Куплеты Юлькі
Мыць абрыдла лыжкі, міскі.
Мне па густу нораў мінскі!
Там пачнуць ламіцца ў дзверы
Кавалеры, афіцэры.
Чувакі там люба-міла
Учарнелі ад чарніла.
Чорны толькі кот не ў шчасце.
Чорны кавалер для страсці!
Шмотак імпартных да д'ядбла.
Там бы ў зрэб'і я не зябла!
Як завея ў кажухах,
Я б хадзіла ў жаніхах —
Барадатых, галамызых,
Бледных і насамі шызых.
Там талентаў, быццам маку:
Караткевіч,
Семяняка,
Вечна юны Лучанок —
Маладзёжны певунок.
Трыо: Язэп, Адэля, Міхалка
— Ветрагону многа чэсці,
Толькі хітрыкі наўме.
Як на кут не хочаш сесці,
Пасядзіш-такі ў турме.
Я ў хаўрусе з пракурорам,
Я ў газеты напішу.
Не ў каня, вядома, корам.
Дурню ўторкнулі душу!
— Бацькі добрага дачка,
Не пайду за вахлака.
За разяву не найду.
Лепей з моста ды ў ваду!
— Што палохаць пракурорам.
Вам тавар збываць свой сорам.
Маладому хлопцу нехаць
На старой кабыле ехаць!
Што мне пісаніна тая —
I газет я не чытаю!
Шэры гусь пралятаў
Песня
Шэры гусь пралятаў
Над прыціхлым балотам.
Пралятаў, гагатаў,
Чысціў пер'е чаротам.
Шэры гусь спадабаў
Маладую цяцеру.
Не ў гняздо завітаў,
А ў кацёл на вячэру.
Стрэл раптоўны сустрэў
Ціхім вечарам сінім.
Лісце падала з дрэў
Шэрым пер'ем гусіным.
Шэры гусь пралятаў
Над прыціхлым балотам.
Як вячэраю стаў,
Мы дазналіся потым!
Гагатаў ого-го,
Разганяючы скруху,
А цяпер ад яго
Ані пер'я, ні пуху!
Вяселле
Як надумаўся жаніцца,
Лось падаўся да лісіцы.
Толькі ліска
Ані блізка:
— У цябе ў кустах прапіска.
Як пасмеў прыйсці ты ў сваты,
Малады, а ўжо рагаты.
Да мяне забудзь дарогі —
Я й ваўку настаўлю рогі!
Лось рагаты,
Нежанаты
Ходзіць, быццам вінаваты.
Суседкі
— У чужых свіней лычы
Злыя!
— Лепей палічы
Зубы ты ва ўласным роце.
— Не вішчы свіннёю ў плоце!
— Я ў сваім гародзе — пані,
I парадак на двары.
— Боскі гнеў цябе дастане!
— Ты паменей гавары.
— Гнеў якраз мяне міне.
— Пуга плача па спіне!
Міхалка, Юлька, Мікіта:
— Гэты вусны,
Гэты вочы
Бачу днём
I сню я ўночы.
Гэты губы
Дзеля згубы.
Разважаць няма рахубы!
— Ах, пакіньце,
Ах, пакіньце,
Не па мне ўсе
Фіньці-міньці.
Я, паверце, не такая.
Пабягу — гарод чакае.
— Толькі б цапаць,
Толькі б лапаць.
— Ты дамоў кіруй свой лапаць.
Не для мэтлахаў авоські —
Лепш чашы ў абдымкі Зоські!
Сват
Што ты, сват, такі ляны —
Абдымаеш са спіны.
Прытуліся спераду —
Нарабі мне вераду.
Прытуліся спераду
Ды прыходзь у сераду.
I ў суботу, і ў чацвер,
I цяпер
Не спі ў каўнер!
Куплеты Зоські і Саўкі
Разам нашыя гароды,
Свінні ў нас адной пароды.
Хай вядуцца куры, свінні,
Хай разлад навекі згіне!
Хай жа нашыя бацькі
Не грызуцца як ваўкі!
Крык унучыкаў малых
Хай старым пацешыць слых!
Смаргонская акадэмія
Наравістая паэма
«Смаргонская акадэмія», жартоўная народная
назва промыслу лавіць і дрэсіраваць
мядзведзяў, заснаванага кн. Радзівіламі
ў 17 ст. ў Смаргоні (Гродзенская вобл.);
адна з школ бел. скамарохаў.