Крыніцы,
Дубы,
Курганы,
Апалага замчышча плечы...
Далёкія перуны
Для рыфмы ўзбудзіць дарэчы.
Расціснулі кулачкі
Сваіх каранёў не ў скрусе —
Прынеслі зямлю дубкі
3 усіх куткоў Беларусі.
Дубкам вартаваць вякі
I весці падлік суровы,
На грунт упадуць які
Купалавай моцы словы.
Рачулка вуліцы Купалы
Са снегам мех
Згубіў мароз,
Як захмялелы поп-расстрыга.
Яшчэ на год
Сталее Рыга.
I надвячорак смех растрос.
Тут гараджанкаю Дзвіна,
А з дому босая ўцякала...
Рачулка вуліцы Купалы
Спынілася,
Як даўніна.
У маразянай цішыні
Запахла родна
Хлебам з кменам.
Прымарыўся мурам каменным
Спакой драўлянай дабрыні.
Паружавелыя дамы
Ідуць паволі ў сон ружовы.
У неба ўскінулі галовы
Аблокабровыя дымы.
Дамы запальваюць агні
На гулкай вуліцы Купалы.
I памаўчаць з табой кварталы —
Тут крок
I слова супыні.
Дамоў ружовых пас цяжкі —
Цьмянее брук.
А мне ў сутонні
Не сцены бачацца —
Далоні
Над дымам грэюць пастушкі.
Прасвечвае цяпельца іх.
Агонь на ўзлеску не шалее.
I небу жаліцца жалейка,
Заступніца адна за ўсіх.
Праз нецярпенне ледзяшоў
Туга нябёс
Па дол апала.
Сваёю вуліцай
Купала
Да Яна Райніса прыйшоў!
Граф Галавін чытае «Жалейку»
Хвала вачам вушастым і нагам,
Няўсыпнасці, што да ўсяго дапала,
Хвала ахранцы
I яе багам —
Дасьеччыкам,
Даследчыкам Купалы.
Яны чыталі першыя яго,
Уважліва, прыдзірліва ўнікалі,
Мазгуючы, што, як і да чаго,
Уласны страх яго радком лякалі.
Запоўніць соты чорныя дасье
Стараліся
Даносаў чорным мёдам,
Ды апяклі пагонаў крылы ўсе.
Звёў чорных пчол
Няшчаднасці куродым.
Стаў светлы мёд
Ад праўды новых дзён,
А чорнае на белы свет паўстала.
Ён не прапаў,
I вашай працы плён,
Першадаследчыкі.
Ідзе Купала
3 пачатку веку ў новыя вякі.
Вы небяспеку першыя адчулі
Яго хады.
Купалавы радкі
Нясуць святло на ўсе мацерыкі
I каркання не ўчуць ва ўладным гуле!
* * *
Даруючы Рыгу Ілоне
Гэты горад табе не чужы.
Углядзіся,
Дачушка, ў Рыгу.
Камяніцаў аселі глыжы —
Прадчуваюць
Стагоддзяў адлігу.
3 дахаў
Зваліцца снег уначы,
Як заспаная птушка
3 дрэва.
Крок свой
Да цішыні прыручы.
Тут мінуўшчыне
Грому не трэба.
Тут — двухрогакрутыя сярпы —
Якары
Свае гоні дажалі.
Іх на сценах,
Як рыцар скупы,
Параспяў
Кожны свіран
Без жалю.
У глухіх да мальбы
Свіраноў
Дзверцы ўверсе,
Як тыя шпакоўні,
А ці для прапаноў
Туманоў
Парасчынены скрынкі поўні.
Гэта вырысы
Рыгі старой,
Вокнаў выразы,
Здзіву выразы.
Латвія
Свой святковы строй
Праз вякі ўсцерагла
Ад абразы.
Мору Даўгава б'е чалом —
Чую ўсхліпы
Рачулкі ўшацкай,
Што ішла праз бары
Напралом
Да салёнай вады
Прычашчацца.
Дык прымі
Гэты горад стары
У маршчаках вулак раскосых.
I званіц алаўкі
Падвастры —
Паўтары
Воблік Рыгі ў нябёсах!
* * *
Запрашаю цябе ў зіму,
Дзе ад снегу душна ялінам —
Нагадаюць няхай яны нам, .
Мы шукалі сябе чаму.
Запрашаю цябе ў вясну,
Дзе ад квецені снежнай бела,
Дзе сцяжынка збегчы паспела
У нядаўнюю даўніну.
Запрашаю цябе адну
У хаціну маёй самоты.
Для цябе маладосць гукну,
Узаб'ю ў галавах сумёты.