ІІІ.
Як п'яніца стары,
Чырвоны нос
Ад сораму схаваць
Спрабуе перац.
Нібы для семярых
Нос гэты рос,
А лёс зялёны
Змог яму даверыць.
Налітыя здароўем маладым
У памідораў
Як не пырснуць шчокі.
Лёг баклажан у пыл,
Бы ў цёплы дым.
I па націўі
Боб пусціўся ў скокі.
Кастрычнік цёплы
Не імжыць кастрой.
Лісты
Гайдаюць летнюю лагоду.
Трымае цвёрда
Восені настрой
Фонд залаты
Балгарскага гарода.
Гарод балгарскі,
Хай жа не кране
Цябе
Абраза лебяды ніколі!
Бо цеплыня
Не падае ў цане
Твая
На біржах шумнага застолля.
* * *
Як забароненая чарка,
Што ні абняць, ні прыгубіць,
Іканавокая балгарка,
Як пра цябе ўспамін забыць?!
Ці не ў святла са змрокам сварка
Такая з-за цябе была,
Што твой пагляд цямней,
Балгарка,
Чым пекла чорнага смала?
Ты не народзіш недавярка,
Табой славяняцца вякі.
Мадоннатварая балгарка,
Міг запыніць табе з рукі!
Настрою яравая хмарка,
Што робіць светлым
Сум начы.
Скажы,
Маўклівая балгарка,
Куды ад спёкі мне ўцячы?!
* * *
I вецер верасня
Абраў лагодны тон
Для дзён,
Што з цеплынёю засталіся.
Хадою маладой сагрэтая Сафія
3 плячэй зрывае
Свой асенні палітон —
Аж падаюць
Каштанаў гузікі глухія
На неастылую аздобу жаўталісця...
Лазніца
Калі вам толькі можа рай прысніцца,
У ім павінна зелянець яна,
На засень урадлівая
Лазніца,
Спагадніца настрою і віна.
Куды да гэтых шчодрых
Райскім шатам!
Шуміць
3 лазы застрэшак гаманкі.
Даўно тут расшчапілі
Сэнсу атам
Балгарскага Адама сваякі.
Тут можна міжнародную нараду
Праводзіць,
Знаючы цану глытку,
Пад пераспелым небам вінаграду,
Дзе гроны зорак
Просяцца ў руку.
Было,
Што ўседзеў ледзьве ў калясніцы,
Грымоты пагубляў
Ілья-прарок,
Бо пасядзеў пад шатамі лазніцы.
Ад ліўню ўцёк ён,
А ў віне дамок.
Зялёная павець,
Дзе дрэмле золак.
Спавітая пяшчотнаю імглой,
Антэна чэпкая
Лазы вясёлай
Трымае сувязь з небам і зямлёй.
* * *
Нібыта сама даўніна
Ва ўборы вякоў стракатым,
Конеўская планіна
Пажарам лясоў сустракае.
Бягуць праз агонь слупы,
Узносячы чашачкі ўгору,—
Каб хоць не разліць
Скупы
Надзеі збялелы холад!
Сем адказаў рэха
Ветрана і скварна —
Варна!
Туманам атарна —
Варна!
Радасці ўладарна —
Варна!
Шчырасці другарна —
Варна!
Лозам вінадарна —
Варна!
Закаханым парна —
Варна!
Позірку бясхмарна —
Варна!
I наогул —
хо-
ра-
ша!
Па дарозе ў балгарскую восень
У планеты на якім плячы
Мы трымцім пылінкай казытлівай?
Ноч,
Зямлю ў абдымкі беручы,
Дзённы клопат
Небам затуліла.
Мякка б'юцца ў ветравое шкло
Цені дрэў
У полымным убранні.
Шоргатам шляхі перамяло.
Дзе мы,—
За барамі, за марамі?
У планеты на якім плячы
Мы гарым пылінкай зіхатлівай?
— Стэфане,
Прыёмнік уключы.
Што гайдаюць ультрахваль прылівы?
У сусветным плавае віры
Незямной трывогі спарышынка.
Зорка доўга моргае ўгары —
Заляцела ў вока парушынка.
Гранітная чашма