Выбрать главу
Дзе тая зязюля, Што мне вякі вешчавала? Падавілася каласком. Дзе шчыруха-матуля, Што мяне сустракала? Папярхнулася жоўтым пяском.
Дзе дарога дадому санная, Нецярпенню доўгая самая? Знікла з палазком, Што спяваў баском.
Дзе сцяжынка беглая За прымоўклым ляском? Ногі босыя адпялегвала, Часам сасватаная, Цёмным асфальтавым Падперазалася паяском.
А мне ўспаміны Балюча паляцца, Нібыта ў зямлі яліны Замлела шавеляць пальцамі, Апавітыя туманком. Сэрца заходзіцца шаргунком.

* * *

Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы, Мы, беларусы, Мы — народ такі. Ахвотна забываем, што мы, Хто мы. Згадаюць Нашай памяці вякі!
Мы сціпласцю сваёй здаўна вядомы, Саміх сябе хваліць нам не з рукі. Хай слабакі Аж падаюць ад стомы, На плечы ўзяўшы Пыхі мех цяжкі.
Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы, Надзейныя сябры і дружбакі. I госць, і падарожны ў нас, Як дома. А злым і травы колюцца ў бакі.
Гатовы ўсё аддаць — I тым багаты, Мы, беларусы, Мы — народ такі. Што з краю небяспекі нашы хаты, Пра гэта Не забудуць чужакі!

Аляксею Пысіну на 60 гадоў

Да бога збірайся, а жыта сей! — Вучылі вякі неўміручасць вясковую. Ты рана сейбітам стаў, Аляксей, Падперазаны шляхамі вайсковымі.
Была нялёгкай твая сяўня — Адмервала помста Зярняты свінцовыя. Крапіла трывогу тваю да дня Крыніц краснапольскіх Вада свянцоная.
А іх свянцілі і гнеў круты, I ласка дняпроўскіх бяроз Спагадаю. I да цябе праз усе франты Прыходзіла і пра сябе нагадвала Ад касьбы, ад ворыва Смугалёўшчына, Лютая да ворага Вугалёўшчына, Клопатамі ўзвышаная Мазалёўшчына, Вышытая вішнямі Магілёўшчына. Дзе на маланкавым вудаўі Дрыжэла слова нерастлумачана, Дзе баркалабаўскія салаўі Ляцелі ў летапіс мовы матчынай.
Шаптала зямля: Сівярэй, расей, Дадому вярніся, У змаганні выстаі Ды роўнае праўдзе Слова выстагні. Хай родзіць нашчадкам, Сей, Аляксей!
Скарылася ратніку Слова вячыстае!

Пасля сакавіцкай мяцеліцы

Юрыю Багушэвічу

Зноў — праз пятнаццаць год — У гэтым лесе. Мы пастарэлі, лес памаладзеў Падсадкаю, што смела ўгору лезе, Не ведаючы пра нябесны гнеў.
Апошняй сакавіцкай, сакавітай Мяцеліцы бялеюцца сляды. Яліны ўсёй панураплечай світай Яшчэ ідуць з багатай каляды.
Сінічка зябкай кропелькай блакітнай Са звонам разбівае глушыню. Чаўны пацягваюцца ля ракі той, Якой гайдаць тугу не ўпершыню.
Даўжэе дзень, Даўжэюць нашы цені, Патурбаваўшы вечнасць на зямлі, Дзе мы аснову радасці — Здзіўленне — I чысты снег даверу збераглі...

* * *

Мы кожны дзень Туды, туды Вяртаемся ўспамінам, Дзе хрыпне вырай малады, Трымаюць небасхіл сады, Здароўкаюцца халады, Дзе ты Завешся сынам.
Мы кожны дзень Адтуль, адтуль Ідзем хадой няхуткай, Адтуль, Дзе ніву помніць куль, Дзе пахне сіверам хатуль, Дзе развітальнае Пакуль Махае смутку Хусткай.
Дакуль трываюць нашы дні, А іх да жалю мала, Вяртаемся на карані Сваёй забытай дабрыні Успомніць ласку далані, Што клопат наш трымала...

Чытае вершы Захарэвіч

Чытае вершы Захарэвіч, Нібы сыходзіць на зямлю. I звечарэеш, Захварэеш Жаданнем выгукнуць: — Люблю!..