Тут час
Памыляецца ў днях,
Тут жах
Сам сябе карануе.
Па прысаку, па камянях
Адчай свой загон барануе.
* * *
Івану Роўбу
— Мама, я паслухаю шпакоў, -
Сын маленькі просіцца з падвала,
Дзе націнне ў жудасці падвяла,
Дзе ўцямнелы дзень шукае схоў.
Край лясны дажыў да саракоў,
I рака была разліцца рада,
Ды паслала выраю блакада
3 горламі жалезнымі шпакоў.
Ані ціхне іх свінцовы спеў —
Злосцю захлынаецца па лесе.
Рухнула страхою паднябессе.
Луг травой акрыцца не паспеў.
Кулямёты б'юць з усіх бакоў,
Гільзы непрастылыя дымяцца,
А малеча ціснецца да маці:
— Выпусці,
Паслухаю шпакоў.
Балада жаху
Жвірам аслепіць адчаю вока
Просьба малых да ката:
— Не засыпай зямлёю глыбока,
А то нас не знойдзе тата...
Размова па-партызанску
У лесу, азяблага партызана,
Пытаю:
— Колькі ў цябе ствалоў,
3 якіх ты можаш ударыць рана
Зялёным залпам?..
Апошніх слоў
Лес не даслухаў:
— 3 усіх ствалоў
Удару заўтра ж.
Зіму далоў!
Ветраў сон
Паклаўшы мех пусты пад галаву,
Сніць вецер
Стог, завеяны снягамі.
У сена маладзік
Залез з рагамі,
Яму крычыць хмурынка:
— Я плыву!..
Перазалее вецер да касцей,
Пацягнецца пад ранне,
Пустадомак,—
Сняжок з галін
Пасыплецца гусцей,
Па сухадолах —
Выстылых стадолах.
I доўга вытрасае цішыня
Начной трывогі крошкі
3 кішаня...
* * *
Уладзміру Кавалёнку
Мы толькі ходзім па зямлі;
А думкі нашыя ў нябёсах.
I Млечны Шлях,
Як вечны посах,
Відзён з туманнай араллі,
Каб не забыўся напамін,
Што зоры —
Нашых мар радзіма.
I зорамі вачэй глядзім мы
На зорны пыл былых сцяжын.
Па зорах вызначаем лёс,
Па зорах на зямлі варожым.
I трызнім даўнім падарожжам,
Якім нізрынуты з нябёс.
Перабіраюць нашы дні
Для памяці
Ружанец зораў,
I незямнога смутку жораў
Нас кліча ў вырай вышыні.
3 вайны
Вечны абразок
Пі горкую смела —
Вайна адгрымела.
Ный, скруха тупая,
На раны хапае
Чыгуначнага палатна.
Прыгруквалі колы:
— Да д-дна!
I чулі магнаты:
— Дукаты—дукаты!..
I чулі салдаты:
— Дахаты — дахаты!..
Круціліся колы,
Быў кожны вясёлы.
Вайна адсмылела
Чарговая,
А новая
Порах прыхоўвае...
* * *
Вышэла неба мараю Купалы,
Да зорак
Думку слала ўпершыню.
I навальніц гняўлівыя цымбалы
Будзілі перунамі цішыню.
I Коласавым клопатам раднела
Зямля,
Сыноў вяртаючы дамоў.
Ралля надзеі ранішняй
Рунела,
Ад бліскавіц чакаючы замоў.
Там далягляд,
Дзе да зямлі прыпала
На момант неба,
Блізкае здаля.
3 арламі неба мройнае —
Купала,
3 ратаем Колас —
Крэўная зямля.
Зямля гаворыць з небам
Курганамі,
Калыша неба зорку-немаўля.
Радзіма ў слова ёсць,
Пакуль вы з намі,
Купалы неба,
Коласа зямля!
Лясная паштоўка Генадзю Бураўкіну з першага снегу
Дабраў лістапад барышы,
I снежань над ім нахіліўся.
Ахапісты снег на галінах,
Як першы цяжар на душы.
Бялеюць завеі сляды,
Глушэюць далёкія крокі.
Надзённай трывогі сарокі
Вяшчуюць — ідуць халады.