчына... Я, здаецца, ужо казаў вам, што вонкава халодныя жанчыны заўсёды мелі нада мною асаблівую ўладу... але цяпер, цяпер да гэтага дадалося яшчэ і тое, што я ўжо сем гадоў не быў блізкі з белаю жанчынаю, што я не ведаў супраціўлення... Бо тутэйшыя жанчыны, гэтыя мілыя істоты-шчабятухі, з радасным хваляваннем аддаюцца беламу чалавеку, «пану»... Яны ціхмяныя і пакорныя, заўсёды даступныя, заўсёды гатовыя дагаджаць вам з ціхім, гартанным смехам... Але якраз з-за гэтай пакоры, з-за гэтай рабскай дагодлівасці праходзіць асалода, і ты адчуваеш сябе свіннёю... Разумееце цяпер, разумееце, як ашаламляльна ўздзейнічала на мяне раптоўнае з'яўленне гэтай жанчыны, поўнай пагарды і нянавісці, наглуха замкнёнай, якая адначасова і дражніла сваёю таямніцаю, і напамінала аб нядаўняй страсці... калі яна дзёрзка ўвайшла ў клетку такога мужчыны, як я, такога адзінокага, згаладалага, адрэзанага ад усяго свету паўчалавека, паўзвера... Гэта... вось гэта я хацеў вам сказаць, каб вы зразумелі ўсё астатняе... зразумелі тое, што адбылося потым. Дык вось... перапоўнены нейкім злосным жаданнем, атручаны думкаю пра яе, голую, жаданую, якая аддаецца мне, я ўнутры ўвесь падцягнуўся і разыграў абыякавасць. Я холадна вымавіў: