На ўзлеску адшкадуе
Ялінку маладую —
I комін граў трубою,
Вітаў зіму журбою.
Чаму я пра Піліпа,
Веселуна з пасёлка,
Успомніў?
Смутак-клыпа
Ідзе здалёку золка.
Завея загалосіць
У незабытым краі,
Здаецца, спеў узносіць —
Піліп на скрыпцы грае...
Яблыні
Адны на лавачках ля муроў
I днююць, і вечаруюць.
А думкі днеюць там,
Ля двароў,
Сякуць ахрап'е, з поля кароў
Чакаюць,
На лехах шчыруюць.
А думкі ў госці ідуць
Да радні:
Кумы частуюць,
Клапоцяцца свацці.
Балюча ўспамінам —
Які ні крані.
Старыя яблыні,
Іх карані
Не прыжываюцца на асфальце.
Рунь
Яны ў вайне навечна засталіся,
Палі вайны засеяўшы сабой.
Палеглі за пагоркі,
За сталіцы.
Спакой
Рунее іхняю сяўбой.
У мірнае зямлі на далані
Балюча важыць
Зерне цішыні.
Халодны прытулак
Тых, што жылі
Пры бамбёжках і пры абстрэлах
I пасля,
Ад цішыні не аглухшы,
Выжылі,
Сынкі-пестункі ўладкоўваюць
У дамы прыстарэлых,
Дзе перад старымі крыўды
Перадкуюць выжламі.
Дзеткамі рай абяцаны
На самай мяжы з апраметнай —
Спачатку бацькоў
У горад вязуць з куфэркамі,
А пасля,
Атрымаўшы на іх дадатковыя метры,
Збываюць, як мэблю старую,
Каб інтэр'ер не кавэркала.
У дамах прыстарэлых
Сцены з бёрнаў абразы,
Столь з аглухлай тугі,
3 адчаю маснічыны.
Туды, як з блакады чэргі,
Далятаюць спагады фразы.
Там выбухам глушыць спакой —
Пасынак ласкі знішчанай.
* * *
Ці перспектыўнае сяло,
Дзе густа жыта каласіла,
Дзе нема гора галасіла,
Вяселле песнямі гуло?
Ці перспектыўнае сіло,
Што словам матчыным нашчадка
У палон адданасці няшчадна
Невынішчальнасцю ўзяло?
Ці перспектыўнае святло,
Што над калыскай заяснела,
Каб гадавала мару смела
Надзеі ранішняй жытло?
Ці перспектыўнае чало,
Што, зняўшы шапку-аблавушку,
Падпільнаваўшы думкі птушку,
Хмурнець ласкава пачало?
На ўсё,
Што будзе,
Што было,
Адкажа час без нашай спешкі,
Пакуль блуканняў нашых сцежкі
Знявагаю не замяло.
* * *
Хат болей, чым людзей.
Цямнее вечарамі,
I ціхі ўецца ўранні
Дым з комінаў радзей.
Галлём жыцця да дна
Пазагаціўшы гаці,
Дасюль у кожнай хаце
Яшчэ жыве вайна.
Жывыя вочы хат
Глядзяць праз пальцы дошчак,
Як скача босы дожджык
Па лехах наўздагад.
I хаты ў бабылі
Пайшлі б,
Ды моцна гэтак
Двароў,
Хлявоў,
Паветак
Трымаюць хатулі.
А галасы надзей
У даўнім перапудзе
Гукаюць:
— Дзе вы, людзі?!
Хат болей, чым людзей.
Былая вёска Аралля
Уціснулі спіны ў зямлю
Падмуркаў жалобныя крушні.
Тут страшна шаптацца быллю,
Здзічэламу сіверу скрушна.
Баяцца расці камяні —
Свой нораў зыначылі звыклы.
Тут толькі ўспамін схамяні,
Ускінуцца полымя іклы.
Ішоў Бай па сцяне
У чырвоным жупане.
Баіць ці не?
А можа, цемра агонь заглыне?
Баіць.
Няўжо не стоміцца куляў заедзь?
Баіць.
Чым апошнія хвілі бавіць,
Покуль сынок засне?
Агонь на сцяне.
Не-
ба,
Дзе ты?
У дыме — адно прасветы.
Табе дзірванець, Аралля.
Дзе сейбіты,
Дзе аратаі?
I з песні твайго жураўля
Вясна ні адна не вяртае.
А на араллі жураўлі
У песні хадзілі.
3-пад Кубліч
Вяселлі і ксціны гулі,
Стаеннікі дзятлінку скублі.