Выбрать главу
Загадка перакладу, Як вядзьмоўства: Ашчаднасць, Марнатраўства, Красамоўства!

* * *

Кажыце пры жыцці — Не ў слове развітальным Аб шчырым адкрыцці Паэта ці ратая,
Не сыпце слоў яму Пасля, як медзь, у яму. У вечным цераму Яму ўжо не да ямбаў.
Яму не да тугі, Не да жальбы спагаднай. Не гляне той, другі, Ні з ласкай, ні з пагардай.
Не прыйдзе той, другі, Да радаснай сябрыны. Як на вадзе кругі, Закругляцца ўспаміны...
Жыццё вас барані Пасля ва ўсім вініцца. Са словам дабрыні Спяшайце не спазніцца!

* * *

Наіўны я, мяне зусім не тычыцца, Адкуль прыйшла ты — з цемры, са святла. Ты, пэўна, неўміручая, з антычнасці Абразу мармуру з сябе зняла. Шчаслівая ад палкага цяпла, Аднойчы ты з музеяў уцякла...

* * *

Ліст жаўцее. Шоўк вясельны зжоўк. Можа, нешта зменіцца заменаю? I на шыі б'ецца ланцужок, Як абрывак ланцуга сямейнага.
Ад вачэй нахабных, Ад людзей Дзе схавацца з радасцю шалёнаю? I з салодкай робіцца салёнаю. Соль жа за гаркоту саладзей...

* * *

У мурах, камяніцах, У парыўных вагонах Сніцца сцежка-лісіца, Што бяжыць па адхонах.
Гараджанін часовы, Праз бетон, праз цагліны Чую траў перазовы, Сум засохлай галіны.
Хоць сваё галава гне, Сэрца слухае стому. Да апошняга цягне — Да драўлянага дому...

Стэп

Зазвінелі мячы Ці ключы Княства Тмутараканскага? Хоць хрыбетнік стэпу лічы — Курганы вытыркаюцца.
Вараняцца раскрыллі скіб Стуманелага ворыва. Грывяцца кавылі — Скача скіф I праменіць стралою ворага.
Перагнаць сябе Рэху няўцерп. Далягляду — Сцяжына вузкая. Ці сарока на месцы ляціць, Ці стэп Забаўляецца з косткі вурзгалкай?

Просьба да некаторых скульптараў

Хоць не рабіце з космасу халтуры, Да кас удзячных не спяшайце надта. Аднолькава дэбільныя скульптуры 3 міжзор'я апускаюць касманаўтаў.
У космасе важчэй за год хвіліна, А вы ў бязважкасці свайго шаблону. Ад сораму аж чырванее гліна Як вынік вашага пустога плёну.
Далёкія нашчадкі, У Сусветах Пабыўшы, вернуцца, як з лесасплаву Бог барані, Каб па фігурах гэтых Яны аб нас — як продках — Мелі ўяву!

* * *

Пакуль мы спешым час, Шукаем вечных ісцін, Чакае хата нас I двор, запалы лісцем.
Над хатай нашай дым Трымае пах забыты. Двор ходзіць следам тым, Дзе пыл дажджом прыбіты, Дзе раніца слядоў Лядком тугі зашклёна. А з ветрам шум кладоў Яшчэ шуміць зялёна.
П'еш цішу з гладыша Пад подых ліставею. I адтае душа, I ў печы дух цяплее.

* * *

За дзень нагулася ад кожнага ўздрыгу — Лясная дарога чакае святла: Сцямнелыя дзве далані развяла, Трымаючы неба ўначэлага кнігу...

Да падножжа помніку пашаны

Купалава дуброва
У першыя сто гадоў Вечнасці Янкі Купалы Пасадзіма Сто дубоў Ля хаты, Што спеў калыхала,
Што помніць калыскі скрып I плач Янука малога. Тут дуб расказаў стары б, Як многа Тоіць аблога,
Аб чым маўчаць дзірваны, Траве даверыўшы права У зялёныя біць званы, Ледзь сонца зірне ласкава.