Чакае,
Покуль спіць бяда,
Трывогачуйная вада.
Расце,
Забыўшы на гады,
Трава —
Хаўрусніца вады.
* * *
У Пушкіна адносіны з царом
Складаныя і напаміну вартыя.
Мёд з палыном
Якой чарэпаў квартаю,
Ні расказаць, ні апісаць пяром.
Пакуль калега пыху таймаваў
I раіўся даверліва са шлункамі,
Ён аплявуху звання камер-юнкера
Радком да дзекабрыстаў адмываў.
У Пушкіна —
Прыгоннага вякоў —
Адносіны са славаю дваранскія.
Сумленне толькі прызнаваў дарадцаю,
Каб дзёрзкасць падкаваць,
Шукаў цвікоў.
А быў адзін,
А першы быў паўсюль,
Упарты,
Асцярогай не прычэсаны.
I думаў,
Стаўшы пад прыцэл дантэсавы,
Што ўсіх паэтаў засланіў ад куль...
* * *
Вучыць не трэба маладых,
Ні лашчыць,
Ні даваць пад дых,
Ім думаць
Трэба даць магчымасць.
Дзяліць не трэба маладых
На гнедых,
Шэрых,
На рудых,—
Абы яны былі з вачыма,
Дзе дзёрзкасць і непрымірэнне,
Нібыта ў першы дзень тварэння...
* * *
Вецер хмары так нізка соўгаў,
Аж не можа падняцца трава.
Аднарукая калонка
Доўга
Вылівае ваду з рукава.
* * *
Івану Бурсаву
3 гадамі менш і менш сяброў,
Нібы ў бары трывалых сосен,
Што ацалелі ад вятроў,
Ад тупалобых тапароў,
Тых, што з нябёсамі адносін
Ашчаднай шчодрасцю дароў
Не сапсавалі, хоць кастроў
Ахвярных не зашмат палілі,
А ўдосыць росамі паілі
Крылатых песняй песняроў.
Нас сабірае ўсё радзей
Застолле, шумнае калісьці.
Настрой — вясёлы дабрадзей —
Хаваецца, а ўсё люцей
Туга свайго шукае выйсця.
I ўсё цяпер як у людзей:
Надзень святковы ўбор з надзей,
Трывай, забудзь на клопат дробны.
Яшчэ далёка стол жалобны.
Як бор, шумі і не хлудзей!
* * *
Яшчэ не ўсох пясок сыры,
Жалобны стол не ўгорбіў плечы,
А старцы цягнуцца ў сябры
Таму, хто ўжо не запярэчыць.
Каго хацелі пры жыцці
Дастаць сваёй рукой кашчавай,
Каб ценем за чужою славай
На ганак памяці ўзысці.
Яшчэ ягоная душа
Ад клопатаў не адляцела,
А прагным хціўцам закарцела
Хоць зазірнуць на дно каўша,
Каўша, што акрапіў куццю,
Сабраўшы кропелькі журбы ўсе,
Дзе воблік вечнасці адбіўся,
Непадуладны забыццю...
* * *
Паненка сцяжынка,
Цётка шаша,
Дзядзька бальшак,
Суседка чыгунка,
За вамі імкнецца
3 маленства мая душа
Ад першых слядоў
Да апошняга пункта.
I толькі галінка,
Як тая ляўша,
У шыбу няўзнак
Грукне ззяблая гулка,
Паненка сцяжынка,
Цётка шаша,
Дзядзька бальшак,
Суседка чыгунка,
Узнікнеце ўсе
У снягах, у расе,
Забраўшы спакой ціхутка.
* * *
Ён і яна — і сусвет не пустуе.
Сэрцы заходзяцца ў цішы званчэй.
Б'юцца спалохана ў цемру густую
Іскры з вачэй.
Загадка перакладу
Язэпу Ссмяжону
А перакласці —
Значыць пераплавіць,
Нанова пераліць метал упарты.
Перапісаць,
Закрэсліць,
Пераправіць,
Заблытаўшы сабе самому карты.
А перакласці —
Значыць пераправіць
Паром павагі на прыветны бераг,
Каб не пералявіць,
Не пераправіць,
Трымаць канат даводзіцца аберуч.