— Не ўцякай, дзедзя-лябедзя,
Пашыю футра з мядзведзя...
Мядзведзь,
Не злець,
Цярпець...
(Ледзь-ледзь!)
Палічыць бы па лычах
(У карчы — культуру!)
Дзеляць на тваіх плячах,
На мядзведжых, шкуру!
Не звязаў — не валачы,
Сам свае лычы лічы!
А з цябе,
3 тваёй каргі,
Хцівы чалавечак,
Ані чорту качаргі,
Ані богу свечак!
Ад Цярэшкі арэшкі
Хай хавае Цярэшка.
А ў лесе сцежкі!
Арол ці рэшка? —
Воўк варожыць на поўню,
Пазірае на пуню,
Уварваў — еш напоўню,
Лапу ссі, як сапуня...
Дзе буры лёг,
Там і бярлог.
Спі, пакуль пярун не падыме.
А тут чакай дубеючы,
Калі гаспадыня
Чаго прынясе.
Верабеечка —
У страсе,
Качан капусты — на лясе.
Абрыдла яму —
Ад хаты да хаты,
Ісці б па ламу
Да мядзведзіцы ў сваты!
У Смаргонь
Ці ў агонь —
Гэта ўсё адналькова.
3 сілы выб'ецца конь,
Не памогуць падковы.
Што Таптыгу старому
Толку з гэтай вучобы?
Хай пану — харомы,
Цэхмайстру — хваробы,
Медзвядзю — глушчоба!
Каб сабака разяваты
Падавіўся брохам!
Скамарох падаўся ў сваты —
Ты за скамарохам.
Як да Ганулі
Сваты шуганулі.
За кроснамі дзеўка
У адной кашулі.
— Чаму без спадніцы,
Дзе сватаў бохан?
— Спяць аканіцы,
Двор не абброхан.
— Галубка, дзе бацька,
Да кубка ласы?
— Паехаў для мяса закрасы.
— Дзе ж маці?
Ні квасу кварты,
Ні соладу...
— 3 учарашніх жартаў
Хварэе сёлета...
Як быў квас,
Не было вас,
А як засталіся адны квасіны,
Дык вас чэрці нананасілі!
(Дома не ўсе —
Відно ж.
Да красенцаў ні на панож,
А замуж як на нож...)
XII.
Цягні руку ў прыскрынак,
Ашчаднасці —
Капцы.
Адно саслоўе рынак:
На рынку — ўсе купцы!
Мяшчане,
Местачкоўцы,
Скрозь
Кожны нос суе.
Тут нават выпадкоўцы,
Заезджыя —
Свае!
Гаршкам не біцца —
Збыцца б!
Зіхцяць
Тузы-тазы.
Купца забрала,
Быццам
Казла за матузы.
Забрала, ўзяло.
Нутро загуло:
— Купіў бы сяло,
Ды грошай гало!
Дзядок далей закраўся
Ад бабчыных вачэй,
Скароміну-закрасу
Збыць наравіць
Хутчэй:
— Было трошачкі грашышкаў,
I тыя дзеўкам расшышкаў.
Кабета-працаўніца
(3-пад цёплых кажухоў)
Умее прыцаніцца
Да цёплых жаніхоў:
— I купіць бы купіла,
Ды згубіла купіла!
Скароміна не тая.
Ад загавін пашчу,
Як хлопца забрытаю —
Не скора адпушчу!
Не было мяса,
I хвост — не закраса.
Усім хапае часу
Пад'есці ў думках
Ласа.
— А па мне хоць сабачына,
Абы вочы не бачылі!
Заб'юць тут гакі-бакі.
Ах, вёска Старына!
Адтуль хітрэц сабаку
Прадаў за барана.
На сала не багаты —
Смяяўся стол за двух.
Кот
Пёр наўцёкі з хаты,
Сабачы ўчуўшы дух.
Прадаў аброць і колы —
I, сам сабе суддзя,
Спадар ужо вясёлы
Прыстаў да медзвядзя.
Заняты ён размовай —
Фатыгай разумовай.
— Ты выйшаў з пячоры
Учора.
Я сёння з бярлога,—
Нябога.
Ты гнеш перад панам
Свой карак з праклёнам,
Я з капелюхом абшарпаным
Перад табою з паклонам.
Не спяшайся ў абдоймы,
Ды звысака не глядзі:
Па-свойму
3 табою
Абое
Мы — медзвядзі.
Мы, чалавеча,
Падобны нечым.
Не смейся, рабе,
Будзе і табе!
XIII.
У Смаргоні дагаджай.
Называецца
Смаргонню
А таму так,
Што ўраджай
Родзіць
На адзін
сморг з гоні.
Медзвядзю вярста ці гоня,
Дужа розніцы тае.
Навучэнцы не ціхоні
3 Акадэміі яе.
Трапіш з лесу да Смаргоні,
Ясна, не для адпачынку.
Калі дзядзьку тут
3 морг гоні,
Неба медзвядзю —
3 аўчынку.
Хітра выдуманы роў
Для цэхмайстра —
дрэсіроўня,
Медзвядзю
раўсці ўсё роўна,
Так бы сам «прафесар» роў!
Навучэнцы не ціхоні.
I таму на ўзроўным фоне
Ва ўлюбёнцы выйшаў хутка
Ціхі медзвядзёк
Мірутка.