Выбрать главу
Яго баі не адгулі. Гады ідуць, А ён накульгвае, Праслухваючы чуйнай кульбачкай Дол, як мінёр,— Баліць зямлі.
Ніяк не пасвятлее Буг. I міна памяці Зацятая Яго спакой Дагэтуль катуе, Што разам з выбухам Аглух.
Усіх жывых Клапоціць рух, Хто цісне нацянькі, Хто подбегам. Спаважна Ён ступае з подзвігам, I вечнасць іх чакае — Двух!

Есяніца

Па дарозе вёска Есяніца — Там сваё пяе вясне сініца, Восені там сніцца сена пах. Нас імчыць шаша Далей ад дому. Чашачкі, якім усё вядома, Як сарокі, ўсцяж на ўсіх слупах.
Свінакроп ты называеш слёзкай. Шчырасць наша не за гэтай вёскай. Доўгі шлях яшчэ ад «вы» да «ты». Вудзе белы снег I шэры ранак, Грэх жаданы, без прыступкаў ганак, Палыны глухія ад слаты.
А пакуль ля вёскі Есяніцы Самі ў рыфму просяцца суніцы, А яны салодкія з рукі. Болей аніколі не спыніцца Ля дарогі На папас такі. На слупах вясёлыя сарокі Навяшчуюць іншым Шлях далёкі...

* * *

У канверце прыляцеў лісток 3 дрэва, Што спакой трымала кронай. Ліст прыйшоў Ад цішыні зялёнай, Дотыку твайго збярогшы ток.
Каб нанова Успамін апёк Той вясной, Дзе яблыні чакалі Адцвітаць, А ласка летняй хвалі Біла з забароненых заток.
Змоўца-змрок Сачыў, каб хто не ўрок. Вечар быў Таемным паштальёнам. Нагадаць аб полымі зялёным У канверце прыляцеў лісток...

Партызанка

Хоць абмацвала сцены трава-татарва, Ды, бяскрыжая, славай мроіла — Перайшла ў партызанскую веру царква, Стала грознай майстэрняй зброевай.
Не да ўсёдаравання — дух помсты святы! Расставаліся з дамавінамі, Уставалі святыя з глухой нематы — Сталі ўсе вайсковапавіннымі.
I паўстала царква супраць чорных крыжоў, Як даўней, зрабілася крэпасцю. Каб згарэлай вінтоўцы прыклад падышоў, Бог сачыў — з ёй у бой заўтра трэба ісці.
Судны дзень уцалелай рукой Міхаіл Пратрубіў — архангел у роспачы: Не відзён небасхіл, як паўсталі з магіл, Помста кожнаму маткай хроснаю.
Пакідалі анёлы суседні касцёл — Хай пустуе спічастаю пуняю! — I ляцелі ў царкву, атрымаўшы дазвол У райвыканкоме на унію.
Барацьбе прысягала на вернасць царква Ад падземных ходаў да макавак. Іскры веры ў святло ў горана з рукава Партызанскіх сірот аплаквалі.
Рызамі — гімнасцёркі, рыззё, пінжакі. Трызніць двор вясельнымі бомамі. 3 Вулы робяць налёты штодня хіжакі 3 падарункамі неба — з бомбамі.
Як з анёламі ўпоплеч мой крэўнік Пятрок Працаваў, і цяпер прыгадвае. Ну, а цёзка, з бяроз не сарваўшы лісток, Па лясах блакадзіў з брыгадамі.
Подзвіг збройнай рукой бласлаўляла царква, Узвышалася над Ушачаю. ...I дагэтуль яшчэ не астыла жарства, Дзе гула майстэрня гарачая...

Цётча

Лясы прымоўклі хутарамі — Не ўсе іх За вайну звялі. У цвеце сосны Алтарамі Гараць на зраненай зямлі.
Дарогі выбітай узбочча, Дзе каўняром Скарэла гразь, Вядзе памалу ў вёску Цётча. Сталярыць нешта Дзед Барнась.
Даўно за восемдзесят дзеду, Вайна забрала Двух сыноў. А ўсё ж травець Нязвыкла следу Да перавернутых чаўноў,
Дзе ходзіць боссю Барнасіха Дасюль, Ледзь толькі сыдзе снег. I спіцца ліху, Покуль ціха. Аддыхаўся Штодзённы спех.