Выбрать главу
I захварэеш невылечна Забытай прагай чысціні. Ад слоў душы, як небу, Млечна. Нанова кожны гук цані!
Ах, нарачанка — Нарачонка Радка прачулага, Які У бераг сэрца Б'ецца чоўнам Праз веі веку, Трапяткі.
— Марыля! — Свіцязі ласкава Пачуць Імя світання зноў. — Маrіа! — Храмы ўтораць. — АVЕ! — Зямной малітваю званоў.
Марына, Маша. Кветка Мар'я, Дзе зман-Іван? Туман, як лёс. Ты тая хмарка, Што захмар'е Паслала нам Для светлых слёз.

Баравіна

Юрасю Свірку

Не багатая На літцецерукоў, Бы Гомельшчына, Ды касматая На сябрукоў Бягомельшчына.
Небу Хочацца набыцца У стольным Бегамлі — Чапурыцца Мілавіцамі Ды Вегамі.
Горка Звозіла У гурбу Санкі Панчанкі. Зорка Позняя Паэтаў позірк Бачыла.
Лёс То спешваў, То ўздымаў На горы роздуму, Ды запомнілася Першая Народнаму.
Юрасёва Маргавіца Ціхамірная Вераснёва Маладзіцаю Падміргвае.
Поле восенню Уцякае ў лес Палёўкаю. Як увосні, Спеў Алесеў Там галёкае.
Калі еду на радзіму, Сум пагойдваючы, Рады дыму Ядлаўцоваму Бягомельшчыны.
Баравіна, Светлым ветрам Перавітая, На сяброў I на паэтаў Баравічная!

* * *

Горад, Быццам лебяда гарод, Заглушае немата стагоддзяў. Хоць хапала выбухаў, Грымот, Цішыню ніхто не залагодзіў.
Тут раскашаваўся дынаміт, Нейкі міг навалы спачывалі. I запал саляркаю дыміў. А ўспамін травеў на грозным вале.
...Ледзь гайдае барку Палата, Дзе плытам быў Шлях да мора вольны. Быццам апусцілася пліта, Дзе сябе ўсе не забылі войны.
Насыпны ўзнімаецца курган Над будзённым тлумам, Над мінулым. Слухае маўклівасці груган, Як гудзе ваколле даўнім гулам.
Коннік часу Мчыць наўскапыта. Моліцца натоўп білетнай касе. Можа, гэта наша глухата Даўнасці сівой перадалася?

Запрашэнне Нікаласа Гільена ў Беларусь

Яшчэ задоўга да Калумба Саперніца маланкі Румба Агніста вывівала стан. Радок Гільена губы Кубы Апёк, як пацалунак любы, I выгукам свабоды стаў.
Пакуль ішлі вякі-маруды, Паплечнік Лоркі і Нэруды, Быў братам гневу Нікалас. Да сонца ўзняўся праз нягоды Сасмяглы востраў трысняговы, Каб на яго стараўся час.
Рад партызанскі край, Паэце, Прывеціць сурмача дасвецця, Адчуць хаду твайго радка. I ў свеце светаў немаўлятка — Планета нашая — мулатка — Смуглее, як твая шчака.

* * *

Дух падымала з тла, Вяртала да святла Эпоха адраджэння, А ўслед за ёй была Эпоха адрачэння
Ад ісцін прапісных, Сваіх і прывазных, Ад ідалаў здубелых I ад сябе саміх, Ад страху анямелых.
Дол слухаў голас хмар. На міг адчуў ліхвяр Нажывай атручэнне. Не прагнула ахвяр Эпоха адрачэння.
Смялела гамана. Не пялася мана Армяк змяняць на тогу. Крышыла лёд вясна, Няхай сабе не доўга.

* * *

Цішэй вады, Ніжэй травы — Ад слоў да ісціны далёка: Вада ў адчаі рве равы, Глытае хваля астравы.
Трава над тым шуміць высока, Хто,вечнай прагнасцю сляпы, У свеце сеяў смерць і звады. Жвір Возьме ўсіх — Ён не скупы. Вір Перамые чарапы Вар'ятам, П'яным ад улады.