Як жыць з суседзямі
Ладзь з суседам чын па чыну,
Не давай для сваркі ўсчыну!
На спакой забудзься свой,
Загартуйся ў шуме, ў гаме,
Што ў цябе над галавой —
У суседа пад нагамі.
Столь табе,
Яму — падлога,
Не апала — дзякуй богу!
У суседа многа звестак
Пра зяцёў і пра нявестак.
Не чапайся — будзе горай,
Лепей ладзь
3 паклёпканторай!
Абысці суседа лепей ж.
Не яго —
Сябе зачэпіш!
Паклеп
Рот чужы не агарод,
Не паставіш гэткі плот,
Каб паклёпы і абразы
Не ўшукалі пералаза!
Пасылаў паклёп паклёпку
У дубовы гай па клёпку.
Будуць бочкі з клёпак тых,
Каб мана брадзіла ў іх,
Каб была чарней за дзёгаць,
Каб па ўсіх квачамі цёгаць!
Каму шапну па вушка,
Каму — ківок-намёк.
Мчы, плётка-пабягушка,
Па правадах, як ток.
Крычаць, бяруцца за чубы.
Мне што!
Мне весялей абы.
Хаця і хата з краю,
Я ўсім багата раю.
Песня Міхалкі
Надзець хамут хачу я —
Цягнуць сямейны воз,
Ды шыю маладую
Маю шкадуе лёс.
Для сэрца трэба згода,
Лагода — для душы.
Ды дзе ні глянь — выгода,
Гешэфты, барышы.
Гатоў узяць хоць сучку
Парой жаніх такі,
Каб толькі грошай кучку
Адсыпалі бацькі.
Каб як надыбаць зяця —
Дачка, сабе расці! —
Гатова нават маці
У водмаладзь пайсці.
Расці, дачушка, з мамай.
Шлях, зарастай быллём.
Хлапец у сіле самай
Звякуе бабылём.
Хоць вый ваўком у яме,
Хоць ганчаком брашы,
У хаце, ў сэрцы, ў краме —
Гешэфты, барышы.
Раманс Адэлі
Сэрцу цесна ў грудзях,
Быццам птушачцы ў клетцы.
На сцюдзёных вятрах
Хто яму адгукнецца?
I вяргіня адна
Без увагі завяне.
Гіне ў смутку вясна.
Сэрца прагне кахання.
У адчаі начэй
Сэрцу сніцца дарога.
Чуць бы сэрцу хутчэй
Грукат сэрца другога.
Як аб сценку гарох
Спадзяванні, чаканні.
Як цялушцы мурог,
Сэрцу трэба каханне.
Заручыны
Сціскае гора душу без жалю.
3 вяселля ўхабістая дарога.
Як заручалі,
Тады казалі,
Што ў свата кароў многа.
Як пайшла даіць —
Адзін бык стаіць
I той не доіцца.
3 якога боку быка даіць,
Парай, нядолечка,
Ці з хваста,
Ці з рог,
Ці з брыклівых ног?
Ох!
— Досыць Вам з дзяўчыны кпіць!
Ваша белая лілея
Недзе ў горадзе цвіце.
Вас зусім не разумею.
Чаравік не па пяце.
Куплеты Язэпа
Покуль спрытны,
Покуль дужы,
Для дачкі здабуду мужа.
3-пад зямлі дастану зяця.
Будзе свята ў нашай хаце!
Маю сувязі паўсюды —
Верыць дурань толькі ў цуды!
Дам у лапу — ціха будзе.
Зяця вылузаю ў людзі!
Для дачкі патрэбен муж,
Як для пана капялюш!
Хай жа бог дае Адэлі
I ў касцеле, і ў пасцелі!
Дуэт: Міхалка, Юлька
— Вы народжаны для раю,
Для карэт —
Не для карыт!
Вас у Мінск я забіраю
Паказаць належны спрыт.
— Ці не лепей разабрацца,
Што прыгнала Вас сюды?
Мне без Вас хапае працы,
Мне без Вас стае бяды!
— Цалавацца, мілавацца,
Мякка спаць,
Салодка піць —
Не цяжкая гэта праца.
Песня
Як прачнуліся пад плотам
Раніцою лапаць з ботам,
Стала кожнаму пара
Адшукаць гаспадара.
— У карчме мой зноў начуе,
Галавы, ні ног не чуе.
— Мой, напэўна, ў пэўнай пані
Адпаведным лістам вяне.
Кожны добры валацуга,
Ды без нас ім будзе туга.
Заявіў рашуча лапаць:
— Мне лягчэй скрыпець, чым плакаць.
Падтрымаў калегу бот:
— Шмат з гаспадаром турбот!
Заскакалі лапаць з ботам:
— Валацуг мы знойдзем потым!