А з полацкіх стольных бароў
Да полымнастволых ушацкіх
Вятры пачынаюць спяшацца,
Як некалі мы з вечароў.
Не ўгрэецца на сівярах
Твой шлях перазяблы да школы.
I позірк матулі вясёлы
Дагэтуль прыхмарвае страх:
А дзе ён, а як там сынок?
Надоўга дарогі забралі.
За горамі, ці за барамі,
Ці ў казцы смяецца званок?
Салодкае слова дамоў
Паволі ў гаркоце растане,
I ўрэшце настане расстанне,
Нібы цягнікоў ля Грамоў.
У станцыі ціхай адкуль
Імя навальнічнае гэта?
Тут наша нядаўняе лета
Развязвала смеху хатуль.
Ды сум ускуліла зіма,
Відаць, ненадоўга на плечы.
I рады мы кожнай сустрэчы,
Пакуль той апошняй
Няма...
* * *
Любуецца восень
Хусцінкай рудою.
Суседка ссівелая,
Як заінелая градка,
Мадоннай
Трымае перад сабою
Качанятка.
Нібы немаўлятка.
I мне, спавітая
Хрупаткою смугою,
Падміргвае хітра
Загадка:
«Сорак насавоў,
А ўсе без рукавоў?»
Не з пустымі рукамі
Вуліцу пераходзіць
Сарочыха.
Ласка мяне сустракае,
Смутак дамоў варочае?
Міколу Гусоўскаму
Класічны крой лацінскай апранахі
Хацеў стрымаць славянскі ўзмах рукі.
Начэлі догмаў сонныя манахі,
I каркалі анафемы крукі.
I слухаў Рым нячутай пушчы пахі,
Туровы гром, алені бег ракі.
Ляцелі ў вырай з Белай Русі птахі,
I ў вырай вечнасці — твае радкі.
Ты з год юначых меў талан на ловы,
Сіло латыні самі рвалі словы,
Ішлі ў Еўропу з годнасцю здалёк.
Каб дум раскутасць лёс не ўрок суровы,
Кужэльную кашулю роднай мовы
Ад забыцця замовіў васілёк.
Апошняя завея
Дастаўся дубу птах,
Пакуль вярба гавее.
Ва ўтульных Дубултах
Стараецца завея.
Як здзіў,
Застыў заліў
У белых выдмах-дзюнах.
Ваду недасаліў
Нептун у марах юных.
Балтыйскае цяпер
Завуць салодкім морам.
Салёнаму цярпець
Такі эпітэт — сорам.
Вясне душа баліць.
Мароз штодня лявее.
Усё хоча абяліць
Апошняя завея.
Абклалі ўвесь абшар
Сумёты хутарамі.
Чарнее камінар,
Як грак,
Што ўзяўся рана.
Прыбою-махляру
Цяплей ад успаміну.
Завея маляру
Дабельвае штаніну.
* * *
Паштовая скрынка
На прыстарэлай бярозе.
Калісьці лясістая
Зглухлая вёска Лясіны.
Хаціна пры самай дарозе.
Бяроза пры самым парозе.
Асенняга смутку скрыпка
Наўколле абгаласіла.
Чакаюць пяшчотна
Лістоў ад сыноў і дочак,
Вайну ўспамінаюць
Старыя, што тут засталіся.
На сэрцы ранні лядочак —
Скупы ад дзяцей радочак.
I ў скрынку ляцяць паштоўкі
Спагаднага жаўталісця...
3 вышыні самалёта
Унізе агні.
Чалавек такі,—
Якое б чорнае гора ні зеўрыла,
Нашчадзіць насенне агню праз вякі.
Жыццё ўсё — змаганне з цемраю.
Старая Рыга
Veca Riga —
Старая Рыга,
Вечная — ўдакладніць хачу.
Не здзівіўся б
Туроваму рыку,
Вулачку б саступіў рагачу.
Змоўкла
Вежа парахавая —
Палюбоўніца бога вайны.
Папрасі —
I перахавае
Ад зімы
Да вясны перуны.
3 навальніцамі
Процьму мелі
Тых размоў,
Дзе не ўчуеш слоў,
Зыркапёрыя дахі прыцьмелі,
Як абнылыя крылы арлоў.
Каб на Шлях перакінуцца
Млечны,
Тут жа
3 даху на дах ступаў,
Уцякаў ад паліцыі
Плекшан —
Той,
Што Янам Райнісам стаў.