— А ты, сусед,
Стаў
Здароў,
Як заяц вясной.
На воўка памоўка,
А мядзведзь спадналуску...
Воўк гаўкнуць хацеў, ды зароў:
— Хачу пяяць,
Шэф раіў мой
Не налягаць
на закуску...
— Не жартуй з бядой!
— УЎ-УЎ-УЎ-УЎ-УЎ-УЎ-УЎ! —
Зацягнуў
На адзін лад
(Даўжэй за даклад грунтоўны!)
Пра ваўчыцу, пра лог...
Эпілог быў раптоўны
(Не паратоўны!),
Як і пралог.
Ні авечкі, ні воўны!
Вырвешся з лап —
Доўга ікаецца.
Храпа была б,
А кальцо адшукаецца!
VI.
Хадзіць прывабліва ў быках —
Рагатых кавалерах.
Як рэбраў абручы ў баках,
Не страшны шэры з шэрых!
Як сілу чуеш у рагах —
Не саступай з дарогі,
Пакуль абух не гахне (ггахх!),
Стой незалежна на таргах,
Не забрыталі б рогі.
Усё варочай дагары,
3 разгону бі,
3 нахрапу,
Пакуль яшчэ гаспадары
Кальцо не ўдзелі ў храпу.
Што бысю
Капыты мачыць,
Куды рагамі цэліцца?
3 кальцом у пысе
Бык маўчыць,
Ні мычыць,
Ні целіцца!
VII.
Тут не на раз маракаванне,
Тут трэба мець якраз меркаванне,
Ведаць,
Разведаць,
Што, як
І дзе.
Раз-
мер-
ка-
ван-
не
Ідзе!
Перад выпускам —
Не сягоння! —
Трэба лаўчыцца,
Можа ў зяцях ля Смаргоні
Пакінуць ваўчыца...
Кепскі дыплом,
I без сувязей,
Шэлег цана!
Не паможа апломб.
Мур не праб'еш ілбом,
Пойдзеш да цыгана!
Якія тут неслухі-дрыгуны
Мурашнікі перарылі?
Цікавяцца цыганы
Як прадстаўнікі перыферыі...
VIII.
Забудзь на валацуг,
Мець хочаш хоць павець —
За медзь
Скачы,
Мядзведзь,
Свой валачы ланцуг!
Лясная галава,
Не пад нараў у носе
Кальцо?
Аж цэлых два
Любая пані носіць!
Завуцца
завушніцы.
Ваўку кальцо й не сніцца!
Ды на цябе мядзведзіцы
Глядзяць і не нагледзяцца!
Хадзіў па вудыры,
Па шышкі да калод,
Цяпер павадыры
Сцыганілі прыход!
Б'е мядзяк па медзяку
Розна пажаданы:
На зязюльку —
Бедаку,
На крумкача —
Пану!
Дай, цішыня, паслухаць,
Ці не гром гручыць,
Мядзведжая паслуга
Цыгану ручыць!
Не скрыпка грае —
Цымбалы,
Не сваты едуць —
Цыганы!
3 цыганом — майсцер
Да чужых кайсцер!
IX.
— Насякаем жаронцы!
— Высцілаем под!
(Цыганскае сонца...
Цыганскі пот...)
Для цябе, дзеўка,
3-за пазухі прыпеўка:
— Цыган бацька, цыган я,
Улавілі салаўя.
Бацька ў пуню,
А я ў ток,
Бацьку ўбілі, а я ўцёк!
Загадка-свацця
I тут нос дзярэ:
— Цыганка ў хаце,
А цыцкі на дварэ (?).
А ў садзе яблыкі —
Цыганы,
Абтрасуць іх зяблікі,
Ці гані,
Ці не,—
Абтрасуць
I таму прынясуць
У чырвоным жупане,
Хто хутчэй засне...
Цыганё:
— А мне?
— Залез, паганё,—
Не спі ў гумне!
Малым пацеха!
Ад смеху
Не трэснуць ледзьве,
Дражняць мядзведзя:
— Мядзведзь, мядзведзь,
Не ўмеў сядзець,
Пакуль навучыўся,
Хадзіць забыўся...
На гора й сядун —
Дзіця.
Абы мядзведзь цыгану,
Шатун,
Хаця!
— Мядзведзь дзяліўся камаром,
Скупы падавіцца й вугром.
Сумна без навару жыць —
Ручку дай паваражыць!
Сумна, баця, жывяце:
Божкаеце, божкаеце.
А ўдалося ж сіраце,
З'ела курку ды з ножкамі —
Трапечацца ў жываце!