Выбрать главу

* * *

Свой дабрабытны спакой паляпваем, Спытацца ў сябе не адважымся мы: Няўжо застанецца белай плямаю На карце людской Пасля жоўтай чумы Белы чалавек?

Адказ на заўвагу з-за спіны

Са мною лацвей, Калі цемра начная,— На макаўцы ў дзень пераходзіць Прасвет. Дык, значыць, Я шлях асвятляць пачынаю Усім, хто за мною ступае услед.

Сябрам па рыфмах

Не спяшайцеся бранзавець — Надта ж золка зімою ў бронзе. У заяве па ўласнай просьбе Папрасіцеся пад павець,
Дзе яшчэ не дасох мурог, Як юначыя вашы вершы, Дзе бадлівыя міністэршы Мудра чэшуць аб шулу рог.
Не старайцеся бранзавець, Раю ўсім на поўным сур'ёзе. Не хадзіце па той дарозе, Дзе сустрэне пыхі мядзведзь.
I каго ўжо аблапіць ён, Дык палюбіць на поўныя кіпці. Над самімі ж сабою кпіце. Бронзавы аглушае звон!
Гулкі дужа бронзавы крок — Ні да вернай, ні да каханкі Не прайсці непачутаму — Ганкі Пошчак выдадуць наўзнарок.
Пачакайце, сябры, хоць ледзь — На зямлі яшчэ ўвобмаль бронзы. Да надзённай сыдзіце прозы. Не з рукі жывым бранзавець!

Пімену Панчанку

Верш ягоны з байцамі хадзіў у атакі. Звык паэт, лёгкай славай не абцяжараны, Махлярам паказаць, дзе зімуюць ракі, I сябрам падказаць, «Дзе начуе жаўранак»!

Да чытача

Я дзякуй сказаць хачу Цярпліваму чытачу, Які ад паэтаў чакае, Што горы салодкай маны Святлом пратунэляць яны...
Чаканне — Адказнасць цяжкая!

Пытанне аднаму паэту

Адна трывога ў чэрап б'е, Каб толькі на крыжы цябе Сусветнай славы распіналі. Задумайся ў журбе, Прыстой,— Чытаць унук ці будзе твой Цябе хоць у арыгінале?

Былым літсябрам

Анархісты сталі прамоўцамі, Не да прорваў — Баяцца канаў. Дзе б знайсці нам Ворага моцнага, Каб усіх нас наноў З'яднаў?!

Экспромт з выпадку

Паэзія, Што б ёй вякі ні гундосілі, Жагнае ілбы небасхілаў Каметамі. Паэт у эпохі — Сабака паддоследны, На ім правяраюцца Новыя метады!

Загоншчыкі славы

3 іх кожны не млявы, Рухавы, ласкавы— Не могуць без справы Загоншчыкі славы.
Наіўная казка Пра коціка ў ботах! Не тая закваска Пры новых турботах. I пыльна і гразка Пры пільных залётах. Скупейшая ласка I подых, як потых.
Калі літпазаддзе Сядзіць на пасадзе, Чытай у паглядзе, Кусаць дзе, Лізаць дзе! Нібыта ў абносках, У зносках цытатных, У кропках, у косках, У клічніках штатных!
Гайня маладая — Загоншчыкі славы. Язык выглядае, Як нож з-за халявы, Што масла намазвае, Вострыць алоўкі, Пад новымі назвамі Робіць шпаклёўкі. Закоціцца геній, I зоймецца новы, Клапотаў не меней — Нанова гатовы! Ідуць, як аблавы, Славы загоншчыкі. Растуць, як аб'явы, Для спрыту загончыкі.

Усмешкі-перасмешкі

Да спектакля купалаўцаў «Ажаніцца не журыцца»
Куплеты Саўкі
I ў Завыдране, і ў Рыме Цяжка зладзіць са старымі. Бо забылі за гадамі, Што яны рабілі самі. Як гулялі, Як кахалі, Як з чужых вакон скакалі.
Вы таксама прыгадайце, Маладым паспагадайце. Вы ж не толькі гледачамі Цёмнымі былі начамі. Вам паўнюткая святла Ночка цёмная была!